Алег Гулак пра тое, як фальсіфікуюць выбары у Беларусі
Доўгі досвед незалежнага назірання за выбарчымі кампаніямі ў Беларусі дае падставы актывістам і праваабаронцам сумнявацца ў сумленнасці выбараў у краіне.
Цяпер гучыць нямала ідэй аб тым, як на самой справе ўладкованыя нашы «выбары» і як магчыма абараніць свае галасы.
Раскладваем па палічках, на што варта звяртаць увагу, дзе з'яўляюцца магчымасці для фальсіфікацый і ці ёсць прававы механізм, які можа прымусіць камісіі паказаць рэальныя вынікі галасавання.
У гэтым нам дапамагае Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта і сустаршыня кампаніі незалежнага назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Гэтая ініцыятыва назірае за выбарамі ў Беларусі з 2008 года.
«Наш вопыт назірання за выбарамі ў Беларусі кажа аб тым, што ў краіне даўно ўсталявалася правераная сістэма правядзення выбараў. Яна прайграваецца кожны раз і паказвае, што вынікі галасавання, якія абвяшчаюць на ўчастках, могуць не адпавядаць рэчаіснасці. Прынамсі, у нас важкія падставы так меркаваць", - распавёў Алег Гулак Naviny.by.
Вось асноўныя моманты, на якія даўно звяртаюць увагу назіральнікі, як нацыянальныя, так і міжнародныя.
Спісы выбаршчыкаў
Міжнародныя стандарты прадугледжваюць наяўнасць у краіне адзінага агульнадаступнага і цэнтралізаванага рэестра выбаршчыкаў. У Беларусі такі рэестр адсутнічае, нягледзячы на пастаянныя рэкамендацыі аб гэтым ад АБСЕ. На любым участку няма адзінага адкрытага спісу выбаршчыкаў, падчас галасавання там ёсць толькі спісы па дамах. І яны зачыненыя ад назіральнікаў пад падставай абароны таямніцы асабістага жыцця. Праваабаронцы лічаць, што гэта дае магчымасць для маніпуляцый з рэальным лікам выбаршчыкаў на ўчастку і паказчыкамі яўкі.
"Назіральнікі на ўчастку кажуць, што налічылі, да прыкладу, 50 выбаршчыкаў, а камісія піша - 250. Такія праблемы ўзнікаюць даволі часта. І пераправерыць дадзеныя камісіі аб яўцы немагчыма", - казаў Алег Гулак.
Ужо і на цяперашніх выбарах назіральнікі фіксуюць істотныя разыходжанні ў дадзеных аб ліку тых, хто прагаласаваў, якія абвяшчаюць участковыя камісіі па ўсёй краіне.
Пячатка выбарчых камісій
На ўсіх выбарчых участках краіны аднолькавыя пячаткі, іх адбіткі абсалютна ідэнтычныя. Адпаведна, немагчыма пракантраляваць, які менавіта урна апячатваецца на кожным канкрэтным участку.
"Калі б у кожнага старшыні ўчастковай камісіі была ўнікальная імянная пячатка, умешвацца ў працэс на кожным канкрэтным участку камусьці з боку было б складаней. А калі пячатка ва ўсіх аднолькавая, зрабіць ідэнтычныя адбіткі не складае працы", – тлумачыць Гулак.
Бюлетэні для галасавання
Бюлетэні ў Беларусі не з'яўляюцца дакументамі строгай справаздачнасці, у іх няма амаль ніякіх ступеняў абароны. Ніхто не можа гарантаваць, колькі іх надрукавана ўсяго.
"На кожны ўчастак выдаецца пэўная колькасць бюлетэняў, але гарантаваць, што не было ніякага іх дадатковага "прытоку", ніхто не можа, – распавядае старшыня БХК. - Нярэдка бывалі выпадкі, калі выбаршчыкі выносілі бюлетэні з участку, не апускаючы іх у скрыню для галасавання, але пры гэтым у выніковых пратаколах камісій яны ўсё значыліся як улічаныя ў галасаванні. Адкуль у выбаршчыкаў на руках аказваліся бюлетэні з подпісамі членаў камісій - незразумела".
Датэрміновае галасаванне
Падрабязна аб усіх магчымых фальсіфікацыях падчас датэрміновага галасавання мы ўжо пісалі.
Галоўныя моманты, якія выклікаюць недавер, – факты прымусу да галасавання датэрмінова з боку адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ВНУ, а таксама тое, што скрыні ноччу захоўваюцца пад аховай міліцыі без якога-небудзь дадатковага кантролю з боку камісій, назіральнікаў і выбаршчыкаў.
"Міліцыя - людзі паднявольныя. Упэўненасці ў тым, што забяспечваецца таямніца галасавання, у нас няма. Практыка мінулых выбараў часта паказвала, што вынікі датэрміновага галасавання аказваліся прыкметна на карысць кандыдатаў ад улады ў параўнанні з днём выбараў. Гэта дае падставы меркаваць, што маніпуляцыі маглі быць", - кажа Алег Гулак.
Выязное галасаванне
Закон прадугледжвае магчымасць прагаласаваць дома. У тэорыі гэтая працэдура дазваляе прыняць удзел у выбарах тым, хто не можа дайсці да выбарчых участкаў па стане здароўя.
"Але на практыцы гэтая цалкам дэмакратычная працэдура часам выклікае пытанні. Напрыклад, калі сябры камісіі "выходзяць у поле" і за пару гадзін выязнога галасавання прыносяць 400-500 галасоў. І такіх выпадкаў нямала", - распавядае праваабаронца.
Укіды бюлетэняў
У многіх суседніх з намі краінах скрыні для галасавання празрыстыя.
"У такім выпадку бачныя ўкіды - прыкметна, калі бюлетэні там ляжаць адразу пачкам, - кажа Гулак. - Зрэшты, назіральнікі ў Беларусі і без таго адзначаюць выпадкі, калі прыкметна, што бюлетэні ляжаць складзеным пачкам, што немагчыма пры нармальным галасаванні. Але ні адзін з гэтых фактаў не быў правераны належным чынам праваахоўнымі органамі і эфекту гэта не давала".
Падлік галасоў
У многіх краінах падлік галасоў па завяршэнні галасавання выглядае такім чынам: уся камісія разам з назіральнікамі збіраецца ля сталоў з бюлетэнямі. Адзін з чальцоў камісіі бярэ бюлетэні па-аднаму, агучвае, за каго аддадзены голас, і дэманструе кожны бюлетэнь усім прысутным.
"Па вопыце ўкраінскіх выбараў, дзе працэдура падліку выглядае менавіта так, магу сказаць, што ўвесь гэты працэс на сярэднім участку ў паўтары-дзве тысячы выбаршчыкаў займае дзве-тры гадзіны. Але затое ні ў каго не выклікае сумневаў і пытанняў», – распавядае Алег Гулак.
У Беларусі ж падлік галасоў на многіх участках займае паўгадзіны. І выглядае гэта такім чынам.
Усе бюлетэні падзяляюцца паміж членамі камісій, кожны з іх ажыццяўляе падлік сваёй пачкі. Гэта значыць, што адначасова галасы лічаць 12-15 чалавек. Назіральнікі звычайна пры гэтым бачаць толькі спіны сябраў выбарчых камісій і наогул ніяк не могуць кантраляваць працэс. Але нават калі назіральніка падпусцяць да стала, ён фізічна не можа ні за чым усачыць, а тым больш убачыць змесціва ўсіх бюлетэняў.
«Вядома, калі б члены камісій абвяшчалі публічна вынік свайго падліку, гэта давала б хоць нейкую магчымасць ацаніць агульную карціну, – лічыць кіраўнік БХК. - Але на справе атрымліваецца так: сябра камісіі запісвае на паперы свае лічбы і перадае старшыні. Старшыня сыходзіць складаць выніковы дакумент, вяртаецца да камісіі з гатовым пратаколам - і ўсе яго падпісваюць. Мы, незалежныя назіральнікі, гаворым сябрам камісіі: вы ж падпісваеце тое, чаго на самай справе не бачылі! Так, мы цалкам дапускаем, што кожны канкрэтны член камісіі лічыць галасы са сваёй пачкі бюлетэняў сумленна. Але атрымліваецца, што практычна ні адзін член любой выбарчай камісіі па ўсёй краіне проста не ведае рэальных вынікаў галасавання нават па сваім участку - а ведае толькі тую дзясятую або пятнаццатую частку, якую палічыў ён сам. Гэта цікавая сістэма. З аднаго боку, яна дэ-факта робіць людзей саўдзельнікамі падробкі. Але з іншага боку, кожны з іх канкрэтна не здзяйсняе фальсіфікацый"»
Чаму такое магчыма?
Такі фармат "выбараў" закладваецца яшчэ на этапе фармавання выбарчых камісій. Яны ў Беларусі ў пераважнай большасці фармуюцца "паводле вытворчага прынцыпу", на базе аднаго і таго ж працоўнага калектыву. Прычым старшынёй камісіі звычайна становіцца чалавек, які на працы з'яўляецца начальнікам сябраў камісіі.
"І ўся гэтая сістэма можа працаваць толькі ў адным выпадку: калі сябры выбарчых камісій не задаюць пытанняў і проста падпісваюць выніковыя пратаколы, якія ім даюць", - лічыць Алег Гулак.
Назіральнікі могуць прапанаваць камісіям зладзіць адкрыты падлік галасоў, калі змесціва кожнага бюлетэня на ўчастку публічна прад'яўляецца ўсім сябрам камісіі і назіральнікам. Аднак выбарчыя камісіі могуць гэтыя прапановы праігнараваць, што і адбываецца ў пераважнай большасці выпадкаў.
"Ніякіх прававых механізмаў, якія дазвалялі б назіральнікам прымусіць камісіі лічыць галасы адкрыта, няма. Гэта паказвае ўвесь вопыт мінулых выбарчых кампаній у Беларусі. Усё паўтараецца з выбараў да выбараў, нягледзячы на ўсе рэкамендацыі і АБСЕ, і нацыянальных назіральнікаў. Гэтая сістэма заўсёды працавала менавіта так. І даверу такія працэдуры не выклікаюць", - рэзюмуе Алег Гулак.