viasna on patreon

Два гады пазбаўлення волі запатрабаваў пракурор для журналістак Белсат Дапоўнена

2021 2021-02-17T11:49:16+0300 2021-02-17T15:23:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andreeva_chulcova_sud11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 17 лютага працягваецца разгляд справы журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Белсат вядзе анлайн-трансляцыю з залі суда. 

13:40 Прысуд агучаць 18 лютага а 10:00.

13:20 Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова выступілі з апошнім словам.

Дар’я Чульцова:

«Высокі суд, прашу вас дасканальна разабрацца і даць непрадузятую ацэнку матэрыялам справы. Усе матэрыялы ўказваюць на маю невінаватасць. Я спадзяюся на сумленны, справядлівы і законны апраўдаўчы прысуд».

Кацярына Андрэева:

«Мне 27 гадоў, шэсць з іх я прысвяціла любімай прафесіі – журналістыцы.

Мінулым летам я ператварылася ў рэпарцёра з гарачай кропкі. Кожны раз, калі я працавала, я рызыкавала не толькі сваёй свабодай, але і здароўем, жыццём. Для маёй сям’і гэта значыла, што аднойчы я магу не вярнуцца дадому. І тым не менш я ішла ў вір падзеяў, каб паказаць гледачу ўсё без межаў. Мне ўдавалася ўхіляцца ад гумовых куляў і працягваць весці рэпартаж, працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Маім калегам пашчасціла менш. Іх білі ў жывот, ім ламалі насы, у іх стралялі з некалькіх метраў. І дагэтуль паводле фактаў гвалту над журналістамі не заведзена ніводнай крымінальнай справы, як і над мірнымі грамадзянамі, якія пратэставалі. 

15 лістапада людзі, узрушаныя забойствам Рамана Бандарэнкі, выйшлі, каб выказаць свой пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на плошчы Пераменаў у наўпроставым эфіры тэлеканалу «Белсат». За гэта мяне кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачвання.

Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калегаў. Свабоду Дар’і Чульцовай, свабоду Кацярыне Барысевіч, свабоду Ігару Лосіку, Але Шарко, Юліі Слуцкай і астатнім сотням палітычных зняволеных. Дзякую».

13:05 Сяргей Зікрацкі адзначае, што ў словах Кацярыны няма ніводнага, якое б магло быць успрынятае, як заклік да масавых беспарадкаў, і іх дзеянні таксама. А бок абвінавачвання не прадставіў ніводнага пацверджання гэтага парушэння. Кажа пра тое, што журналісткі добра і мірна выконвалі сваі абавязкі, а калі іх вінавацяць за іх працу, то гэта парушае міжнародныя нормы свабоды слова.

12:55 Сяргей Зікрацкі пытаецца, чаму паглядзелі толькі тыя запісы, якія запатрабавала пракурор.

«Мы ж не можам убачаць агульную карціну і ўжо даказана, што ў Каціных словах няма заклікаў».

Ён адзначае, што Дар’я – гэта іншыя гісторыя, бо яна ўвогуле маўчала.

«Калі журналістка палічыла патрэбным спаслацца на нейкі тэлеграм-канал, то гэта цалкам яе права».

Зікрацкі зачытаў словы Кацярыны, як яна кажа пра зброю ў сілавікоў, што людзям патрэбна дапамога і што ім нечым абараняцца.

«І гэта бок абвінавачвання лічыць грубым парушэннем парадку?»

12:35 Адвакат Сяргей Зікрацкі ўзгадвае запісы званкоў «мясцовых жыхароў», якія праслухвалі 16 лютага, але гэтыя людзі не называлі ніводнага дзеяння, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Калі следчы рабіў запыт у «Менсктранс», ён адразу папрасіў ацаніць шкоду, якая была нанесена перакрыццём дарогі праз масавыя беспарадкі. І гэта той доказ, па якім у судзе выносіцца абвінавачванне». Інфармацыі аб памеры шкоды – гэта наогул загадка».

Зікрацкі адзначае, што 16 лютага стрым прагледзелі фрагментамі, а не цалкам.

11:55 Слова бярэ адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі.

«Улады ведалі, што на плошчу Пераменаў прыйдуць людзі і павінны былі арганізаваць іх бяспеку. Тысячы людзей не маглі б змясціцца на тратуары і цалкам лагічна былі дзеянні з боку людзей выйсці на праезджую частку. Улады павінны выконваць права людзей на мірны сход. Нават калі сход быў неарганізаваны, гэта не павінна перашкаджаць журналістам асвятляць яго. […] Я ўпэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Аднак следчыя ўсё ж распачалі крымінальныя справы на журналістак і нават «расследавалі» іх.

[…] Каб лічыць, што журналісткі здзейснілі дзеянні, якія груба парушаюць грамадскіх парадак, там павінна была быць трэцяя асоба, якая б пацвердзіла іх віну, калі б хтосьці прыйшоў сюды ў залу і сказаў, што, маўляў, «так, праз дзеянні Бахвалавай і Чульцовай я выйшаў і стаў у счэпку». Такіх людзей не было… Нам яшчэ трэба высветліць факт прыпынення грамадскага транспарту, хто канкрэтна гэта зрабіў. Ніхто з «Менсткрансу» дакладна не мог высветліць, а якой і чаму спыніўся рух грамадскага транспарту: ці спачатку людзі перакрылі рух транспарту ці нехта іншы перакрыў дарогу, пасля чаго спыніўся грамадскі транспарт».

11:45 Адвакат Дар’і Чульцовай Аляксандр Хаецкі кажа, што дыскі з доказам не былі апячатаныя, таму ёсць сумневы адкуль у следства ўвогуле гэтыя запісы; ператрус праводзілі незразумела як, без санкцыі пракурора. Ён дадае, што няма ўцямнага тлумачэння розніцы, што такое проста парушэнне грамадскага парадку і грубае парушэнне грамадскага парадку. Таксама адзначае, што няма доказаў таго, што Дар’я і Кацярына выходзілі на праезджую частку. Трансляцыя не можа ўтрымліваць у сабе прыкметы закліку да дзеянняў і кажа пра тое, што на месцы не было мабільнага інтэрнэту і таму дзяўчыны не маглі арганізаваць масавых беспарадкаў.

11:35 Адвакат Дар’і Чульцовай Аляксандр Хаецкі кажа, што прадстаўленыя абвінавачанні не могуць быць доказам іх правапарушэння.

11:30 Пракурор сцвярджае, што Кацярына ведала, што на месца прыехала міліцыя. Пра гэта сведчыць тое, што дзяўчыны хаваліся ад праваахоўнікаў у кватэры і хаваліся ад дронаў, клаліся на падлогу.

Паводле Аліны Касьянчык, адвакаты спрабуюць пазбавіць іх адказнасці ад здзейсненага злачынства.

«Гэта павышаны характар небяспекі правапарушэння», – сцвярджае Касьянчык.

Пракурор запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі кожнай. Просіць канфіскаваць усю тэхніку на карысць дзяржавы.

11:25 Пракурор зачытвае, што дзяўчыны рабілі ў кватэры, апісвае тэхніку, з якой яны былі 15 лістапада. Зноў узгадвала незадаволенных «мясцовых жыхароў», якія званілі па нумары 102.

«З карыслівых меркаванняў у камізэльцы «Прэса» і з дапамогай тэлефонаў яны здзейснілі гэтае злачынства», – сцвярджае пракурор.

Пракурор Аліна Касьянчык кажа, што дзяўчыны выходзілі на праезджую частку дарогі і бралі там каментар, таму транспарт спыніўся. Нібыта гэта выклікала масавы выхад людзей на праезджую частку дарогі, а значыць і арганізацыю масавых беспарадкаў.

11:15 Адвакат падаў хадайніцтва аб перапынку, каб звязацца з яшчэ адным спецыялістам-лінгвістам. Пракурор была супраць і суддзя адмовіў. Судовае следства скончана, пачынаюцца спрэчкі бакоў.

11:10 Да справы далучылі ліст ад брытанскай праваабарончай арганізацыі Article19. У ім напісана, што журналісткі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, не заклікалі да дзеянняў. Арганізацыя выступае з патрабаваннем вызваліць журналістак і выконваць правы на свабоду слова.

10:55 Разбіраюць фразу «Заставайцеся з намі». Лінгвіст тлумачыць у экспертызе, што гэтая фраза распаўсюджана і не заклікае да нейкіх дзеянняў. Суд прагледзеў усё матэрыялы справы. Адвакат дадае да справы копію дыплому Дар’і.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі просіць дадаць да справы запыт у «БАЖ» аналізу аб прафесійнай этыцы журналістак.

Камісія па этыцы «БАЖ» сцвярджае, што Каця не заклікала гледачоў да аніякіх дзеянняў, прытрымлівалася прынцыпаў аб’ектыўнасці, якія адпавядаюць прынцыпам прафесійнай этыкі журналіста.

10:40 Суддзя Наталля Багук зачытвае на беларускай мове аналіз стрыму лінгвістам. Эксперт у дакуменце адзначыў, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымліваюць заклікаў да нейкіх актыўных дзеянняў, яна апісвае сітуацыю. У экспертызе сцвярджаецца, што адсутнічаюць прыкметы арганізацыі дзеянняў і звароты да ўдзельнікаў. Бачна, што Кацярыне складана гэта чуць.

«Рэпартаж накіраваны на тых людзей, якія знаходзяцца дома і не прысутнічаюць на месцы падзей», – яшчэ адна вытрымка з экспертызы.

10:25 Цяпер у cудзе праглядаюць і называюць рэчы, з якімі іх затрымалі: сшыткі, штатыў, тэлефоны, камера, камізэлькі з надпісам «Прэса». Пракурор дастае гэтыя рэчы з вялікай торбы. Дасталі вялікі бчб-сцяг і разгарнулі яго, прысутныя ўсміхнуліся.

10:15 Суддзя прыняў адмову ўсіх фінансавых прэтэнзій «Менсктрансу». Паводле гэтай арганізацыі, была нанесеная шкода прадпрыемству больш як на 18 тысячаў рублёў, якую цалкам скампенсавалі сваякі Кацярыны і Дар’і.

Бачна, што Кацярына і Дар’я хвалююцца, але ўсміхаюцца і трымаюцца бадзёра. У калідоры засталіся 8-10 чалавек аховы і некалькі чалавек, якіх не пусцілі ў судовую залу.

10:05 Людзей пачалі запускаць у судовую залу. Кацярына і Даша ўжо там.

10:00 На паседжанне, як і на папярэднія два, зноў прыйшло шмат людзей, якія хочуць падтрымаць дзяўчат. Шмат сілавікоў у цывільным, выстаўленыя рамкі. Пад будынкам суда бус з АМАПам.

Другі дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай

У судзе Фрунзенскага раёну Менску 16 лютага адбылося другое паседжанне ў справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, паведамляе Белсат.

Як праходзіць суд над журналісткамі "Белсат" Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

Паседжанне мусіла пачацца а 10:00, але затрымалася прыблізна на паўгадзіны. На суд пусцілі толькі акрэдытаваных журналістаў – карэспандэнты «Белсату» трапіць у залу не здолелі. Абмежаванне абгрунтавалі каронавірусам, аднак людзі, якія апынуліся па-за дзвярыма, казалі, што ў зале прысутнічала ўсяго каля 15–20 чалавек.


Нагадаем, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства