viasna on patreon

Канфіскаваная міліцыяй гітара была прызнаная безгаспадарнай яшчэ ў 2017 годзе. Але высветлілася гэта толькі ў судзе

2020 2020-04-06T16:41:15+0300 2020-04-14T11:15:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viachaslau_ch.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Ч. у судзе

Вячаслаў Ч. у судзе

Гісторыя з вяртаннем гітары музыкі Вячаслава Ч. атрымала працяг падчас разгляду грамадзянскага пазову ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 1 красавіка.

Нагадаем, музычны інструмент – японская бас-гітара ESP Horison BASS – быў канфіскаваны ў Вячаслава падчас міліцэйскага рэйду ў жніўні 2015 г. Тады супрацоўнікі АМАП сарвалі музычны фестываль у Ратамцы: усіх прысутных затрымлівалі, а ў музыкаў забралі ўсю апаратуру і інструменты.

Вячаслаў Ч. з дапамогай юрыстаў "Вясны" звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць рашэнне Мінскага райвыканкама ад 4 ліпеня 2017 г. аб перадачы яго музычнага інструмента Сянніцкаму Цэнтру культуры незаконным, якое істотным чынам ушчамляе яго права ўласнасці на інструмент, а таксама парушаючым яго права на свабоду творчага самавыяўлення (арт. 51 Канстытуцыі).

Вярніце гітару! Музыкант падаў у суд на Мінрайвыканкам

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся музыкант Вячаслаў, у якога падчас канцэрту яшчэ ў 2015 годзе міліцыя забрала бас-гітару, але да гэтага часу яе так і не вярнула.

У судовым пасяджэнні музыка растлумачыў, што гітара не з'яўлялася сродкам здзяйснення якога-небудзь супрацьпраўнага дзеяння, на яго нават не складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а проста адпусцілі з Ждановіцкага РАУС праз дзве гадзіны пасля затрымання. Такім чынам, канфіскацыя і наступнае адчужэнне гітары, на думку Вячаслава, з'яўляецца незаконным.

У судзе старшынствуючы па справе Аляксей Мігурскі вельмі падрабязна распытваў Вячаслава пра абставіны канфіскацыі гітары. Калі ж слова было прадастаўлена другому боку, высветлілася, што прадстаўніца Сянніцкага цэнтра культуры ў судовае пасяджэнне прыйшла без даверанасці, а прадстаўнікі Мінскага райвыканкама і зусім не з'явіліся.

У судовым пасяджэнні быў абвешчаны перапынак: суддзя Аляксей Мігурскі звязаўся з Мінскім райвыканкамам, каб у суд прадставілі рашэнне аб перадачы гітары ў Сеніцкі цэнтр культуры.

Супрацоўнікі райвыканкама па электроннай пошце пераслалі ў суд свае пярэчанні на пазоў, рашэнне аб перадачы гітары ў дом культуры, а таксама рашэнне суда Мінскага раёна аб прызнанні канфіскаванай гітары безгаспадарнай маёмасцю і перадачы яго ва ўласнасць Мінскага райвыканкама. Рашэнне суда было прынята яшчэ 25 траўня 2017 года.

Пасля гэтага суддзя Аляксей Мігурскі абвясціў перапынак у працэсе да 23 красавіка.

Як такое магло адбыцца і што ў такім выпадку неабходна прадпрымаць, каментуе юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка:

lojka_l_mini.png

"У прынцыпе гэтая гісторыя паказвае, наколькі зыбкімі з'яўляюцца многія правы нашых грамадзянаў у дзяржаве.

У мяне з самага пачатку паўстала пытанне: а вось у суддзі, які выносіў рашэнне аб прызнанні гітары безгаспадарнай, на чым наогул выбудоўвалася ўнутранае перакананне аб тым, што яе можна вось так вось узяць і перадаць дзяржаве (Мінрайвыканкаму) ва ўласнасць?!"

Юрыст адзначае, што ў дадзеным выпадку нават тэрмін набываўчай даўнасці на рухомую рэч не прайшоў, які складае пяць гадоў, згодна з пунктам 1 артыкула 235 Грамадзянскага кодэкса.

"Калі далей задумвацца, то ўзнікае пытанне да суду: у сілу якой нормы права гітара стала безгаспадарнай, улічваючы, што ўласнік рэчы быў вядомы і ад яе не адмаўляўся? Бо адразу ж пасля затрымання быў пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да ўсіх затрыманых, які потым спынілі – усе звесткі аб уласніку музычнага інструмента ў дзяржаўнага органа былі ў распараджэнні.

Усё гэта мы будзем выкладаць у нагляднай скарзе на рашэнне суда Мінскага раёна аб прызнанні гітары безгаспадарнай. Тут узнікае шэраг цяжкасцяў, звязаных з атрыманнем копіі рашэння суда на рукі, а таксама з абгрунтаваннем таго, чаму мы не абскардзілі рашэнне суда раней, але раз ужо пачалі вяртаць гітару, то будзем ісці да канца", – рэзюмуе юрыст.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства