viasna on patreon

"Улада пачынае пазбаўляцца ад фанатаў". Двое братоў і іх сябар сталі фігурантамі справы аб масавых беспарадках пасля інаўгурацыі Лукашэнкі

2020 2020-09-29T13:40:52+0300 2020-09-29T18:00:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pipiya_83.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На выходных стала вядома аб затрыманні трох мінчукоў: двух братоў Тамаза і Цімура Піпій і іх сябра Віталя Шышлова. Іх падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) у Мінску 23 верасня пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя гэтага, Віталь Шышлоў падазраецца ў нападзе на супрацоўніка міліцыі па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. На відэа, размешчаным на дзяржканале СТВ, ён прызнаецца, што нібыта распыліў слёзатачывы газ у салон машыны супрацоўнікаў міліцыі 23 верасня ў Серабранцы. Сястра Тамаза і Цімура Луіза распавяла "Вясне" пра падрабязнасці гэтай справы.

Віталь Шышлоў, Тамаз і Цімур Піпія. Фотакалаж: spring96.org
Віталь Шышлоў, Тамаз і Цімур Піпія. Фотакалаж: spring96.org

"На зямлю, бл*ць!"

Цімура Піпію затрымалі 25 верасня ў Мінску ў раёне вуліцы Аэрадромнай, калі ён чакаў напарніка, каб паехаць з ім на працу. Калі ён размаўляў па тэлефоне з былой жонкай, да яго падышлі невядомыя людзі ў цывільным адзенні і загадалі легчы на зямлю і пакласці рукі за галаву. На яго пытанне "Што здарылася?" яму адказалі: "На зямлю, бл*ць!" Пасля гэтага яго кудысьці павезлі. Усё гэта чула па тэлефоне яго былая жонка. Сястра кажа, што па-іншаму і не даведаліся б пра затрыманне Цімура. На працягу дня тэлефон Цімура быў недасяжны, а ва ўсіх мінскіх РУУС, ІЧУ, Следчым камітэце і іншых ведамствах сястру запэўнівалі, што да іх яе брата не дастаўлялі. Аднак, як пазней паведаміў адвакат Цімура, яго ўсё ж даставілі адразу ў РУУС Кастрычніцкага раёна, а потым у ізалятар на Акрэсціна. Хоць маці і сястры, якія прыязджалі туды, казалі, што Цімура Піпіі ў іх няма.

Дзяжурны на Акрэсціна: "А, дык гэта той злачынец!" 

У гэты ж дзень каля дзевяці вечара адвакат па прызначэнні паведаміў сваякам Цімура, што ён затрыманы ў рамках крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

"На наступны дзень, у суботу, я паехала ў ІЧУ на Акрэсціна, каб пакінуць для Цімура перадачку. Калі я ўжо была ў міліцыянта, які правярае змесціва пакета, і назвала прозвішча брата, то была ўслед рэакцыя: "А, дык гэта той злачынец!" Хочацца спытаць, якое права ён меў так яго называць?

Я спадзявалася, што на гэтым гэты кашмар скончыцца, але аказалася, што гэта толькі пачатак", — распавядае сястра Цімура.

"У лесе са звязанымі рукамі прызнаецца ў тым, што ён удзельнічаў у масавых беспарадках" 

Каля 16 гадзін 26 верасня на Акрэсціна прыехала маці Віталя Шышлова і сказала, што той таксама прапаў без вестак. Яна абзвоньвала ўсе ведамствы ў пошуках сына, але ёй казалі, што яго нідзе няма. Неўзабаве па дзяржаўных каналах паказалі відэа, дзе Віталь у лесе са звязанымі рукамі прызнаецца ў тым, што ён удзельнічаў у масавых беспарадках 23 верасня пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Ён распавёў, што пасля абвяшчэння інаўгурацыі ён "з Болтам і Цімурам [імаверна, меў на ўвазе Цімура Піпію] таксама паехалі ў цэнтр, перакрывалі Нямігу". На відэа, ён кажа, што "потым, калі ўсіх разагналі, паехалі ў Серабранку. Там таксама перакрывалі рух". На відэа ён прызнаўся ў тым, што распыліў слёзатачывы газ у салон машыны супрацоўнікаў міліцыі 23 верасня ў Серабранцы:

"Я, трошкі выпіўшы і зусім не думаючы галавой, падышоўшы да машыны з супрацоўнікамі міліцыі, распырскаў балончык ім у салон".

Сястра Цімура Піпіі Луіза ўпэўненая, што відэа знятая пад ціскам:

"На відэа бачна, што пад якім ціскам ён усё кажа. Вочы былі заплаканы, ён дрыжаў, відавочна, што яго прасілі сказаць тое, што ім трэба. Націснуць на чалавека, у якога сям'я і дзіця, як разумееце, у нашай краіне не складана. Наколькі мне вядома, яго абвінавачваюць па двух артыкулах — гэта масавыя беспарадкі і напад на супрацоўніка міліцыі".

"Ці праўда, што ён у мінулым працаваў у пэўных дзяржаўных органах"

Па словах сястры Цімура, вечарам 26 верасня быў затрыманы другі іх брат — Тамаз Піпія. У той час ён знаходзіўся ў Гродне ў сваёй дзяўчыны.

"У момант нападу, па-іншаму не скажаш, яны знаходзіліся ў двары свайго дома. У нейкі момант да іх падышоў мужчына ў цывільнай вопратцы са словамі: "Стаяць, рукі за галаву". Тамаз вырашыў пабегчы, але насустрач выйшлі яшчэ трое, і там жа чакаў бус. Яго павалілі на траву і надзелі кайданкі. Прычым, ён не аказваў супраціў. На просьбу дзяўчыны Тамаза, каб невядомыя людзі прадставіліся, тыя сказалі, што яны проста міліцыя, і каб яна не лезла, калі не хоча сабе праблем, і павезлі". 

Каля сутак родныя Тамаза шукалі яго па ўсіх ведамствах Гродна і Мінска — безвынікова.

"Цэлыя суткі мы знаходзіліся наогул у недасведчанасці, дзе ён і ці жывы наогул. Увечары ў нядзелю я даведалася ад нашага дзядулі, што з ім звязваўся мужчына з нагоды нейкага з унукаў. Пры гэтым, не прадстаўляючыся, ён спытаў, ці праўда, што ён у мінулым працаваў у пэўных дзяржаўных органах. Не патлумачыўшы навошта, ён развітаўся. Я вырашыла сама ператэлефанаваць па тым нумары. Там са мной размаўлялі максімальна па-хамску. Я спытала, на якой падставе, яны затрымалі майго брата, а ў адказ пачула, што гэтага мужчыну патэлефанаваць папрасіў Следчы камітэт", — распавядае сястра Тамаза і Цімура.

У Следчым камітэце сваякам адказалі, што Тамаза ў іх няма і яны нічога не ведаюць. Толькі на другія суткі, вечарам 28 верасня, знаёмая Луізы паведаміла, што ён знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна — нібыта яна змагла туды датэлефанавацца і ёй так сказалі. Але родным Тамаза ніхто не паведамляў пра яго затрыманне.

"Але пры гэтым, я паняцця не маю як ён, што з ім, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Са мной ніхто не звязваўся наконт яго", — кажа Луіза.

29 верасня стала вядома, што Тамаза і Цімура Піпію і іх сябра Віталя Шышлова перавялі ў следчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага. Братоў Тамаза і Цімура Піпій падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў), а Віталя Шышлова, акрамя гэтага, яшчэ і па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).

"Наколькі мне вядома, мірны пратэст законны"

"Два маіх родных старэйшых брата Тамаз і Цімур і іх сябар Віталя ў мінулым футбольныя заўзятары клуба "МТЗ-РІПА". Я звязваю іх затрыманне цяпер з гэтым мінулым, паколькі, на мой погляд, дзеючая ўлада пачынае пазбаўляцца ад фанатаў. Таму пацверджанне, да прыкладу, гібель Мікіты Крыўцова і іншых хлопцаў яшчэ ў самым пачатку мірных пратэстаў у краіне. Усе разумеюць, што моладзь цяпер хоча пераменаў, сумленных выбараў і дэмакратыі ў краіне. Маладое пакаленне стала смялей, пачало адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. І мае хлопцы — не выключэнне.

Я не адмаўляю той факт, што яны бралі ўдзел у мірных маршах. Але, наколькі мне вядома, мірны пратэст законны. І на яго выходзіла вялікая колькасць людзей. Яны нічога не грамілі, не падпальвалі. А тое, што адбываецца ў краіне цяпер — сапраўднае бязмежжа. Увечары страшна выйсці на вуліцу адной, увесь час думкі, што цябе забяруць невядомыя людзі ў масках", — распавяла сястра затрыманых Луіза Піпія.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства