Amnesty International: Афіцыйнае расследаванне катаванняў так і не пачата, улады перайшлі да кропкавых затрыманняў
Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць гвалт з боку міліцыі і расследаваць грубыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя сілавікамі на працягу апошніх трох тыдняў.
"На сённяшні дзень беларускія ўлады адмовіліся весці дыялог з пратэстоўцамі і, па ўсёй бачнасці, не распачалі крокаў па расследаванні масавых парушэнняў правоў чалавека, учыненых міліцыяй у першыя некалькі дзён пасля выбараў, — заявіла Мары Стразерс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Па нашых звестках, не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія жорстка катавалі сотні мірных дэманстрантаў. Тым не менш, як раз супраць пратэстоўцаў былі распачатыя дзесяткі крымінальных спраў, часта без якіх-небудзь пераканаўчых доказаў здзяйснення правапарушэнняў. Беларусы мірна патрабуюць, каб тых, хто здзейснілі злачынствы, панеслі адказнасць".
Яна таксама нагадала:
"У адрозненне ад тых, хто імі кіруе, беларусы праявілі выключную стрыманасць і правялі выключна мірныя мітынгі — настолькі, што дзясяткі тысяч дэманстрантаў, якія праходзілі маршамі па Мінску і іншых гарадах, збіралі пакінутае за сабой смецце і нават здымалі абутак, залазячы на лаўкі".
Адзін з найбуйнейшых мітынгаў пратэсту ў сучаснай гісторыі краіны адбыўся 30 жніўня ў Мінску, у ім узялі ўдзел не менш за 100 000 чалавек, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, што кіруе краінай 26 гадоў, і расследавання парушэнняў правоў чалавека.
Напярэдадні "Маршу міру і незалежнасці" не менш за 50 журналістаў былі затрыманыя, а ў некаторых з іх адклікалі акрэдытацыю або іх дэпартавалі з Беларусі. 30 жніўня было затрымана не менш за 140 мірных дэманстрантаў. Некалькі высокапастаўленых членаў Каардынацыйнага савета апазіцыі былі арыштаваныя па сумніўных крымінальных абвінавачваннях.
На працягу першых трох дзён паслявыбарных пратэстаў, 9-12 жніўня, улады развязалі кампанію масавых затрыманняў, пераследаў і запалохванняў, ужыўшы супраць пратэстоўцаў гумовыя кулі, святло-шумавыя гранаты, слёзатачывы газ і вадамёты. Было затрымана больш за 6700 чалавек, сотні далі паказанні аб шырока распаўсюджаных катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з затрыманымі ў паліцэйскіх участках і следчых ізалятарах.