Пасольства ЗША ў Беларусі выступіла з жорсткай заявай
Амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з досыць жорсткай заявай з нагоды падзей у нашай краіне ў перыяд пасля выбараў, пішуць naviny.by.
«Мы занепакоеныя працяглым пераследам журналістаў, блакаваннем незалежных СМІ і апазіцыйных вэб-сайтаў, перыядычнымі адключэннямі інтэрнэту і адвольнымі затрыманнямі мірных грамадзянаў, якія рэалізуюць свае правы на свабоду сходаў і слова», — гаворыцца ў дакуменце.
Дыпламаты заклікалі ўлады Беларусі праявіць стрыманасць.
«Як запэўніў намеснік дзяржсакратара Біган падчас свайго выступу ў АБСЕ ў Вене і як мы ўжо заяўлялі раней, Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць да неадкладнага вызвалення несправядліва затрыманых і высвятлення лёсу асобаў, зніклых без вестак», — адзначаецца ў дакуменце.
Таксама гаворыцца аб падтрымцы беларускага народа ў яго імкненні да «дэмакратычнай, квітнеючай будучыні» і «заклік да ўраду Беларусі правесці дэмакратычныя рэформы і паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды».
У той жа час амерыканская дыпмісія пацвердзіла доўгатэрміновае абавязацельствы «падтрымліваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама імкненні беларускага народа выбіраць сваіх лідараў і выбіраць свой уласны шлях без вонкавага ўмяшання».