viasna on patreon

У Гродне затрымалі блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў. Спіс абнаўляецца Дапоўнена

2020 2020-05-30T20:27:00+0300 2020-05-30T20:55:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cihan_hrodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сустрэча з Сяргеем Ціханоўскім у Гродне

Сустрэча з Сяргеем Ціханоўскім у Гродне

Падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі. Таксама верагодна затрыманы людзі з каманды праекту "Краіна для жыцця".

Затрыманне адбылося каля 8 вечара. Спачатку да Ціханоўскага падышлі жанчыны і сталі задаваць яму правакацыцныя пытанні і чапаць яго за адзенне. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны ўсё роўна даганялі яго. Затым падышлі два міліцыянты, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Затым раптоўна на зямлю ўпаў адзін з міліцыянтаў.

Скрыншот з відэатрансляцыі
Скрыншот з відэатрансляцыі

Неўзабаве з'явіўся АМАП і затрымаў блогера. 

Таксама дакладна разам з ім затрыманы аператар канала "Belarus12stop".

Анатоль Кудласевіч, які ездзіў па гарадах разам з блогерам, распавядае, што акрамя Ціханоўскага і аператара затрыманы яшчэ Зміцер Фурманаў - адміністратар тэлеграм-канала "Краіна для жыцця", удзельнік ініцыятыўнай групы Ціханоўскага. 

Відавочца распавядае пра затрыманне Фурманава: "Чатыры чалавекі ў цывільным падляцелі да яго ззаду, калі той сядзеў за сталом, схапілі за рукі і за ногі і пацягнулі ў сквер"

Абураныя людзі спрабавалі спыніць мікрааўтобусы сілавікоў. Затым яны пайшлі да РАУСа, куды верагодна павезлі затрыманых.

Людзі спрабуюць спыніць мікрааўтобус. Фота hrodna.life
Людзі спрабуюць спыніць мікрааўтобус. Фота hrodna.life

Прыкладна ў 21.30 у РАУС актывісту Мікалаю Саляніку паведамілі, што затрымана агулам 10 чалавек. У дадзены момант ідзе разбіральніцтва, а затрыманых развезлі па розных РАУСах горада. Салянік заклікае людзей разыходзіцца да пасля 22.00, каб не парушаць заканадаўства аб выбарах і не даваць падставы для зняцця Святланы Ціханоўскай з выбараў.

Ранкам наступнага дня, 30 траўня, каля будынку УУС аблвыканкаму быў затрыманы Мікалай Салянік. Салянік пайшоў туды, каб зноў паспрабаваць даведацца, дзе Ціханоўскі і астатнія затрыманыя. Актывісту сказалі, што супраць яго - Саляніка - вядзецца адміністрацыйная справа, а затым пасадзілі ў бус. Тэлефон актывіста недасяжны.

Як стала вядома "Радыё Свабода", Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычніцкага РАУС у Гродне. Таксама тут утрымліваюць Зміцера Фурманава, каардынатара штабу Святланы Ціханоўскай па Гарадзенскай вобласці​.

Таксама "Свабода" паведамляе пра затрыманне Яўгена Разнічэнкі, удзельніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Ён быў затрыманы ўначы. Сувязь з ім знікла каля 1-й гадзіны ночы. Раніцай 30 траўня карэспандэнты "Свабоды" пабачылі, як Рэзнічэнку прывезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Горадні ў міліцэйскай машыны.

Спіс затрыманых у Гродне 29 і 30 траўня:

  • Ціханоўскі Сяргей
  • Фурманаў Зміцер
  • Салянік Мікалай
  • Разнічэнка Яўген
  • Джыоеў Руслан
  • Бакіноўскі Станіслаў - яму стала дрэнна пасля затрымання, таму яго адвезлі ў кардыялагічны дыспансер. Па стане на 10.30 30 траўня ён знаходзіцца там у рэанімацыі. За ім сочыць міліцыя.
  • Аляксандр - кіроўца з каманды Ціханоўскага (прозвішча высвятляецца) 
  • Сяргей - таксама з каманды Ціханоўскага (прозвішча высвятляецца) 
  • Ушак Вергілій - аператар з каманды Ціханоўскага. Сваякам адмаўляюцца казаць, дзе ён знаходзіцца.
  • Рудзянкоў Дзмітрый
  • Лобасаў Мікалай 
  • Аляксей
  • яшчэ як мінімум 3 чалавекі

Таксама "Вясне" паведамілі пра тое, што каля 3 гадзін ночы быў затрыманы Мікалай Лобасаў з Мінска (прыехаў на маршрутцы ў Гродна) і Аляксей з Гомеля (кіроўца буса citroen).

Днём 30 траўня таксама быў затрыманы Дмітрый Рудзянкоў. Ён паехаў у цэнтр горада забіраць сваю машыну, якую наперададні пакінуў там падчас затрымання Ціханоўскага і яго паплечнікаў. Дзмітрый паведаміў "Вясне", што верагодна яго затрымаюць, бо на месцы, дзе стаіць машына, дзяжурыць АМАП. Дзмітрый паабяцаў выйсці на сувязь да 12.30, калі ён не будзе затрыманы. Але на сувязь ён не выйшаў.

Дапоўнена. 30 траўня каля 20 гадзін стала вядома, што на волю былі выпушчаны тры затрыманых. Гэта гомельцы Рудзянкоў Дзмітрый, Аляксей Ісачанка і мінчанін Мікалай Лобусаў. Іх апыталі ў якасці сведак.

Будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства