Месяц судоў над блогерамі і журналістамі. Адміністрацыйны пераслед у сакавіку (інфаграфіка)
Пасля зімы, якая адзначылася рэкорднай за апошнія два гады колькасцю судоў і штрафаў над грамадскімі актывістамі, у сакавіку назіраўся спад колькасці рэпрэсій. Улады амаль не прыцягвалі людзей да адказнасці за рэалізацыю свайго права на мірныя сходы. Аднак у гэты час вызначыліся іншыя негатыўныя тэндэнцыі – узмацненне рэпрэсій супраць незалежных журналістаў і аднаўленне практыкі адвольных затрыманняў. Таксама працягваецца пераслед блогераў.
Па дадзеных праваабаронцаў, у сакавіку некалькі разоў актывістаў і журналістаў затрымлівалі без відавочнай прычыны, а затым адпускалі без складання пратаколу. Так, увечера 18 сакавіка міліцыянты затрымалі лідэра “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча, пратрымалі яго ў пастарунку каля гадзіны, затым адпусцілі. Падчас гутаркі распытвалі пра яго планы на Дзень волі. Таксама на нядоўгі час падчас працы затрымлівалі карэспандэнта “Белсату” Станіслава Івашкевіча. Іншага журналіста гэтага тэлеканалу – Міхася Аршынскага – затрымалі каля яго дому і адвезлі ў РАУС, каб скласці пратакол за незаконнкую журналісцкую дзейнасць.
Агульная колькасць судоў па адміністрацыйных артыкулах супраць актывістаў і журналістаў за сакавік – 12. Агульная сума атрыманых штрафаў - 265 базавых велічынь (7155 рублёў). Таксама 15 сутак арышту атрымаў блогер Уладзімір Цыгановіч (MozgOn) за заклікі ў інтэрнэце прыйсці на сустрэчу да “Белнафтахіму”.
10 з 12 судовых працэсаў у сакавіку былі ў дачыненні да блогераў ці незалежных журналістаў. У Магілёве, дзе цягам усяго 2019 года зафіксаваны толькі адзін выпадак выкарыстання адміністрацыйных артыкулаў для пераследу актывістаў, за сакавік ажно 5 разоў каралі штрафамі незалежных журналістаў. За працу без акрэдытацыі і супрацу з “Белсатам” (парушэнне артыкулу 22.9 КаАП) мясцовыя журналісты Аліна Скрэбунова атрымала 2700 рублёў штрафу, Аляксандр Сідарэўскі – 1350 рублёў, Дар’я Чульцова – 675 рублёў, Міхась Аршынскі – 540 рублёў штрафу.
Па атрыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) ў гэтым месяцы судзілі блогераў Уладзіміра Цыгановіча (MozgOn) і Уладзіміра Няронскага (“Краіна для жыцця”, Слуцк). Абодвух пакаралі за арганізацыю сустрэч з падпісантамі, якія былі расцэнены ўладамі як масавыя мерапрыемствы. Няронскі атрымаў 540 рублёў штрафу, а Цыгановічу прысудзілі 15 сутак.
Блогерку з Віцебску Вольгу Жураўскую асудзілі за відэаздымкі ў лякарні па артыкуле за “дробнае хуліганства” (17.1 КаАП). Па гэтым жа артыкуле спрабавалі асудзіць актывіста і журналіста Мікалая Дзядка. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта намаляваў графіці на сцяне інтэрнату. Але з-за нестыковак справу накіравалі на дапрцоўку.
Для пераследу па палітычных матывах працягваецца выкарыстоўванне артыкулаў аб распаўсюдзе экстрэмізму (17.11 КаАП) і нацысцкай сімволікі (17.10 КаАП). У Гомелі Ігара Мазейку асудзілі па артыкуле 17.10 КаАП за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы відэа “Лукашэнка пра Гітлера”, дзе выкарыстоўваўся сцяг Трэцяга рэйху. А ў Мазыры ажно чатыры разы перапісвалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў на старшыню мясцовай філіі “Руху за Свабоду” Рыгора Крывіцкага.
Больш падрабязна - у "Базе дадзеных адміністрацыйнага пераследу".
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96