Дзясяткі тысяч затрыманых, тысячы заяваў аб катаваннях і сотні параненых — год таму ў Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта
Дзявятага жніўня 2020 года ў Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта. Тое, што адбылося пасля гэтага, стала самым сур'ёзным крызісам у галіне правоў чалавека за ўсю кароткую гісторыю незалежнасці краіны. «Вясна» прыводзіць несуцяшальныя дадзеныя пераследу з пачатку выбарчай кампаніі:
Па апошніх дадзеных Следчага камітэта, у Беларусі заведзена больш за 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэстнымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў»;
Па стане на 9 жніўня 2021 года намі сабрана больш за 1450 імёнаў і прозвішчаў фігурантаў палітычных крымінальных спраў з розных гарадоў краіны (прозвішчы яшчэ часткі людзей мы не публікуем па іх просьбе).
Вядома ўжо больш за 800 вынікаў судоў па палітычна матываваных крымінальных справах.
Палітычнымі зняволенымі прызнаныя 610 чалавек. У бліжэйшы час гэта лічба стане яшчэ больш.
Сем праваабаронцаў "Вясны" былі затрыманы ў межах крымінальных спраў і зараз знаходзяцца ў СІЗА.
Колькасць затрыманых па ўсёй краіне за год (з 9 жніўня 2020 па 9 жніўня 2021 года) склала больш за 35 000 чалавек;
З 28 ліпеня 2020 па 28 ліпеня 2021 3906 чалавек атрымалі штрафы за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствам» ці «непадпарадкаванне міліцыянтам». Агулам яны заплацілі не меней за 2 678 555 рублёў;
У выніку дзеянняў сілавікоў сотні людзей атрымалі раненні і цяжкія калецтвы, як мінімум двое дэманстрантаў былі забітыя (Аляксандр Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў), у выніку несвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў Гомелі памёр Аляксандр Віхор. Смерці яшчэ некалькіх чалавек могуць быць звязаны з пратэстамі.
21 траўня стала вядома пра смерць пры нявызначаных абставінах у шклоўскай калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.
У дзяржаўныя органы паступіла як мінімум 4 644 заявы аб ужыванні сілавікамі катаванняў. Па больш чым 1050 заявах прыняты рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў. Дагэтуль не была ўзбуджаная ніводная крымінальная справа па факце катаванняў.
Выключэнне ў плане ўзбуджэння крымінальных спраў — справа па смерці Рамана Бандарэнкі: «Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па ч.3 арт.147 КК Беларусі па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць Бандарэнкі Рамана Ігаравіча».
Нягледзячы на шакуючыя лічбы, затрыманні калегаў і шматлікія ператрусы, «Вясна» запэўнівае, што будзе і надалей дапамагаць беларусам адстойваць свае правы:
- Паведаміць пра выпадкі затрыманняў можна нам на @viasna_bot ці на @ViasnaSOS, @SOSViasna
- Распавесці сваю гісторыю журналістам «Вясны» — @spring96info
- Распавесці пра катаванні ці дрэнныя ўмовы ўтрымання — @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org
- Звярнуцца па дапамогу па юрыдычных пытаннях, а таксама абскардзіць пастанову суда можна з дапамогай юрыдычнай службы «Вясны»: @zvarot96, zvarot@spring96.org
- Кантакты праваабаронцаў у рэгіёнах