viasna on patreon

"Пазначаныя жоўтым". "Вясна" з творцамі прэзентуюць музычны альбом пра палітвязняў Беларусі Дапоўнена Аўдыё

2024 2024-11-19T11:08:00+0300 2024-11-26T11:21:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/babachka_4x5-kirylica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з творчымі дзеячамі прэзентуюць музычны альбом пра палітзняволеных Беларусі — "Пазначаныя жоўтым". Над яго стварэннем працавалі паэты, акторы, музыкі, праваабаронцы і былыя палітзняволеныя. Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення. Асобна вылучана тэма дзяцей, чыі бацькі былі зняволены паводле палітычных матываў. Альбом з'яўляецца своеасаблівай дакументацыяй рэпрэсій Беларусі. У аснове тэкстаў — рэальныя сведчанні палітзняволеных, а ў аранжыроўцы выкарыстоўваюцца архіўныя запісы затрыманняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязняў. Сярод іншага, у ім можна пачуць бразгат кайданкоў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў "Плошчы Перамен" пры затрыманні Сцяпана Латыпава, голас Сяргея Ціханоўскага і як чытаюць лісты да мамы і таты Насця і Ваня — дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея ЯрашэвічаАльбом прысвячаецца ўсім палітвязням Беларусі і тым, хто прайшоў гэты шлях.

babachka_16x9-kirylica-1.jpg
Вокладка альбома: collage-pattern

Пра альбом

Над стварэннем альбома працавалі аўтарка ідэі і менеджарка Крысціна Дробыш, рэпер і аўтар тэкстаў Аngst, музыка і рэжысёр Арцём Ставер, праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук. Безумоўна, гэта не ўсе, хто прыняў удзел у працы над праектам, але, на жаль, у мэтах бяспекі мы не можам назваць імёны ўсіх. Таму распавядзем пра некаторых з іх. У выкананні трэкаў узялі ўдзел акторы і музыкі, сярод якіх — Андрэй Новік, а таксама былыя палітзняволеныя Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям.

Праект рэалізаваны ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.

Альбом складаецца з шасці трэкаў, якія адлюстоўваюць шлях палітзняволенага Беларусі: затрыманне — умовы — суд — лісты — пасля вызвалення — дзеці. Кожны трэк альбома — своеасаблівая дакументалістыка рэпрэсій Беларусі, але праз мастацкае асэнсаванне. Распавядзем пра кожны з іх. 

Альбом ужо дасяжны на лічбавых платформах: Youtube,Soundcloud, SpotifyMusic AppleAmazon music, Boomplay

затрыманне

Напісаў тэкст і выканаў трэк рэпер Angst. У аранжыроўцы, якую стварыў Арцём Ставер, выкарыстаны гукі затрымання Сяргея Ціханоўскага і членаў каманды "Краіна для жыцця" ў Гродне 29 траўня 2020 года. На пачатку запісу можна пачуць голас самога блогера, а таксама гукі вядомага многім заглушанага прамога эфіра. У якасці перкусіі — гукі з затрымання Сцяпана Латыпава і крыкі людзей з "Плошчы Перамен".

"У кагосьці падчас затрымання ўдарылі бацьку
Пенсійнага веку, подла, зьнянацку,
У кагось перад тварам зброяй клацалі,
Ці скралі грошы, прадстаўнікі мірнай нацыі".

Viasna96 · 1. zatrymanne

умовы

Гэты трэк заснаваны на сведчаннях вязняў пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх месцах няволі, кажа аўтар трэку Angst. У гэтым трэку таксама можна пачуць жывыя сведчанні, у тым ліку асуджанага па "справе Зельцэра" Арцёма Задруцкага.

"Дзе б ты ні быў, дзе б ні сядзеў, 
куды б на зоне ня йшоў ты,
ад здзекаў табе
не схавацца нідзе, бо ты пазначаны "жоўтым".

Viasna96 · 2. umowy

суд

Распавесці пра беларускі суд аўтар тэксту Angst вырашыў праз альфабэт. Гэты трэк выканалі актор Андрэй Новік і былая палітзняволеная па "справе студэнтаў" і актывістка Алана Гебрэмарыям. Уся перкусія, як распавядае аўтар музыкі Арцём Ставер, гук таго, як Марыя Калеснікава грукае кайданкамі перад вынясеннем прысуда 6 верасня 2021 года. Таксама ў трэку выкарыстаны аўдыёзапіс з суда, дзе можна пачуць крык палітзняволенага Сцяпана Латыпава ў чэрвені 2021 года.

"Як падабраць патрэбныя словы, каб апісаць невымоўны сум?
А як перадаць, чым сёння ёсць беларускі суд,
дзе лёсы людзей ламаюцца аб нечуваны працоўны імпэт?
Гэта — вычварны слоўнік, 
жыццё, дзіўным чынам складзенае ў альфабэт".

Viasna96 · 3. sud

лісты

У запісе гэтага трэку прынялі ўдзел найбольшая колькасць выканаўцаў, сярод іх — рэжысёрка і фатографка Ксенія Галубовіч. Сканчваецца ён пералікам перамерлых у зняволенні палітвязняў:

"А яшчэ ёсць тыя каму
не дапішашся болей ніколі ты 

Аляксандру, Мікалаю, Ігару, Дзіму,
Алесю, Вадзіму, Вітольду"

Viasna96 · 4. listy

пасля вызвалення

Трэк "пасля вызвалення" — гэта дакументальная гісторыя былога палітзняволенага і музыкі Алеся Папковіча. За кратамі хлопец утрымліваўся амаль два гады, а цяпер праходзіць працэс адаптацыі пасля зняволення і сацыялізацыі ў эміграцыі. Пра гэты свой складаны шлях ён распавёў праз музыку:

"Там, у турме, ідзе змаганне штодня, а тут пачуццё паразы.
Я ня ведаў, ці выйду я сам, і таму адчуваю адказнасць
за тых, хто са мной быў, у каго забіраюць усё, а галоўнае — час.
Там ёсць страх за жыццё, ды няма баязьлівасці, як у вас".

Viasna96 · 5. paslia wyzwalenia

дзеці

"Дзеці" — адзін з самых эмацыйна складаных трэкаў у гэтым альбоме. Тэкст і музыка для яго напісаў Uhead (Арцём Ставер). Трэк уяўляе сабой калыханку ад дзяцей да бацькоў. У ім таксама можна пачуць, як чытаюць лісты да мамы і таты маленькія Насця і Ваня — дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча

"З іх вачэй цячэ сляза?
З іх хтосці чуў пра ШІЗА.

Дасканала? Падрабязна?
Ці яны таксама вязні?"

Viasna96 · 6. dzieci

Аўтарка ідэі: "Хацелі стварыць штосьці дакументальнае і максімальна набліжанае да рэальнасці"

Ідэя праекту належыць Крысціне Дробыш, якая выступіла таксама менеджаркай і рэжысёркай альбома. Яна распавяла пра складаны працэс працы над ім:

"Асноўнай задачай для мяне было знайсці радыкальна іншы спосаб расказаць пра палітвязняў і іхныя гісторыі. Пра тое, што так ці іначай закранула кожнага і кожную з нас. У рознай ступені, але ж. Шмат чаго напісана пра палітвязняў, безліч размоў, справаздач, дакументаў. Шмат было спосабаў творча пераварыць гэта. Мы сышліся на тым, што хочам не проста расказаць пра палітзняволенне, а зайсці з нагі ў дзверы ў гэтую тэму. Перапрацаваць дакументальныя тэксты, запіліць моцны біт і даць галасы тых, хто не мае магчымасці пракрычацца, абурыцца, выказацца".

Крысціна адзначае, што важна было, каб прагучалі галасы тых, хто прайшоў зняволенне і цяпер можа гаварыць. Таму да ўдзелу ў праекце быў запрошаны былы палітзняволены і музыка Алесь Папковіч, які падзяліўся сваім досведам адаптацыі пасля зняволення.

"Мы пастараліся пазбегнуць лірыкі і пафасу. Мы хацелі стварыць штосьці дакументальнае і максімальна набліжанае да рэальнасці. Паказаць розныя бакі на розных стадыях гэтага беларускага шляху. Я дужа ўсцешаная, што сабралася шыкоўная каманда, каторая не проста пісала інструментал і перапрацоўвала вагоны тэкстаў, людзі кожны на сваёй глебе стваралі сапраўдную драматургію. Аніводнага лішняга слова, аніводнага лішняга гуку. І, напэўна, самае каштоўнае для мяне гэта ўдзел саміх палітзняволеных у запісе. Галасы тых, хто зведаў гэта пекла знутры. Я дужа ўдзячная за смеласць і давер. Бо ні ў кога не было падобнага досведу запісу.

Вялікай каштоўнасцю менеджарка праекта называе водгукі, якія каманда ўжо атрымала на этапе чарнавых запісаў.

"Палітзняволеныя, іхныя дзеці, бацькі. Вядома, узнікалі сумневы, ці трэба гэта ўсё напраўду, каму, для каго?.. але іхныя словы ставілі кропку ў галоўным пытанні — трэба!"

Аўтар тэкстаў: "У іх аснове — непрыдуманы досвед многіх людзей, пацверджаны відавочцамі"

Тэксты для праекта пісаў рэпер Angst. Ён таксама падзяліўся працэсам працы:

"Напісанне тэкстаў для гэтага праекта аказалася вельмі няпростай творчай задачай. Складанейшай, чым падавалася адпачатку, прынамсі. Па-першае, вядома, праз эскапізм і стомленасць ад тэмы, па-другое, праз цяжкасці работы з матэрыялам. Хацелася паспрабаваць крыху іначай, чым калегі, падысці да стварэння тэкстаў, таму ў аснове ўсяго — рэальныя сведчанні і парады былых палітвязняў, прыватныя размовы і ўспаміны, а таксама літаратурныя адсылкі і алюзіі. Нехта пачуе адсылку да "Аднаго дня Івана Дзянісавіча" Салжаніцына, хтосьці — да "У кіпцюрах ГПУ" Францішка Аляхновіча і "Споведзі" Ларысы Геніюш.

Тэксты, якія атрымаліся ў выніку, вядома, нельга назваць дакументальнымі ў поўнай меры, але ў іх аснове — непрыдуманы досвед многіх людзей, пацверджаны відавочцамі. Дарэчы, праверка матэрыялу, паказ напісанага тым, хто праходзіў праз усе гэтыя выпрабаванні, каб ацаніць мастацкую адпаведнасць — таксама частка працэсу. Мяркую, знойдуцца тыя, хто зможа ацаніць старанні ўсёй каманды, нягледзячы на няпростую тэму".

Аўтар музыкі: "Каб перадаць стан, трэба прынамсі яго зразумець"

Музыка і рэжысёр Арцём Ставер распавёў пра напісанне музыкі для праекту:

"Падчас напісання музыкі хацелася знайсці нейкі агульны падыход, каб там абавязкова быў эксперыментальны складнік, але драматургічна апраўданы ў кожнай з кампазіцый. І я вырашыў паспрабаваць перадаць стан лірычнага героя праз асаблівасці (тэхнічныя і мастацкія) выкарыстання гукаў. Напрыклад у песні "суд" уся перкусія складаецца з гукаў кайданкоў Марыі Калеснікавай, але незмяняючыхся і манатонных, пры гэтым асноўны інструмент – сінтэзатар, які ніколі не знаходзіцца на адным месцы, бо нота ўвесь час "ездзіць" знізу ўверх. Ці ў песні "затрыманне" – гук сінтэзатара ў першай частцы складаецца з трох крыніц гуку, якія ўвесь час па чарзе змяняюцца, ствараючы цякучае палатно з пераходамі ў атанальнасць і наадварот.

Але для таго каб перадаць стан, трэба прынамсі яго зразумець. Для гэтага я пераглядзеў і перабраў вельмі шмат розных матэрыялаў па кожнаму кірунку, каб пазначыць сабе пэўныя кропкі, якія неабходна было, на маю думку, адлюстраваць. І гэта стоадсоткава была самая складаная частка маёй працы.

Яшчэ варта пазначыць што мне было досыць прыемна працаваць у нашай мастацкай суполцы, бо гэта была сапраўдная творчая атмасфера, з добрай прасторай для вынаходніцтва".

Праваабаронца: "Гэты альбом крычыць за тых, хто пакуль (ці ўжо) пазбаўлены права выказацца"

Важнасць гэтага альбома ў кантэксце дакументалістыкі адзначае праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук:

"Пасля чарговага позняга запісу альбому на студыі адзін з музыкаў падзяліўся са мной, што ён ужо не можа чытаць навіны пра рэпрэсіі і думае, што "добра, што ёсць людзі, якія гэта ўсё запішуць". Мяне гэтыя словы вельмі зачапілі, бо насамрэч гэта штодзённы выклік для праваабаронцаў, бо фіксаваць і дакументаваць гісторыі рэпрэсаваных усё цяжэй па шэрагу розных прычын. Апроч гэтага, мы ўвесь час працягваем шукаць новыя спосабы, каб данесці беларускаму грамадству і свету пра рэпрэсіі і палітвязняў. Усё не толькі не скончылася, а перарасло ў рознабаковую праблему такога маштабу, што складана да яе падысці.

Мы разумеем, як цяжка жыць у парадку рэпрэсій ужо больш за чатыры гады. І цяпер зноўку прапаноўваем — цяпер ужо праз музыку, а не праз інтэрв'ю — перажываць эмоцыі рэпрэсаваных людзей, пачуць знаёмы для многіх грукат у дзверы, бразгат кайданкоў, забытыя крыкі натоўпаў перад сілавікамі, адчуць нямы страх перад агалошваннем прысуду... Казаць і ведаць пра гэта трэба, пакуль у Беларусі пераследуюць людзей паводле палітычных матываў.

"Пазначаныя жоўтым" прызваны прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў, да жудасных умоваў, у якіх іх утрымліваюць, на складанасці адаптацыі пасля вызвалення, а таксама на балючую тэму "дзяцей палітвязняў". Гэты альбом крычыць за тых, хто пакуль (ці ўжо) пазбаўлены права выказацца. У той час, калі рэжым прыкладае шмат высілкаў, каб прымусіць замаўчаць нават былых палітвязняў, "Пазначаныя жоўтым" распавядае трагічную гісторыю тысяч беларусаў і беларусак.

Дзякуючы таленавітай і моцнай камандзе з музыкаў, актораў і творцаў атрымалася не толькі своеасабліва дакументацыя нашага часу, а важнае выказванне. Добра, што ёсць людзі, якія дапамаглі гэта ўсё запісаць".

Альбом ужо дасяжны на лічбавых платформах: Youtube,Soundcloud, SpotifyMusic AppleAmazon music, Boomplay

Пазней з'явіцца на іншых пляцоўках — мы будзем інфармаваць. Памятайце пра правілы бяспекі пры рэпостах і распаўсюдзе альбома.

"Пазначаныя жоўтым". "Вясна" з творцамі прэзентуюць музычны альбом пра палітвязняў Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства