viasna on patreon

Віцебскую блогерку аштрафавалі за відэаролік, як бяруць тэсты на каранавірус

2020 2020-03-31T12:42:32+0300 2020-04-01T12:17:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2020-03-30_lipka_zhurauskaja_f2-833x400.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 30 сакавіка аштрафавалі відэаблогерку ютуб-канала "Снимать разрешено" Вольгу Жураўскую за тое, што яна здымала, як бяруць тэсты на каранавірус у Віцебскім супрацьсухотным дыспансеры.

2020-03-30_lipka_zhurauskaja_f2-833x400.
Віцебская блогерка Вольга Жураўская. Фота: "Радыё Рацыя"

Згодна з пратаколам "Вольга Жураўская 13 сакавіка, знаходжыся ў кабінеце забору аналізаў Віцебскага супрацьсухотнага дыспансера, ажыццяўляла ў кабінеце лекара відэаздымкі без дазволу адміністрацыі ўстановы, на заўвагі спыніць відэаздымку не рэагавала, уступіла ў слоўную перапалку з медыцынскімі работнікамі, замінала прыёму грамадзян, чым парушыла грамадскі парадак і дзейнасць дадзенай установы аховы здароўя, выказваючы відавочную непавагу да грамадства".

Заяву ў міліцыю на Вольгу Жураўскую напісаў лекар, які праводзіў прыём. На ютуб-канале "Здымаць дазволена" размешчаны запіс судовага працэсу.

Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў яе вінаватай па артыкуле 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Блогерка патлумачыла ў судзе, што яна здымае ў бальніцах свой прыём, каб пазбегнуць у далейшым спрэчных сітуацый з нагоды медыцынскага абслугоўвання, і не бачыць у гэтым нічога супрацьзаконнага.

Яна прывяла на аналіз свайго сына, які дрэнна сябе адчуваў, а ў нядаўнім мінулым кантактаваў з хворым.

"Здымала яна найперш свайго сына, але з інфармацыйнымі мэтамі. Па паказаннях вяла туды хлопца свайго, і паколькі ў нас няма інфармацыі пра каронавірус у краіне, яна хацела зняць, як адбываецца прыём, як праводзяць аналіз. Каб данесці інфармацыю, запытацца ў лекара, што да чаго, што рабіць, што трэба…" – распавяла "Радыё Рацыя" віцебская блогерка Алена Янушкоўская, якая прысутнічала на судовым працэсе.

Вольга Жураўская пасля суда пракаментавала ютуб-каналу "Настоящая Беларусь!":

"Я лічу, што гэта ціск на блогераў. Людзей, якія маюць сваё меркаванне і кажуць у адкрытую, не хаваючыся, прымушаюць любымі спосабамі замаўчаць".

Праваабаронцы: Найлепшая абарона ад фэйкаў і панікі — праўдзівая своечасовая інфармацыя

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" звярнулася да Міністэрства аховы здароўя з заявай аб неабходнасці прадастаўлення аператыўнай і дакладнай інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства