viasna on patreon

Стварыць атмасферу страху і ўзмацніць рэпрэсіі. Стэфановіч пра баевікоў і новую справу палітвязняў

2020 2020-07-31T15:22:23+0300 2020-07-31T16:13:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baeviki_illustr2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

29 ліпеня стала вядома, што ў санаторыі пад Мінскам затрымана група з 32 расійскіх баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнера”. Пазней быў затрыманы 33-і. Савет бяспекі заявіў, што агулам на тэрыторыю Беларусі прыбылі болей за 200 баевікоў з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі. На наступны дзень становіцца вядома аб узбуджэнні супраць затрыманых баевікоў крымінальнай справы аб падрыхтоўцы тэрактаў.

У той жа час распачынаецца новая крымінальная справа супраць палітвязняў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых па арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў). Акрамя таго Следчы камітэт заявіў, што ў адносінах Ціханоўскага ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (Здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч тлумачыць, чаму вельмі насцярожана ставіцца да гісторыі з расійскімі баевікамі, і дзеліцца меркаваннем, як насамрэч звязаныя гэты дзве справа – справа баевікоў і новая справа палітвязняў. 

Валянцін Стэфановіч.

"Я быў безумоўна ўсхваляваны інфармацыяй аб інтэрвенцыі 200 баевікоў на тэрыторыю Беларусі. Спадзяюся, тыя вайсковыя падраздзяленні, якія наведваў напярэдадні прэзідэнт (103-я гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада, спецназ з Мар’інай Горкі і інш.), ужо разгорнутыя ўздоўж расійскай мяжы і забяспечваюць тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.

Але калі казаць сур’ёзна, то адзіныя прадпрынятыя меры ў сувязі з пранікненнем баевікоў на тэрыторыю Беларусі, якія мы бачым, гэта ўзмацненне мер бяспекі пры правядзенні агітацыйных мітынгаў і ўзбуджэнне новых крымінальных спраў супраць палітвязняў Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага.

Ніякіх іншых мерапрыемстваў у сувязі з такой, як нам кажуць, сур’ёзнай сітуацыяй мы пакуль не бачым. Нота пратэсту расійскаму амбасадару не прад’яўлена, ніякіх адмысловых мер бяспекі з удзелам воінскіх падраздзяленняў няма.

Таму напрошваюцца высновы, што мы маем справу з чарговымі фантазіямі беларускіх спецслужб, скіраванымі выключна на адну мэту - на далейшае нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве і ўзмацненне рэпрэсій супраць мірных грамадзян напярэдадні выбараў і магчымых акцый пратэсту ў поствыбарчы перыяд. Таксама гэта "добрая нагода" ўзбудзіць новую справу супраць палітвязняў - на гэты раз аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў". 

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ўлады неаднойчы выкарыстоўвалі тэмы баевікоў, ўмяшальніцтва замежных дзязжаў і розных змоваў падчас мінулых прэзідэнцкіх кампаній і значных грамадскіх падзей, калі пратэстная актыўнасць у грамадстве была даволі высокай.

“У 2006 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў па тэлебачанні нам дэманстравалі баевіка, якога нібыта затрымалі ў Беларусі і які нібыта праходзіў навучанне на Каўказе. У 2010 годзе нам паказвалі кадры з гаража на ўскрайку Мінска, дзе нібыта была схаваная зброя, арматура і яшчэ шмат чаго, што таксама планавалі выкарыстаць баевікі для дэстабілізацыі сітуацыі. Але ва ўсіх гэтых выпадках мы не пабачылі працягу гэтых “цудоўных гісторый”, напрыклад, пра прыцягненне кагосьці да адказнасці. Таксама ў 2017 годзе, калі праходзілі пратэсты супраць дэкрэту аб дармаедах, з’явілася справа “Белага легіёну”, фігурантаў якой абвінавачвалі ў стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання, але скончылася яна нічым”, - узгадвае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што новыя справы супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых палітзняволеных успрымаюцца праваабаронцамі выключна як ціск на кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую з мэтай паўплываць на яе далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі.

“Хацелася б параіць беларускім уладам перастаць займацца фантазіямі і забяспечыць правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, сыходзячы з тых міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, якія на сябе ўзяла наша краіна, у тым ліку ў сферы забеспячэння свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. І неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных”, - рэзюмаваў праваабаронца.

СК: на Ціханоўскага, Статкевіча і іншых распачатыя новыя крымінальныя справы

Як паведамляе ў сваім тэлеграм-канале Следчы камітэт, у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб распачатая крымінальная справа па факту падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На каго яшчэ ўзбуджаныя крымінальныя справы па дадзеным артыкуле – не ўдакладняецца.

Amnesty International асуджае новыя абвінавачванні супраць Сяргея Ціханоўскага

У прэс-рэлізе адзначаецца, што “абвінавачванні сфабрыкаваныя з адзінай мэтай спыніць законную палітычную дзейнасць Ціханоўскага і яго жонкі Святланы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства