viasna on patreon

Палітзняволенага краязнаўцу асудзілі да пазбаўлення волі

2024 2024-11-21T17:01:28+0300 2024-11-21T17:01:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nikicin.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Нікіцін. Фота з сацсетак

Аляксандр Нікіцін. Фота з сацсетак

Былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, экскурсавод Аляксандр Нікіцін быў асуджаны да пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўдзеле ў мірных сходах. Пра гэта паведамляе выданне "Флагшток".

Ён быў асуджаны яшчэ ў верасні ў судзе Чыгуначнага раёна г. Гомеля паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 19 і 26 верасня 2024 года справу разглядаў суддзя Кузянёк Дзяніс Аляксандравіч.

Дакладны тэрмін, які прысудзілі Нікіціну, невядомы. Вядома, што да гэтага хлопца судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу за падпіску на старонку, абвешчаную "экстрэмісцкай". Гэта адбылося ў пачатку траўня. З таго часу старонкі Аляксандра ў сацсетках не аднаўляюцца.

Аляксандра называлі "легендай Веткаўскага музея", "любімым экскурсаводам". Ён захапляўся краязнаўствам яшчэ з юнацтва, любіў бываць у экспедыцыях і збіраць старадаўнія рэчы. Некаторыя нават выкупляў за ўласныя грошы. Апошні час Аляксандр не працаваў у музеі. Яго забралі ў войска ў канцы 2022 года, а пасля таго, як ён адслужыў, у музей не вяртаўся. Паводле звестак "Флагштока", незадоўга да затрымання хлопец паспеў папрацаваць на дзяржаўным тэлебачанні. Да гэтага ён не раз даваў каментары дзяржаўнай прэсе.

Апеляцыю па справе Нікіціна ў абласным судзе будзе разглядаць старшыня судовай калегіі Васіль Бягун.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства