viasna on patreon

Дакрануўся да машыны ДАІ — вінаваты па трох артыкулах. Вынесены прысуд Вадзіму Луковічу

2021 2021-03-16T17:41:57+0300 2021-03-16T17:50:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vadzim_lukovich_arhiu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Юлія Густыр 16 сакавіка вынесла прысуд у дачыненні да Вадзіма Луковіча2 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (столькі ж запытваў дзяржабвінаваўца Арцём Цвяткоў).

Вадзім Луковіч. Фота прадастаўлена яго жонкай
Вадзім Луковіч. Фота прадастаўлена яго жонкай

Прысуд вынесены па сукупнасці віны ў трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • частка 1 артыкула 342 КК РБ (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • артыкул 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • частка 1 артыкула 218 КК РБ (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Нагадаем, Вадзіма Луковіча судзілі за тое, што 9 жніўня ён апынуўся ў натоўпе людзей, якія сталі стукаць па машыне ДАІ, што праязджала міма (дзеянне адбывалася на скрыжаванні вуліц Багдановіча-Купалы-Старажоўскай у Менску). Сам Вадзім на судзе адзначаў, што апынуўся там выпадкова, а ў натоўпе яго неспадзявана штурхнулі — таму ён ненаўмысна абапёрся на машыну ДАІ і пакінуў там адбітак сваёй правай далоні. Пра тое, як пачынаўся судовы працэс над Луковічам, чытайце тут:

Чатыры пазовы і тры крымінальныя артыкулы. Пачаўся суд над Вадзімам Луковічам, дзе пацярпелыя — супрацоўнікі ДАІ

У судзе Цэнтральнага раёна горада Менска 9 сакавіка пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да 42-гадовага мінчука Вадзіма Луковіча. Сярод пацярпелых — два супрацоўнікі ДАІ, машына якіх праехала міма Луковіча ў ноч з 9 жніўня на 10 жніўня 2020 года, а той пакінуў на ёй свае адбіткі. Абвінавачваюць Вадзіма адразу па трох артыкулах.

Абарона адзначала, што ў Луковіча не было ніякіх намераў прычыняць шкоду аўтамабілю ДАІ. На ім адбілася частка яго правай далоні — але Луковіч з'яўляецца ляўшой, і адпаведна, калі б ён наносіў ўдары па машыне, то на ёй знайшлі б адбіткі яго левай далоні.

У якасці доказу віны дзяржабвінаваўца Арцём Цвяткоў адзначаў той факт,што на відэа інцыдэнту можна ўбачыць «асобу, апранутую ў сінюю майку, як і абвінавачаны», а больш людзей у сініх майках там не відаць. Гэта відэа было апублікавана ў тэлеграм-канале, прызнаным «экстрэмісцкім» — менавіта таму частку судовага працэсу, дзе разглядалася гэта відэа, зрабілі па хадайніцтве дзяржабвінаваўцы закрытай. Аднак вядома, што тое ж самае відэа ставілася ў доказ віны Івана Канявегі (яму прысудзілі тры гады калоніі) — доўжылася яно 8 секунд. Самі ж пацярпелыя (супрацоўнікі ДАІ, якія знаходзіліся ў той машыне, Аляксей Раманоўскі і Алег Радкевіч) казалі, што ўсё дзеянне адбывалася ад 20 секунд да паўтары хвілін. Прысудам Луковічу суд таксама абавязаў выплаціць маральную кампенсацыю пацярпелым агульнай сумай у 900 беларускіх рублёў: 500 рублёў Раманоўскаму і 400 — Радкевічу.

Акрамя таго, Луковіч яшчэ да прысуду выплаціў матэрыяльную кампенсацыю шкоды машыне ДАІ памерам у 2052 рублі.

Таксама дзяржаабвінаваўца ў спрэчках бакоў (15 сакавіка) запытваў абавязаць Луковіча выплаціць шкоду «Мінсктрансу» памерам у 1279 беларускіх рублёў. Аднак гэты пазоў суд пакінуў без разгляду.

Вадзім Луковіч таксама павінен аплаціць дзяржаўную пошліну памерам у 276 беларускіх рублёў.

У якасці гарантыі выплаты Луковічам усіх пазоваў суд пакінуў пад арыштам ягоны аўтамабіль маркі Land Rover.

 Land Rover і асабістая трагедыя. Чым займаўся Луковіч і як яго пераследавалі

Вадзім Луковіч — арганізатар клуба "Land Rover Brothers", паколькі з'яўляецца вялікім прыхільнікам гэтай маркі аўтамабіля.

«У Вадзіма вялікі круг зносін. Ён пастаянна арганізоўваў гонкі па праходжанні перашкод, пракладаў трасы, актыўны ў гэтай справе. Арганізоўваў сумесныя паездкі на Land Lover'ах, мы разам з ім і іншымі аматарамі ездзілі на Кольскі паўвостраў і па Карэліі», — распавёў брат Вадзіма.

9 жніўня Вадзім Луковіч вяртаўся пасля рамонту Land Rover аднаго са сваіх знаёмых. Свой жа ўласны Land Rover ён у той вечар вырашыў пакінуць на Нямізе, паколькі горад быў перакрыты сілавікамі, і працягнуць рух дадому пешшу.

Першы раз Вадзіма затрымалі 25 лістапада 2020 года. У той дзень у яго кватэры быў праведзены грубы ператрус, распавяла яго жонка Юлія:

«У нас двухпакаёвая кватэра у адной жыла маці Вадзіма, а ў іншай мы з двума дзецьмі. Як можна было дзіцячыя рэчы паразварочваць — што там было шукаць? Залезлі ў альбомы вясельныя, дзіцячыя ... Калі маё малодшае дзіця (яму 8 гадоў) убачыла гэта, то казала такія рэчы... Да чаго трэба давесці так дзяцей нашых? Дзіця было проста шакаванае»

Праз чацвёра сутак Вадзіма адпусцілі. Другі раз яго затрымалі 21 студзеня 2021 года (з тых часоў ён заставаўся пад вартай, а на суд яго прывозілі пад канвоем). На наступны дзень ад COVID-19 памерла яго маці. Аднак прысутнічаць на пахаванні Вадзіму не дазволілі:

«Я зрабіла званок у дзяжурную частку Следчага камітэта, але мне сказалі, што зараз выхадны (гэта была пятніца, 22 студзеня, у 18.20), — распавяла Юлія. — Я паспрабавала вывесці іх на чалавечнасць, бо для смерці выходных няма. Але мне сказалі, што ў выходны дзень выпускаць на пахаванне ніхто не мае намеру. Я затрымала пахаванне адразу хацелі хаваць у нядзелю, але ў выніку хавалі ў панядзелак. Стрыечны брат нават даваў падпіску за Вадзіма, але яму ўсё роўна адмовілі, што з'яўляецца бесчалавечнасцю і блюзнерствам».

Вадзім Луковіч — адзіны карміцель у сям'і. Яго дзецям 17 і 8 гадоў, а малодшае дзіця патрабуе пастаяннага дагляду і навучаецца індывідуальна. Падчас судовых спрэчак Вадзім прасіў суд не прызначыць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, бо гэта паставіць яго сям'ю ў вельмі цяжкае становішча. Сваю віну ён не прызнаў, а прысуд намераны абскардзіць.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства