viasna on patreon

Дар’я Рублеўская пра каранавірус, людзей Йеці і свае трывогі. Частка 1 Фота

2020 2020-04-06T19:33:22+0300 2020-04-06T20:01:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rubleuskaja-001.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар'я Рублеўская.

Дар'я Рублеўская.

Дар’я Рублеўская, асістэнтка каардынатара адукацыйна-асветніцкіх праграм Беларускай праваабарончай школы, адчула сябе прыхварэлай і звярнулася ў “хуткую”. Нечакана для сябе яна стала кантактам другога ўзроўню, а затым і першага. Свае прыгоды ў лякарнях, апасенні і перажыванні Даша апісвае ў сваіх пастах у сацыяльных сетках і пагадзілася падрабязна распавядаць пра сваё "новае жыццё" пад час пандэміі СОVID19 нашаму сайту.

Перадгісторыя: 2 - 4 красавіка

Чатыры дні таму я вырашыла выклікаць “хуткую”, бо прыкладна з тыдзень адчувала боль у грудзях і спіне ў раёне лапатак, быў сухі кашаль. Я амаль не магла глыбока ўздыхнуць, тэмпература трымалася на 37 градусах. Да гэтага я намагалася прытрымлівацца самаізаляцыі і ўсяго некалькі разоў выходзіла з кватэры, але ўсё ж хвалявалася, што нешта непрыемнае такі залезла ў мае лёгкія.

“Хуткая” прыехала праз гадзіну. За гэты час я сабрала неабходныя рэчы, бо амаль дакладна разумела, што мяне забяруць на тэставанне - сімптомы відавочныя. Хвалявалася, але разумела, што так будзе нават лепей: буду пад наглядам і з усімі патрэбнымі лекамі.

Лекар быў падобны на Йеці: увесь у белым касцюме з тканіны, якой бабуля, падаецца, накрывала парасткі гуркоў. На вачах - вялікія сноўбардысцкія акуляры, якія хутка запацелі і лекару было досыць складана запаўняць неабходныя дакументы для перадачы мяне на шпіталізацыю.

- Лёгкие чистые, пневмонии нет. Предварительно - острая вирусная инфекция, но тест на коронавирус сделать всё-таки нужно.

Захапіла свае торбы з рэчамі на 2 тыдні (так сказаў лекар і я спадзяюся, што гэта не будзе прароцтвам), развіталася з пакінутай дыпломнай працай і пакрочыла ў машыну “хуткай”. Разгаварылася па дарозе з лекарам: кажа, што кожная “хуткая” зараз робіць прыкладна 2-3 выязды з улікам таго, што на агляд кожнага/ай пацыента/кі сыходзіць прыкладна 40 хвілін, потым афармленне ў шпіталь 30-40 хвілін і мыйня машыны, дэзынфекцыя вопраткі і ўсяго абсталявання з улікам чаргі.

Мяне “размеркавалі” у скурна-венералагічны дыспансэр на Прылукскай. З нядаўніх часоў яго перапрафілявалі ў кантактны цэнтр (пункт), зараз сюды прывозяць людзей з сімптомамі каронавірусу, альбо тых, хто кантактаваў з хворымі. Тут ім робяць тэсты на каронавірус: у выпадку станоўчага выніку чалавека ў капсуле адвозяць у інфекцыйную лякарню, адмоўнага - адпускаюць дамоў.

Таблеткі: супрацьвірусныя, антыбіётыкі, ад кашлю і павышаючыя гемаглабін.
Таблеткі: супрацьвірусныя, антыбіётыкі, ад кашлю і павышаючыя гемаглабін.

Прыёмнае аддзяленне. Медсястра, санітарка, лекар – у такіх жа касцюмах Йеці, што і лекар на “хуткай”. Змералі тэмпературу бескантактным градуснікам, спыталі, ці не ўкраінскага я грамадзянства. У прыёмным аддзяленні працуе канвеер, бо “хуткія” стаяць у чарзе адна за адной. Дакладна ніхто асабліва не распытвае пра сімптомы, хутка адпраўляюць на пэўны паверх. Там мне сустрэўся вельмі дзіўны лекар, які выглядаў у прыспушчанай масцы і ў звычайным белым халаціку ва ўсёй гэтай абстаноўцы нібы голы Адам. Ён уважліва распытаў, як я сябе адчуваю, а потым дадаў, што “ніякага каронавірусу няма, гэта распіяраная і разрэкламаваная рэч, а ўсё гэта мы ўжо перажывалі”.  Іншы медперсанал у гэты час закаціў вочы.

Далей - палата. Блок: дзве палаты на 4 чалавекі і на 2, агульны тамбур-калідорчык, прыбіральня і душавая. У маёй палаце апынуліся 64-гадовая Валянціна, якая вярнулася з Масквы з высокай тэмпературай і моцным кашлем, дзяўчына-медык ІІ кантакту і жанчына, якая вярнулася з Дубая таксама з тэмпературай. Мы паступілі ў адзін дзень, нам адразу зрабілі тэст на каранавірус і сказалі чакаць. Чакаць у палаце, дзе не было антысептыкаў, адлегласць паміж ложкамі 50-70 см і адмаўляюць у пітной вадзе (маўляў, прасіце сваякоў перадаваць праз перадачкі).

А што медперсанал?

Некаторыя нас цураліся так, нібыта мы хворыя на чуму. Я разумею, што мы ўсе баімся і што разумна медперсанал прадпрымае меры бяспекі, але часам гэта заходзіць за межы. У такія моманты адчуваеш сябе чалавекам без годнасці. Некаторыя жартавалі і шчыра размаўлялі з намі, але такіх выключная меншасць. Бачна, што ўсе хвалююцца. І што ўсе вельмі стаміліся.

rubleuskaja-002.jpg
Адлегласць паміж ложкамі ў той палаце, дзе я апынулася з хворай. Відавочна, не метр і не паўтары.

На наступны дзень пасля паступлення а 12 начы у палату забегла медсястра і спытала ў Валянціны нумар тэлефона. Праз пару хвілін ёй патэлілі з санэпідэмстанцыі і паведамілі аб станоўчым выніку тэсту, пачалі збіраць кантакты першага ўзроўню. Ёй сказалі збіраць рэчы ў 10 лякарню, паколькі інфекцыйны шпіталь на Крапоткіна запоўнены.

Праз хвілін 15 забегла тая ж медсястра забегла ізноў і загадала Валянціне забіраць рэчы і сыходзіць у іншы пакой. Нам ніхто нічога не казаў, ні слова.

“Девочки, подождите, я ничего не могу сказать”.

У чаканні хаця б нейкай інфармацыі – а што з намі? - мы правялі 2 гадзіны. Нерваваліся, панікавалі, не знаходзілі сабе месца. Пры гэтым знаходзіліся ў пакоі, дзе не прадэзінфікавалі, не змянілі бялізну на ложку Валянціны, не выдалі нам ні кроплі антысептыка. Заставалася толькі ўкласціся спаць, каб хоць неяк супакоіцца. Але не далі і паспаць: а 3 гадзіны начы нас паднялі і сказалі збіраць рэчы. Куды і навошта нас пераводзяць ці перавозяць – нам нічога ніхто не казаў.

Такім чынам я і яшчэ 4 жанчыны сталі кантактамі першага ўзроўню з іранічнымі адмоўнымі ўласнымі тэстамі на каронавірус да камунікацыі з Валянцінай, якая больш за ўсіх хвалявалася, што мы можам яе заразіць.

Працяг будзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства