viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVII. ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ. ЛАЗЬНЯ

2020 2020-07-14T11:50:31+0300 2020-07-15T02:52:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akcyja_solidarnosti_beliacki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 верасьня – мой дзень народзінаў. Сканчаецца другі месяц зьняволеньня. Касынкіна мяне ня тузае, але ад Дзьмітрыя ведаю, што на допыты пацягнулі маіх калег-“вясноўцаў” у Менску, Магілёве, Гародні, і што ніхто ніякіх паказаньняў па сутнасьці не дае. Усе спасылаюцца на 27-ы артыкул Канстытуцыі, і на гэтым допыты сканчаюцца. У камеры ўсё ідзе сваім ходам. Пад’ём, сьняданак, газеты, лісты, багата паштовак, у якіх мяне віншуюць з народзінамі знаёмыя і незнаёмыя людзі, прагулка, абед, “ціхая гадзіна”. Сукамернікі таксама віншуюць мяне. Валодзя заварвае “купчык” – моцную гарбату, але яшчэ не “чыфір”. Мы сядзім на ніжніх шконках, п’ем “купец” з аднаго кубка, які перадаем па колу, закусваем цмактулькамі – таннымі цукеркамі-ледзянцамі. Так і дзень мінае.

“49 гадоў, – думаю я, – гэта нямала”.

Здавалася, нічога надзвычайнага ў жыцьці ўжо ня будзе. Але, дзе ж там! Сяджу ў трэніках і майцы, усё маё майно – у адной торбе. А што чакае наперадзе – яшчэ ня ведаю. Як кажа Валодзя: патрапіў сюды – багата згубіў, але стаў вольным чалавекам. І нічога твайго ўжо ў цябе няма. Нават дзярмо толькі тады тваё, пакуль ляціць ва ўнітаз. А калі ўпала – ужо не тваё. Прыслухоўваюся да свайго ўнутранага “Я” – ці шкадую пра страчаны наладжаны лад жыцьця, і ня чую ніякага шкадаваньня. Наадварот, унутраны спакой і раўнавага вярнуліся да мяне.

За няпоўных два месяцы я ўжо зжыўся з СІЗА, уцягнуўся ў манатонную каляю турэмнага жыцьця, і мне тут яшчэ зусім не надакучыла. Мне цікавыя людзі, якія акаляюць мяне, цікавыя свае ўнутраныя зьмены. Я адчуваю, як штосьці адное замірае ўва мне, забываюцца непатрэбныя веды, знікаюць лішнія звычкі. З галавы ветрам выдзьмула ўсе непатрэбныя тут нумары тэлефонаў, апроч жончынага, усе паролі, якімі былі зашыфраваныя флэшкі і кампутары, затое зьявіўся час на нясьпешны роздум, час на мары. Як даўно я ня марыў! Мабыць яшчэ з юнацкіх студэнцкіх часоў.

Палову сёмай мы вячэраем, у восем – вячэрняя праверка, затым да дзесяці глядзім фільм і ўкладаемся спаць пасьля адбою, і ў гэты час чуем, як на вуліцы, за мурам, гучыць нейкі трэск і буханьне. Дзесьці непадалёку ад Валадаркі – рэстаран, увечары да нас часта даносяцца водгаласы гучнай гутаркі і сьмех. Мабыць, і зараз нехта запусьціў каля рэстарану салют. Праз некалькі дзён адвакат Дзьмітры шэптам распавядзе, што ў розных гарадах Беларусі на гэты дзень “вясноўцы” замовілі пікеты салідарнасьці, якія нідзе так і не дазволілі. А ў Менску каля Валадаркі сабраліся мае сябры-праваабаронцы, запусьцілі паветраныя бел-чырвона-белыя балёнікі ў паветра, а потым зладзілі салют: стралялі петарды і ракеты. Гэты трэск мы і пачулі, калі клаліся спаць 25-га верасьня.

Акцыя ў дзень народзінаў Алеся Бяляцкага ля менскай
Акцыя ў дзень народзінаў Алеся Бяляцкага ля менскай "Валадаркі". Фота Радыё Свабода

Некаторыя віншаваньні Алеся Бяляцкага з днём нараджньня 25 верасьня 2011г.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:

“Алесь, віншую цябе з днём нараджэння, і самае галоўнае, каб ты не губляў веры, аптымізму і каб мы хутка пабачыліся”.

Жанна Літвіна і Беларуская асацыяцыя журналістаў:   

Дарагі спадар Алесь! Віншуем з Днём нараджэння!

