Пяць фактаў пра новых палітвязняў Беларусі Фота
Суд Савецкага раёна Мінска 12 лютага 2020 года асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емельянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар ў гэты момант быў у суседнім скверы.
Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.
"Вясна" сабрала пяць цікавых фактаў па кейсу Мікіты Емельянава і Івана Комара: пра суд, палітычны складнік і іншыя.
1. Матэрыяльная шкода па гэтай справе склала менш за 2 BYN
Страты ад забруджвання «лампачкай з чырвонай фарбай» сцяны Мінгарсуда былі ацэненыя ў 143 рублі, але Мікіта Емельянаў іх адразу кампенсаваў, таму пазову суд не выстаўляў.
Шкоду, нанесеную адміністрацыйнаму корпусу СІЗА «шляхам кідання» кактэйляў Молатава, ацанілі ў 1 рубель 48 капеек. Адразу Івану Комару і Мікіту Емельянаву выставілі абвінавачанне па артыкулу 344 Крымінальнага кодэкса “Пашкоджанне гісторыка-культурнай каштоўнасці”. Але падчас судовага разбіральніцтва прадстаўніца СІЗА паведаміла, што на фасадзе будынку няма ніякай інфармацыі пра тое, што ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Адпаведная шыльда ёсць толькі ўнутры на «рэжымнай тэрыторыі». Акрамя гэтага, падчас суда ў адвакатаў Комара і Емельянава ўзнікла пытанне: ці можна лічыць асобныя дзверы будынку гісторыка-культурнай каштоўнасцю? Адказаць, калі дзверы былі зробленыя (то бок сучасныя яны або з XIX стагоддзя), прадстаўніца пазоўніка, то бок адміністрацыі СІЗА, так і не змагла.
У выніку суд перакваліфікаваў дзеянні хлопцаў на іншы артыкул — «Пашкоджанне маёмасці» (артыкул 218 Крымінальнага кодэкса).
2. Суд праходзіў ва ўмовах надзвычайных мераў бяспекі
Судовы працэс над Мікітай Емельянавым і Іванам Комарам доўжыся пяць дзён. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. Усе гэтыя дні ў судзе Савецкага раёна дзейнічалі ўзмоцненыя меры бяспекі. Прысутным, каб патрапіць у судовую залю, трэба было прайсці асабісты дагляд і дзве рамкі металадэтэктараў (на ўваходзе ў будынак і непасрэдна перад залай).
У першы дзень, піша “Белсат”, каля будынку суда дзяжурыў аўтазак, міліцэйскі мікрааўтобус і нарад АМАПа. У самім судзе было шмат міліцыянтаў у цывільным, якія вялі аператыўную відэаздымку. Міліцыянты, што канваіравалі анархістаў, былі апранутыя ў бранекамізэлькі.
3. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі
Восем праваабарончых арганізацый падпісаліся пад заявай аб прызнанні Івана Комара і Мікіты Емельянава палітычнымі зняволенымі. Яны лічаць, што анархістаў непрапарцыйна пакаралі ў сувязі з іх поглядамі і перакананнямі.
Праваабаронцы прыйшлі да такой высновы на падставе наступных фактаў:
- суд не праверыў належным чынам заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў, аб жорсткім абыходжанні і пагрозах катаваннямі;
- не была дадзеная належная ацэнка праведзеных у дачыненні да абвінавачанага Емяльянава аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія парушылі яго права не сведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката.
Гэта ў сукупнасці з іншымі парушэннямі правоў абвінавачаных сведчыць аб несправядлівым судовым разглядзе.
Таксама згодна з пазіцыяй праваабаронцаў, з улікам цяжкасці наступстваў зробленага, паводзінаў і дадзеных пра асобу абвінавачаных, меліся падставы прымянення да Емяльянава і Комара мераў крымінальнай адказнасці, не звязаных з пазбаўленнем волі, прадугледжаных санкцыямі адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
У заяве патрабуецца неадкладны перагляд прысудаў Мікіты Емяльянава і Івана Комара пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.
4. У падтрымку актывістаў падпісаліся больш за 200 журналістаў, культурных дзячаў і актывістаў
Грамадская супольнасць таксама лічыць, што Мікіту Емяльянаву і Івану Комару прызначылі празмерна жорсткае пакаранне, якое зʼяўляецца відавочна непрапарцыйным зробленаму. Больш за 200 беларускіх журналістаў, блогераў, фатографаў, мастакоў, акцёраў, пісьменнікаў, дызайнераў, актывістаў і іншых беларусаў падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных. У ім выказваецца нязгода з прысудам, вынесеным Мікіту Емяльянаву і Івану Комару.
Падпісанты ліста звяртаюць увагу на тое, што суд не праверыў заявы Комара пра прымус да дачы паказанняў, аб жорсткім абыходжанні і пагрозе катаваннямі, а таксама на тое, што было парушана права Емяльянава не сведчыць супраць сябе, а таксама карыстацца дапамогай адваката. Падпісанты гэтага ліста, як і праваабаронцы, патрабуюць неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Гэты ліст яго ініцыятыры даслалі ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Мінгарсуд. Адміністрацыя прэзідэнта перанакіравала ліст у пракуратуру.
5. Цяпер знаходзяцца на “Валадарцы”
Вядома, што Мікіта Емельянаў і Іван Комар абскарджваюць прысудсуда Савецкага раёна Мінска, бо нязгодныя з ім па шэрагу прычынаў. Пакуль дні разгляду касацыйных скаргаў у Мінскім гарадскім судзе яшчэ не прызначаныя. Да гэтага хлопцаў будуць утрымліваць ў Мінскім СІЗА-1 на Валадарскага.
Вызначэнне паняцця "палітычны вязень" Мікіта Емельянаў і Іван Комар — актывісты анархісцкага руху, асуджаныя 12.02.2019 года судом Ленінскага раёна г. Мінска да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Заява аб прызнанні палітвязнем Адрас: Валадарскага 2, СІЗА-1, 220030, Мінск |
"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць