"Экадом" патрабуе адкласці фізічны запуск БелАЭС
Адна з найстарэйшых некамерцыйных экалагічных арганізацый у Беларусі "Экадом" запусціла петыцыю з патрабаваннем адкласці фізічны запуск АЭС. Поўны яе тэкст знаходзіцца на сайце petitions.by.
Фізічны запуск Беларускай Атамнай Станцыі запланаваны на ліпень 2020 года, адпаведна выдача ліцэнзіі на эксплуатацыю можа адбыцца яшчэ раней.
"Мы патрабуем ад Дзяржатамнагляду не выдаваць ліцэнзіі на пуск БелАЭС, а ад Мінэнэрга — адкласці фізічны запуск да моманту, калі будуць развязаныя праблемы бяспекі станцыі", — заявіў "Экадом".
"Экадом" указвае і на фактар уплыву COVID-19 на сітуацыю. Так, у сувязі з эпідэміяй ёсць рызыка, што запуск станцыі будзе выконвацца недастаткова кваліфікаванымі спецыялістамі і без належнага кантролю, паколькі ёсць сведчанні інфікавання персаналу, занятага на будаўніцтве і падрыхтоўцы БелАЭС да пуску. Акрамя таго, ва ўмовах закрытых межаў абцяжараныя або немагчымыя візіты замежных спецыялістаў для ацэнкі перадпускавой гатоўнасці АЭС і яе адпаведнасці міжнародным стандартам.
Акрамя гэтага, "Экадом" указвае на негатоўнасць станцыі да запуску і па меркаваннях бяспекі:
- да гэтага часу не вырашаны праблемы, выяўленыя падчас стрэс-тэстаў БелАЭС;
- план абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) адсутнічае;
- у Беларусі, па звестках "Экадома", няма дастатковай колькасці магутнасцяў халоднага і гарачага рэзерву, неабходных для бяспечнай інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму.