Маладэчна: Завялі крымінальную справу за пікет на вуліцы Вялікі Гасцінец Дапоўнена
Двух маладзечанцаў днямі затрымалі пасля перакрыцця Вялікага Гасцінца. Іх абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне работы транспарту (арт. 342 КК РБ).
21 лістапада на скрыжаванні Вялікага Гасцінца і Багдана Хмяльніцкага людзі перакрылі рух, у іх у руках была расцяжка з надпісам «Пока в стране беззаконие, сопротивление — наш долг». Маладзечанскі аддзел СК узбудзіў крымінальную справу.
Па інфармацыі следства праезную частку дарогі перакрылі на некалькі хвілін каля 10-00.
Крымінальную справу распачалі па ч.1 арт.342 — Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі парушэнне работы транспарту. Па гэтай частцы прадугледжана пакаранне — штраф, арышт, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох год.
Следчы камітэт паведаміў, што праз некалькі дзён затрымалі двух падазраваных 28 і 34 год. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, шукаюць іншых удзельнікаў акцыі.
Па інфармацыі «Рэгіянальнай газеты» гэтымі затрыманымі мужчынамі з’яўляюцца маладзечанцы Дзмітры Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў.
Справа 25-гадовай берасцейкі Марыны Глазавай за харавод на перакрыжаванні перададзена ў суд