Справаздача па маніторынгу перадвыбарных пікетаў 31 траўня ў Мінску Фота
31 траўня ў Мінску адбыўся мірны сход у выглядзе пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі
Вынікі:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асоб.
- У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, паколькі яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
- Перашкод у працы СМІ і назіральнікаў не зафіксавана.
- Мірны сход праводзіўся ў рамках выбарчага заканадаўства.
- Мелі месца затрыманні удзельнікаў/-ніц сходу, як на месцы правядзення, так і па дарозе да месца правядзення. Не менш за 4 чалавекi атрымалі адміністрацыйны арышт (15 сутак ва ўсіх вядомых выпадках) за ўдзел у мірным сходзе 31 траўня 2020.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.
Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "#СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
У Беларусі з 21 траўня па 19 чэрвеня ўключна праходзіць збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Збіраць подпісы (патрабуецца сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў паўналетніх грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам) могуць члены зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Згодна з Выбарчым кодэкам збор подпісаў можа праходзіць у форме пікетаў. Пры гэтым, падчас збору подпісаў забаронена агітацыя і раздача любых матэрыялаў, дапушчальна толькі прадастаўленне інфармацыі аб біяграфіі прэтэндэнта. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі былі вызначаны месцы, дзе забаронена правядзенне пікетавання для збору подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Часцей за ўсё гэта цэнтральныя плошчы, вакзалы, тэрыторыі паблізу праваахоўных органаў. Аднак у цэлым, месцы для пікетавання шматлікія і размешчаны па ўсім горадзе (напрыклад, у Мінску).
29 траўня ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube-канала “Краіна для жыцця” Сяргей Ціханоўскі. Затрыманне адбылося пасля відавочна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзян з кіраўніком ініцыятыўнай групы. Інцыдэнт, які папярэднічаў затрыманню, трансляваўся дзяржаўнымі СМІ. 30 траўня стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел у якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя.
У сацыяльных сетках з'явіўся заклік сабрацца 31 траўня ў 12.00 на пікеты па зборы подпісаў па ўсёй краіне. У Мінску правядзенне пікетаў анансавалася на плошчы перад Камароўскім рынкам. У гэты дзень на гэтым месцы праводзілі свае пікеты па зборы подпісаў наступныя прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты – Святлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка, Андрэй Дзмітрыеў, Вольга Кавалькова, Валерый Цапкала.
Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 3 назіральніка/ніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаны адпаведным чынам.
Ход мірнага сходу
Назіральнікі/цы праводзілі маніторынг выбарчага пікету з 11.50 па 15.40. Падчас дадзенага назірання адзначаны наступныя факты:
- У 11.50 на плошчы насупраць Камароўскага рынку сабралася не менш за 260 чалавек. Яны выстройваліся ў чаргу, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Чарга выцягнулася ў бок станцыі метро пл. Якуба Коласа. На плошчы былі выстаўлены стэнды Андрэя Дзмітрыева і Віктара Бабарыка, а таксама палаткі са стэндамі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. На плошчы гучала песня “Разбуры турмы муры”.
- У 12.40 на пляцоўцы каля Камароўскага рынку, а таксама ў чарзе, якая расцягнулася да ўваходу на станцыю метро пл. Якуба Коласа, налічвалася не менш за 1640 чалавек. На плошчы перад рынкам знаходзіліся два чалавекі з плакатамі памерам А4, на адным з іх адлюстравана фота Сяргей Ціханоўскага з подпісам “Свабоду ўсім рэпрэсаваным! Свабоду актывістам! Свабоду Ціханоўскаму!”, на другім плакаце намаляваны перакрэсленыя значкі тэлевізійных каналаў “Беларусь 1”, “АНТ”, “НТВ” і надпіс “No pasaran, Хопіць марнаваць мільёны на хлуслівую прапаганду”.
- У 12.50 чарга расцягнулася ад плошчы каля Камароўскага рынку да перасячэння вуліц Якуба Коласа і Кульман. У СМІ з'явілася інфармацыя, што па дарозе на пікет па зборы подпісаў быў затрыманы Мікалай Статкевіч.
- У 13.20 на плошчы перад Камароўскім рынкам, а таксама ў чарзе да перасячэння вуліц Якуба Коласа і Кульман знаходзілася не менш за 2100 чалавек, што з'яўлялася максімальнай колькасцю людзей за час маніторынгу.
- У гэты прамежак часу таксама быў зафіксаваны плакат А4 з надпісам “Свабоду Ціханоўскаму”, які знаходзіўся на дзіцячым вазку. Было заўважана 3 супрацоўніка ў цывільным, двое з іх праводзілі відэаздымку ўдзельнікаў пікету з дапамогай ручной камеры.
- Па вуліцы Якуба Коласа два супрацоўнікі ДАІ спынялі і складалі адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да кіроўцаў, якія сігналілі ў падтрымку людзей на пікетах. Назіральнікамі зафіксавана не менш за 3 падобныя факты, у адным з выпадкаў вядома аб прызначэнні кіроўцу штрафу ў памеры 5 базавых велічынь.
- У 14.20 колькасць людзей у пікеце і ў чарзе паставіць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатаў скарацілася, назіральнікі/-цы налічылі не менш за 1700 чалавек. Таксама былі зафіксаваныя яшчэ тры супрацоўнікі органаў унутраных спраў у цывільным. На плошчы з'явіўся плакат на дрэўцы з надпісамі: “Тапачная рэвалюцыя. Зямлю - арабам. Парламент - Шлюхам!”. Таксама на плакаце была намаляваная карыкатура на Аляксандра Лукашэнку з надпісамі “Спынім злачынца. Абвінавачваецца ў асабліва небяспечных злачынствах. Асабліва небяспечны”. З'явіўся стэнд Мікалая Казлова.
- У 14.30 супрацоўнік міліцыі ў форме, у суправаджэнні двух супрацоўнікаў АМАПа ў форме, паведаміў праз мегафон, што дадзенае мерапрыемства расцэньваецца як несанкцыянаваны мітынг, і папрасіў удзельнікаў разысціся. У адказ людзі выкрыквалі “Ганьба” і “Свабоду”.
- У дварах каля Камароўскага рынку было зафіксавана 7 мікрааўтобусаў з таніраванымі вокнамі, якія належаць праваахоўным органам, з людзьмі, якія знаходзіліся ўнутры, недалёка ад месца збору подпісаў таксама знаходзіўся адзін аўтазак і 3 машыны ДАІ. За час маніторынгу былі зафіксаваныя не менш за 12 супрацоўнікаў у грамадзянскай форме адзення, 1 супрацоўнік у форме міліцыі, 2 супрацоўнікі АМАП у форме, 5 супрацоўнікаў ДАІ.
- За час назірання таксама была зафіксавана наступная атрыбутыка: 7 бела-чырвона-белых сцягоў, 1 бела-чырвона-белы сцяг з выявай герба Пагоня, 2 сцягі грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, 2 чырвоныя сцягі з выявай герба Пагоня, некалькі джэмпераў і кепак з надпісамі “Страна для жизни”, салатавая камізэлька з надпісам “Стоп Таракан". Гучалі песні ДДТ-“Свобода", Сплин-“Моё сердце остановилось”. Гучалі таксама лозунгі “Стоп Таракан", “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”, “Выпускай”, “Сыходзь”, “Жыве Беларусь”. Плакат памерам А4 з надпісам “Людзі! Прачытайце кнігу нябожчыка Паўла Шарамета "Выпадковы прэзідэнт". Ці не беларускія спецслужбы забілі яго за гэтую кнігу?”.
- На мірным сходзе працавалі прадстаўнікі СМІ, такіх як Белсат, Радыё Свабода, Deutsche Welle і іншых.
Рэкамендацыі
Супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:
-
ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас пікетаў па зборы подпісаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
-
прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі\-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі\-цамі пікету па зборы подпісаў, людзей;
-
не перашкаджаць рэалізацыі правоў на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання з дапамогай затрыманняў.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.
Органам судовай улады:
- не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў, паколькі гэта з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства і адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.