Галоўнае зараз – зберагчы сябе фізічна і маральна, не згубіць прысутнасці духу, пачуцця гумару, веры ў лепшае. І памятаць, што жыццё даўжэйшае за ўсе выпрабаванні.

Трымайцеся!
Вашы БАЖаўцы”.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта:

Шкада, што ты не можаш адсьвяткаваць свой дзень народзінаў у цеснай сяроўскай кампаніі. Ты зараз за кратамі, і гэта вялікі боль для нас усіх. Але, я спадзяюся, ты адчуваеш падтрымку мноства людзей, якім ты і твае паплечнікі з “Вясны” дапамагалі ў няпростыя для іх часы.

Ты нашмат майнецшы за тых, хто цябе пераследуе, і маральная перавага на тваім баку. Веру, што гэта дае табе сілы годна трымацца ў такой няпростай сітуацыі.

Барыс Звозскаў, сябра праўлення “Прававой ініцыятывы”:

“Віншаваньне Алесю Бяляцкаму я хацеў бы перадаць тэлеграфным стылем, у той манеры, якая звыклая для мене і, акрамя таго, прымушае людзей думаць: ПЗДР ЗДР БЗ БШ БЛ БУ. БЗ.”

Старшыня Польскага Хельсінскага фонду Данута Пшывара:

Алесь, жадаю табе свабоды, каб ты найхутчэй выйшаў з турмы. Свабоды тваёй краіне, каб усім у Беларусі жылося свабодна.

Журналіст і паэт Сяргей Сыс:

Сёлета першы раз за 33 гады нашага сяброўства даводзіцца віншаваць свайго сябра і паплечніка Алеся Бяляцкага не ў жывую, а віртуальна, паколькі ён зараз пад арыштам. Я прачытаю верш, які склаў спецыяльна, каб павіншаваць Алеся:

Сапраўднаму віну, гады не перашкода,
Мацнее дух яго і не псуюць гады.
З табою і Радзіма, і Праўда, і Свабода,
І мы з табой, Алесю, поплеч назаўжды!


У камеры ў нас зьяўляюцца і зьнікаюць новыя людзі. У верасьні перакінулі зь іншай “хаты” ў нашую Ігарка Пажарыцкага, маладога, інтэлігентнага, гадоў трыццаці зь невялікім хлапца, ціхмянага, чарнявага, у акулярах. Ігарок сядзеў ужо некалькі месяцаў за фінансавыя махінацыі з фірмамі-аднадзёнкамі, дапамагаў іншым фірмам не плаціць падаткі. Фінансавая схема ў яго была пабудавана хітра, шмат пра яе ён не распавядаў, і круцілася яна гады два, пакуль не прывяла яго сюды. Ніякага расчараваньня не было чуваць у нешматлікіх словах Ігарка. Адзінае, ціха перажываў ён і ня мог даўмецца, дзе ўсё ж дапусьціў памылку. Наперадзе яго чакаў суд, а ён усё раздумваў і разьлічваў, толькі вусны варушыліся, як бы ўдасканаліць прыдуманы ім ланцужок грашовых пералікаў, як зрабіць яго больш надзейным і няўлоўным, каб не патрапіцца ў другі раз.

Дзесьці праз тыдзень пасьля таго, як мы звыкліся зь ім, сказаў ён мне задумліва і ціха пры Паўлавічы і Васі:

– Алесь, я на тваім месцы напісаў бы прашэньне аб памілаваньні. І выйшаў бы на волю.

– Ага, яшчэ чаго, – адказаў я.

Праз некалькі дзён гісторыя паўтарылася. Нешта гаворачы, Ігарок ізноў пераскочыў на маю справу і зноў зьдзівіўся, чаму я не напішу памілаванку. Гэта ж так проста: напісаў за пяць хвілінаў – і выйшаў. Я ніяк не адрэагаваў, як быццам бы і не пра мяне была гаворка. Паўза зацягнулася, і размова тая скончылася нічым. А назаўтра Ігарка забралі ад нас у іншую камеру. Ніхто з сядзельцаў не каментаваў ягоныя словы ды і не згадваў пра Ігарка ў нашых размовах. Як быццам бы яго тут ніколі і не было. Такім быў першы сігнал уладаў пра тое, што воля сьвеціць мне толькі праз прызнаньне віны і пакаяньне.

Па чацьвяргах мы ходзім у душ. Калі мяне перавялі ў 15-ю камеру, Валодзя крывіўся: “У душ, звычайна, праз цыгарэты, хадзілі двойчы, а то і тройчы на тыдзень, а як толькі зьявіўся Алесь – усё, лафа скончылася. Застаўся палажняковы чацьвер, а пра іншыя дні – ні гу-гу. Дзяжурны па паверсе аж рукамі замахаў: “Забарона!”

“І не за такое цярпелі, – філасофскі адзначаў Валодзя, – і гэта перажывем”.

Чацьвер. Дзяжурны праводзіць нас у другі бок “прадола”. Мы праходзім паўз усе “хаты” на нашым паверсе.

“Вось гэтыя, – паказвае мне Паўлавіч, – дзьве віпавыя камеры”.

Там сядзяць бізнэсмэны, зь якіх дзяржава страсае ня тысячы, а міліёны ў валюце. У гэтых “хатах”, распавядаюць мне, драўляныя падлогі, няма “расьнічак” на вокнах і стаяць лядоўні. Ніякай зайздрасьці не адчуваю, але цокаю языком: “Ого! Сядзяць жа людзі!”

Нас спускаюць па іншых сходах на першы паверх. Мы праходзім паўз дзьве камеры з кожнага боку “прадолу”. “Кармушкі” ў іх адчыненыя. Праз “кармушку” відаць, што зэкаў ў іх набіта, як селядцоў у бочцы: дыхаць няма чым, усе па пояс голыя. З “кармушак” патыхае гарачым паветрам и потам.  Хлопцы адтуль углядаюцца ў нас, для іх хоць нейкая забава.

“Вось гэта пекла”, – думаю я.

“Гэта камеры, дзе трымаюць другаходак і рэцыдывістаў”, – гаворыць Валодзя.

Урэшце, адчынаюць дзьверы душавой, і мы ўваходзім у прымыльнік, дзе распранаемся, затым ідзем у паўцёмную душавую. Плітачная падлога, іржавыя трубы, слабое сьвятло лямпачак. На некаторых трубках няма распырсквальных насадак, і вада льецца струменем. Нас небагата, максімум шасьцёра, і мы выбіраем сабе больш-меньш спраўныя душы. Гарачая вада дае проста фізічную асалоду. Нідзе я ня мыўся з большым задавальненьнем, чым у турэмных душавых.

Мы перым трусы і шкарпэткі. Паўлавіч напачатку мыецца проста ў майцы, намыльвае яе на сабе і змывае мыла пад душам. Мыла ў яго сасклізвае і падае на дол. Валодзя сьмяецца:

– Гадоў з дзесяць таму хрэн бы ты яго падняў. А зараз – можна.

– Куды коціцца сьвет, – крахціць Паўлавіч, падымаючы мыла.

– Пацяры мне сьпінку, – просіць ён мяне.

– Ідзі ты полем! – адказваю яму.

Мы ўсе весела рагочам. Праз паўгадзіны прыходзіць кантралёр-лазьнік. Ён выганяе нас з душавой. У прымыльніку мы мяняем захопленыя з сабой просьціны, наўлечкі і рушнічкі на чыстыя, якія тут ляжаць складзеныя ў стосікі, і вяртаемся з чыстым целам, і нават, здаецца, вымытай душой.

Часам нас па дарозе з душу заводзяць у невялікі загон, адгароджаны ад “прадолу” на ўсю сьцяну кратамі, і мы стаім там, чакаем пятнаццаць-дваццаць хвілінаў. На “прадоле” скразняк. Нам ня церпіцца вярнуцца ў сваю нару.

“Мабыць праслушку ў камеры мяняюць”, – ціха бурчыць сабе пад нос Паўлавіч.

Мы вяртаемся ў “хату”. Усе рэчы здаюцца не кранутымі. Але ж, зразумела, што нас прытрымлівалі ня проста так. Пасьля душу мы п’ем гарбату, перакусваем, мірна і разслаблена гутарым, як добрыя суседзі, якія жывуць побач на адной вуліцы і разам схадзілі ў лазьню. У такія хвіліны здаецца, што ня ўсё так пагана. Усё ж такі ёсьць і тут, у гэтай сьмярдзючай змрочнай дзіры, амаль што шчасьлівыя хвіліны жыцьця.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVI. ДОПЫТЫ, СУСТРЭЧЫ З АДВАКАТАМ

12 жніўня сьледчая Тацьцяна Касынкіна прад’явіла мне абвінавачваньне. Перад абедам адчынілася “кармушка”, і дзяжурны кантралёр выгукнуў: “Бяляцкі, рыхтуемся на выхад да сьледчага!”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства