Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
20 лістапада 2024 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў:
- Станіслаў Таспаеў, чалавек з інваліднасцю, змешчаны пад варту па абвінавачванні ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь па арт. 369-1 КК і неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў па арт. 342-2 КК;
- Уладзімір Парашкоў асуджаны па арт. 367 Крымінальнага кодэкса за паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Генадзь Горбач асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 1 год і 6 месяцаў;
- Іна Пальцава асуджана па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Крывуць асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
- Андрэй Астапенка асуджаны па абвнавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады і суддзі, пагрозах супрацоўнікам органаў унутраных спраў у каментарах у сетцы Інтэрнэт да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Андрэй Савіцкі асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі і арт. 130-2 КК за адмаўленне “генацыду беларускага народу” да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Артур Канапацкі асуджаны па арт. 370 КК па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў да 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Артур Малчан асуджаны па арт. 370 КК па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў да 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Акакіеў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго году і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
- Яўген Катляроў асуджаны па абвінавачванні ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь па арт. 369-1 КК і абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК да аднаго года 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Суўханаў асуджаны па арт. 367 Крымінальнага кодэкса за паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Альховік па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, пагрозу службовай асобе накіраваны на прымусовае псіхіатрычнае лекаванне.
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняўСтаніслава Таспаева, Уладзіміра Парашкова, Генадзя Горбача, Іну Пальцаву, Сяргея Крывуця, Андрэя Астапенку, Андрэя Савіцкага, Артура Канапацкага, Артура Малчана, Аляксандра Акакіева, Яўгена Катлярова, Дзмітрыя Суўханава, Дзмітрыя Альховіка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend.