viasna on patreon

Праваабаронцу непакоіць пытанне з адабраннем дзяцей у нядбайных сем’ях

2020 2020-03-30T11:15:59+0300 2020-04-01T12:20:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kapucki_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Капуцкі

Алесь Капуцкі

Праваабаронца з Маладэчна Алесь Капуцкі зрабіў чарговую спробу дамагчыся ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ініцыявання звароту ў Канстытуцыйны суд аб праверцы адпаведнасці нарматыўных актаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці артыкула 85/1 Кодэкса аб шлюбе і сям’і і Дэкрэта №18.

Адпаведны зварот днямі быў накіраваны дэпутатам. Дарэчы, ранейшыя звароты праваабаронцы да асобных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў заканчваліся адпіскамі. 

Праваабаронца канстатуе, што ў апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь пачасціліся выпадкі адабрання ў сям’і дзяцей на падставе рашэнняў несудовых органаў. Часам гэта прыводзіла да вельмі трагічных наступстваў, аж да суіцыдаў. Гэтаму спрыяюць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і і Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24.11.2006 г. «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях.

Так, арт. 85/1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і абвяшчае:

«У выпадку калі ўстаноўлена, што бацькі (адзіны з бацькоў) вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця, з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі або наркаманамі ці іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзіцяці, у сувязі з чым яно знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, камісія па справах непаўналетніх раённага, гарадскога выканаўчага камітэта, мясцовай адміністрацыі раёна ў горадзе па месцы знаходжання дзіцяці ў трохдзённы тэрмін прымае рашэнне аб прызнанні дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аб адабранні дзіцяці ў бацькоў (адзінага з бацькоў), устанаўленні яму статусу дзіцяці, якое засталося без апекавання бацькоў, аб змяшчэнні дзіцяці на дзяржаўнае забеспячэнне (далей – рашэнне аб адабранні дзіцяці)".

У той жа час, згодна з ч.4 арт. 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь «Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў».

Аб гэтым жа кажа і ч.1 ст.9 Канвенцыі ААН об правах дзіцяці:

«Дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць, каб дзіця не разлучалася са сваімі бацькамі насуперак іх жадання, за выключэннем выпадкаў, калі кампетэнтныя органы, згодна судовага рашэння, вызначаюць у адпаведнасці з прымяняльным законам і працэдурамі, што такое разлучэнне неабходна ў найлепшых інтарэсах дзіцяці. Такое вызначэнне можа аказацца неабходным у тым ці іншым канкрэтным выпадку, напрыклад, калі бацькі жорстка абыходзяцца з дзіцем ці не клапоцяцца аб ім, або калі бацькі пражываюць паасобна і неабходна прыняць рашэнне адносна месца пражывання дзіцяці».

Алесь Капуцкі звяртаецца да дэпутатаў з просьбаю ініцыяваць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняцце звароту ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы на адпаведнасць артыкула 85/1 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 ад 24.11.2006 г.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства