viasna on patreon

У Мазыры спынілі справу аб экстрэмізме супраць кіраўніка мясцовага "Руху за Свабоду"

2020 2020-04-29T13:57:59+0300 2020-04-29T13:58:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kryvicki-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Крывіцкі. Фота: Палеская Вясна.

Рыгор Крывіцкі. Фота: Палеская Вясна.

У Мазыры спынена адміністрацыйная справа аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў супраць кіраўніка мясцовага аддзялення "Руху за Cвабоду" Рыгора Крывіцкага. Пасля двух месяцаў спробаў прыцягнуць актывіста да адказнасці міліцыя так і не даказала яго віну, паведамляе palesse.press.

Рыгор Крывіцкі атрымаў паведамленне з Мазырскага РАУС пра тое, што адміністрацыйны працэс па артыкуле 17.11 КаАП спынены ў сувязі з недаказанасцю віны фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.  

Да таго ўчастковы Мазырскага РАУС капітан міліцыі Сяргей Марціновіч ажно чатыры разы складаў пратакол на Рыгора Крывіцкага. Больш таго, пасля другой спробы складання пратакола яшчэ ў лютым справа ўжо была накіраваная на разгляд у суд. Але суд тады вярнуў яе на дапрацоўку назад у РАУС. Пасля гэтага Сяргей Марціновіч яшчэ двойчы апытваў Рыгора Крывіцкага і складаў па новаму пратаколу. А ў выніку, як аказалася, віна Крывіцкага не даказаная і адміністрацыйны працэс спынены. Атрымліваецца, што капітан міліцыі складаў пратаколы, не даследаваўшы доказы і паспешліва абвінавачваючы Крывіцкага ў здзяйсненні правапарушэння, якое ён не здзяйсняў.

«Я два гады таму перапосціў на сваю старонку ў Фэйсбуку матэрыял пра тое, як над адным з удзельнікаў анархісцкага руху здзекваліся ў міліцэйскім пастарунку. Я проста спачатку не меў часу падрабязна яго пачытаць і хацеў гэта зрабіць пазней, для таго і пакінуў на сваёй старонцы. У ім я не бачу нічога экстрэмісцкага. І гэтая ваўтузня са спробай прыцягнуць мяне за гэта да адказнасці нібыта за экстрэмізм, на мой погляд, ні што іншае, як жаданне ўлады выбіць мясцовых актывістаў з удзелу ў кампаніі па выбарах прэзідэнта, якая мае адбыцца неўзабаве. Бо два апошнія разы капітан Марціновіч больш распытваў мяне не пра гэты міфічны “экстрэмізм” і анархістаў, а пра тое, ці збіраюся я ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і ў якасці каго. Участковы, хутчэй за ўсё, атрымаў заданне з іншага органа і так нязграбна спрабаваў яго выканаць, што стварыў сапраўды камічную сітуацыю», – падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Рыгор Крывіцкі.

На кіраўніка мазырскага “Руху за Свабоду” чатыры разы перапісвалі пратакол за экстрэмізм

Кіраўнік мазырскага аддзялення "Руху за Свабоду" Рыгор Крывіцкі ўжо стаміўся ад шматлікіх перапісванняў пратакола, у якім мясцовыя міліцыянты спрабуюць абвінаваціць яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкула 17.11 КаАП.

Кіраўнік мазырскай філіі ПЦ «Вясна» Уладзімір Целяпун, які дапамагаў Крывіцкаму складаць скаргі, лічыць, што гэтая справа – найлепшая ілюстрацыя таго, як улады ўцягваюць мясцовую міліцыю займацца палітычным пераследам актывістаў. 

«Акрамя таго, гэтая справа паказала, наколькі юрыдычна непісьменна і непрафесійна працуюць нашыя міліцыянты. Калі б яны былі незалежныя і прафесійна здольныя, яны б адразу, атрымаўшы матэрыялы з адпаведных дзяржорганаў, вывучыўшы іх, правёўшы праверку, адказалі б тым органам, што доказаў здзяйснення Крывіцкім правапарушэння не знойдзена, і вынеслі б пастанову аб спыненні працэса, а не складалі б чатыры разы пратаколы. Але ж той жа капітан Марціновіч захацеў здацца рахманым і паслухмяным выканаўцам бязглуздых загадаў з органаў, надзеленых большай вагой у дзяржаўнай сістэме, чым міліцыя. А ў выніку аказаўся героем камічнага серыялу, вартым спачування». 


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства