viasna on patreon

“45 сутак арышту ў духаце”.  Лідэр стачкама «Беларуськалія» Анатоль Бокун распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ

2021 2021-06-25T09:15:19+0300 2021-06-25T09:53:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bokun-anatol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анатоль Бокун. Фота з @stachkom

Анатоль Бокун. Фота з @stachkom

Лідэр стачкама «Беларуськалія» з Салігорску Анатоль Бокун правёў пад адміністрацыйным арыштам 45 сутак запар. Ен і раней неаднаразова арыштоўваўся за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, атрымліваў і 15, і 25 сутак.

А на гэты раз актывіста затрымалі яшчэ 8 траўня ў Капылі, калі той паехаў з Салігорску да сваіх бацькоў. Потым Анатоля адвезлі ў Салігорск, дзе склалі пратакол па артыкуле 24.3 КаАП, нібыта за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы. У пратаколе было адзначана, што Бокун затрымліваўся за тое, што адмаўляўся выходзіць са службовага аўтамабіля і аказваў непадпарадкаванне.

«Барак узмоцненага рэжыму»

«На наступны дзень, 9 траўня, мяне выклікалі з ІЧУ ў нейкае памяшканне, дзе быў супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканмічнымі злачынствамі, ён прапанаваў азнаёміцца з матэрыяламі справы па артыкуле 24.57, але я адмовіўся гэта рабіць без адваката.

11 мая сканчаліся трое сутак з моманту майго затрымання, я спытаў яшчэ ў дзяжурнага, колькі часу і чаму мяне не адпускаюць. На гэта мне адказалі, што складаецца яшчэ адзін пратакол, хутка мяне азнаёмяць. Сапраўды, праз паўгадзіны прыйшоў участковы інспектар, які склаў на мяне пратакол па артыкуле 24.23 «Парушэнне арганізацыі масавых мерапрыемстваў». Я зноў сказаў, што маю абаронцу і што сам знаёміцца ні з чым не буду. Інспектар ужо збіраўся сыходзіць, тады я спытаў, ці затрыманы. Ён кажа, што так. Але дзе тады пратакол затрымання? Міліцыянер доўга шукаў, а потым дастаў чысты аркуш паперы і стаў запаўняць. На той момант было ўжо 11:55, але зноў часам затрымання пазначана 11:20”, - распавёў Бокун журналістам “Нашай Нівы”.

12 мая адбыўся суд па артыкуле 24.23 КаАП. Паколькі Бокун прыцягваўся па ім не ўпершыню, то судзілі па трэцяй частцы, суддзя даў найбольшы магчымы тэрмін — 30 сутак.

«Мая віна заключалася ў запісе відэазвароту да беларусаў, дзе я віншую людзей з Днём Волі. Запіс адбываўся 23 сакавіка, увагу грамадскасці я не прыцягваў, нічога не выкрыкваў. Але суд праходзіў стандартна, нічога новага».

Пратакол па артыкуле 24.57 КаАП за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскай арганізацыі або фондуразглядаў намеснік начальніка Салігорскага РАУСа Канапацкі.

«Ёсць спіс артыкулаў, якія могуць разглядаць не суддзі, а начальнікі і намеснікі начальнікаў РАУСаў. Суд праходзіў за закрытымі дзвярамі, я падпісваў дакумент аб неразгалошванні. Магу толькі сказаць, што мяне абвінавачвалі ў арганізацыі фонда дапамогі бастуючых шахцёраў. Вынік — 10 базавых штрафу».

Толькі 31 мая прайшоў суд па «непадпарадкаванні». Анатоль Бокун зазначае, што было шмат нестыковак і парушэнняў, бачыў гэта і суддзя. Напрыклад, міліцыянеры блыталіся ў паказаннях аб тым, з якога менавіта боку сядзеў у аўтамабілі Бокун і аб якую сядушку трымаўся. «Цікава, што на першым паседжанні адсутнічаў пратакол затрымання. Мне здаецца, што яго шукалі па ўсіх цёмных кутках у пастарунку, бо ён быў скамячаны і добра так папрасаваны».

45 сутак арышту ў духаце і спякоце

Да 1 чэрвеня Анатоль Бокун утрымліваўся ў ІЧУ Салігорска, а з 1 чэрвеня і да моманту вызвалення - у Старых Дарогах.

Ен пагадзіўся распавесці праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання ў Ізалятары часовага ўтрымання ў Старых Дарогах.

Анатоль кажа, што ў камеры на чатыры чалавекі было вельмі цяжка дыхаць ад задухі і спёкі.  У прыбіральню ж выводзілі два разы на дзень на вуліцу.

Пітную ваду трэба было таксама прасіць у дзяжурных наглядчыкаў.

У сувязі з распаўсюдам каронавіруса Анатоль Бокун распавёў, што камера апрацоўвалася нейкім дэзадаруючым сродкам.

Аднак былі праблемы з медычнымі маскамі:

- Як хто патрапіў на суткі з адной маскай, так і да вызвалення з ёй заставаўся.

На шчасце, хворых на COVID-19 сярод іх не было.

Пра ўтрыманне ў  Салігорскім ІЧУ кажа, што з адрозненне ад Старых Дарог, арыштаваным матрацаў не выдавалі, нельга было атрымаць ад сваякоў нават перадачку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства