viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя. Бармэн з Зыбіцкай – пра трое сутак на Акрэсціна

2020 2020-08-31T15:28:46+0300 2020-09-03T08:44:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ruslan_893.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Бармэна Руслана аднаго з бара на вуліцы Зыбіцкай Мінска затрымалі 9 жніўня ў дзве гадзіны ночы, калі ён вяртаўся з працы дадому. Наступныя трое сутак ён правёў на Акрэсціна. Руслан распавёў "Вясне", што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 9 па 12 жніўня.

ruslan_893.jpg
Руслан. Фота: spring96.org

"Мы спыталі ў ДАІшніка, як нам прайсці, каб не затрымалі, а ў выніку нас затрымалі"

"Калі пачалася "заварушка" з боку Нямігі, я зразумеў, што на працы мне рабіць больш няма чаго. З сябрам, напарнікам, госцем бара і дзяўчынай мы сабралі рэчы і пайшлі дадому. Да мітынгу і да ўсяго, што там адбывалася, мы не падыходзілі. Мы пайшлі ў бок дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай, спецыяльна ў абыход таго піка. Але ўсё роўна вакол было шмат супрацоўнікаў АМАПа і міліцыі. Каля "Журавінкі" мы спыталі ў ДАІшніка, як нам лепш аб'ехаць і абысці, выклікаць таксі, каб нас не затрымалі. Ён не тое, каб з яхіднай усмешкай, але з прыемным выглядам праводзіў у бок парку Янкі Купалы. І ў цёмнай арцы мяне проста пацягнуў пад руку супрацоўнік АМАПу. На пытанне, якая прычына затрымання, ён нічога не адказваў. Мы проста спыталі ў ДАІшніка, як нам прайсці, каб не затрымалі, а ў выніку нас затрымалі. Я спрабаваў растлумачыць яму сітуацыю, што я іду з працы, але, натуральна, гэта нікога не хвалявала.

"Мне ўсё роўна. Запускай усіх"

Нас завялі ў жоўты аўтобус, дзе знаходзілася яшчэ каля 30-40 чалавек. Мы не супраціўляліся, калі нас затрымлівалі, ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйснялі. Спакойна прайшлі. Я АМАПаўцу спрабаваў растлумачыць сітуацыю, ён толькі адказваў: "Разбярэмся, не хвалюйцеся, усё будзе нармальна".

Праз 15 хвілін пад'ехаў аўтазак. Нас вывелі з аўтобуса, паставілі да сцяны, сказалі падняць рукі над галавой і вось так стаяць. З аўтазака выйшаў вельмі агрэсіўны супрацоўнік АМАПу, які з мацюкамі стаў закідваць затрыманых у аўтазак. Дзяўчат адпусцілі. Каля сценкі нас засталося чацвёра: я, напарнік, госць бара і нейкі хлопец з Турцыі. Ён крычаў: "Я грамадзянін Турцыі!" Выйшаў супрацоўнік АМАПа і пачаў крычаць мацюкамі: "Хто гэтыя людзі?" Іншы яму адказвае: "Вось хлопцы кажуць, што яны з працы ідуць". Але яму было ўсё роўна, ён сказаў: "Мне ўсё роўна. Запускай ўсіх".

Нашы заходы ў аўтазак суправаджаліся ўдарамі гумовай дубінкі. У аўтазаку мы стаялі як селядкі ў банцы. Але гэта не самае страшнае. На Акрэсціна з аўтазака нас выпускалі праз "калідор" з АМАПаўцаў. Там стаяла па 6-7 чалавек з кожнага боку, якія білі ўсіх.

Стаялі на каленях на дробных каменьчыках

Нас паставілі да сцяны на кукішкі. Так мы сядзелі і перамяшчаліся ўздоўж сцяны на працягу паўтары-двух гадзін. Рукі наверх, галаву ўніз. На просьбу хлопца, які побач знаходзіўся "Я астматык, можна хоць бы балончык забраць?" адказвалі: "Здохнеш – не здохнеш, выжывеш – не выжывеш". У двары на Акрэсціна ёсць участак з дробнымі каменьчыкамі, вось там нас паставілі на калені. Пасля гэтага ўсяго нас запусцілі ў прагулачныя дворыкі. Зноў жа, мы забягалі праз калону, дзе ўсіх нас збівалі. Хоць бегчы мы абсалютна не маглі, таму што ва ўсіх ногі зацяклі былі. У шпацырным дворыку мы прабылі хвілін 20. Пасля гэтага нас запусцілі ўжо ў сам ЦІП.

У нашай камеры №23 на чатыры ложка-месца нас было каля 18 чалавек. У тую ноч, з 13 на 14 жніўня, у рэжыме нон-стоп прыязджалі аўтазакі адзін за адным, мы гэта бачылі праз акенца. Чулі, як збівалі людзей, людзі прасіліся, малілі. Я ніколі ў жыцці такога не чуў, каб мужчыны так вось прасілі. Яны кляліся, што там не знаходзіліся, прама да слёз. Валасы дыбарам уставалі ад усяго гэтага, кроў стыла ў жылах. Удары не спыняліся, нават калі чалавек падаў, напэўна, ад болевага шоку альбо ад чаго. Але ўдары ўсё роўна працягваліся.

ruslan_729.jpg
Руслан. Фота: spring96.org

«Калі фельчар убачыла, што ён дыхае, то яна на яго проста села»

Там была жанчына-фельчар, якая часам падыходзіла да людзей, якія ўжо ляжалі каля гадзіны без рухаў. Пры мне яна аднаго ўдарыла нагой, праверыла ці варушыцца ён. Калі фельчар убачыла, што ён дыхае, то яна на яго проста села і глядзела, як іншых хлопцаў збіваюць. Нас выцягвалі з камеры, каб зняць на відэа. Мы павінны былі прадставіцца, распавесці, дзе знаходзіліся, пры якіх абставінах затрыманыя. Калі казалі, што мы не вінаватыя, то нам толькі адказвалі: "Ну, вы тут усё не вінаватыя". У камеры я знаходзіўся каля трох сутак: 75 гадзін недзе.

Вада ў нас была праточная з крана. Хоць якая, але вада. Пакармілі нас толькі на трэція суткі раніцай. Далі пару кавалкаў хлеба і пару лыжак кашы. Але там такая каша была, што лыжка стаяла.

«Каго не паспелі асудзіць – не кармілі»

Суды праходзілі прама ў ЦІП. Суддзям ставілі сталы ў калідорах. Хлопцы, з якімі я быў у камеры, распавядалі, што яны падыходзілі да стала, іх пыталіся што, як, дзе і хутка судзілі. Як гаворыцца, без суда і следства іх ужо асудзілі. Мяне асудзіць не паспелі, па вызваленні прымусілі падпісаць пратакол, але копію не далі. Расказвалі, што ў суседніх камерах тых, каго не паспелі асудзіць – не кармілі. Пры гэтым, калі заўважаць, што хтосьці дзеліцца, то ўжо ніхто есці не будзе.

З намі ў камеры быў хлопец гадоў 30-35 з прабітай галавой. Мы прасілі супрацоўнікаў прывесці лекара яму, але нам адмаўлялі. І толькі на другую ноч гэтага хлопца забралі. Праўда не ведаем: альбо ў медыцынскую ўстанову, альбо на Жодзіна.

Насупраць нашай камеры былі дзяўчыны. Там іх было нашмат больш, чым хлопцаў у нашай камеры. Каля 40-50 дзяўчат у адной камеры. Бачылі, што некаторым было дрэнна з-за недахопу кіслароду.

Была сітуацыя, што аднаго хлопца званiтавала. Прыйшоў супрацоўнік у чорным, хутчэй за ўсё АМАПавец, прынёс два вядры з незразумелай субстанцыяй, якая дурна пахла. Адно ён выліў на гэтага хлопца, а другое вядро ўручыў яму ў рукі і сказаў: "Ідзі прыбірай сваё".

"Дзень не спіш з-за крыкаў у калідорах, ноч не спіш з-за стогнаў"

Мы бачылі ў акенца з камеры, як збівалі людзей. Вельмі страшна было, калі мы чулі крыкі, але пры гэтым не было чуваць удараў. Гэта ўжо былі не збіццё, а нейкія катаванні, я не ведаю, што яны рабілі. Былі пастаянныя стогны, крыкі. Мы не маглі спаць днём, таму што кіпіш у калідорах пастаянны быў, сесці таксама не маглі, таму што глядзелі ў камеру і забаранялі. Ноччу не маглі спаць з-за гэтых жудасных стогнаў. Спалі мы хто як дзе. Мяняліся. Я спаў на падлозе пад ложкам. Так гэтыя тры дні і прайшлі: дзень не спіш з-за крыкаў у калідорах, ноч не спіш з-за стогнаў.

Калі ў ЦІП прыязджалі супрацоўнікі АМАПа, то яны рандомна адкрывалі камеры, збівалі людзей: альбо ў камеры, альбо на выхадзе. З намі ў камеры быў хлопец алкаголік і наркаман, у якога былі жорсткія ломкі і галюцынацыі. Ён спрабаваў усіх выратаваць, прасіў меч, крычаў, грукаў у дзверы камеры. Мы вельмі баяліся, што з-за яго прыйдуць і нас усіх паб'юць. Нас папярэджвалі: "Пачую крык – будзеце збітыя ўсе".

Самае страшнае было няведанне, што будзе далей. Пагражалі "суткамі". Мы кожную сякунду сядзелі ў страху быць збітымі, што цяпер адчыняцца дзверы, забягуць людзі і будуць нас збіваць".

ruslan_829.jpg
Руслан. Фота: spring96.org

"На ўнітазе будзеш дома газеты чытаць"

Як распавядае Руслан, яго выпусцілі праз трое сутак 12 жніўня каля пяці гадзін раніцы. Яму далі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і папярэджанне аб няўдзеле ў масавых мерапрыемствах пад пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

"Я прасіў, каб мне далі хаця б прачытаць пратакол, на што мне адказвалі: "На ўнітазе будзеш дома газеты чытаць".

Потым нас ставілі да сцяны, прасілі задзіраць майкі да шыі для агляду цела: чыстае, нячыстае. Я быў увесь чысценькі, было толькі пару пашкоджанняў на нагах. Іншых прасілі зняць штаны, мяне не прасілі. Пасля гэтага нас адводзілі ў бок, дзе зноў збівалі. То бок, калі ты чысценькі, ты праходзіў гэты "абрад". Супрацоўнікі АМАПа проста рандомные білі, куды патрапіла, ну, у асноўным, прылятала ў раён сцёгнаў і ягадзіц. Усё гэта суправаджалася крыкамі і пытаннямі: "Дзе твая Ціханоўская?", "Будзеш яшчэ хадзіць?", "Раскажаш сваім сябрам?". Прымушалі крычаць "Я люблю АМАП". Пасля гэтай працэдуры нас адпускалі і мы ішлі ўздоўж плота ў бок выхаду".

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

За белую стужку разбілі нос і машыну. Сведчаць пацярпелыя

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

"Давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага мінчука Якава Сухнату затрымалі позна ўвечары 11 жніўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным недалёка ад станцыі метро Уручча, калі ён вяртаўся дадому. Цяпер Якаў пасля жорсткага затрымання, і некалькіх сутак знаходжання на Акрэсціна і ЛПП пад Слуцкам знаходзіцца на лячэнні ў мінскай бальніцы. Хлопец распавёў "Вясне", што з ім адбылося ўвечары 11 жніўня і, што адбывалася наступныя дні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства