viasna on patreon

Пракурорка запатрабавала пакараць шматдзетную маці Вольгу Залатар пяццю гадамі калоніі

2021 2021-11-29T15:06:00+0300 2021-11-29T17:14:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/11111_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 29 лістапада працягнуўся суд над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар. Ёй ставяць у віну наступныя артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамаганне да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга не прызнае віну ні па ніводным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Палітзняволеная абвінавачваецца, у тым ліку, у стварэнні экстрэмісцкіх фарміраванняў –  тэлеграм-чатаў "Ждановічы сёння", "Ждановичи 2020 – клуб любителей песен Цоя", якія прызналі экстрэмісцкімі праз сем месяцаў пасля затрымання Вольгі. Сёння пракурорка Жанна Баранава запрасіла пакаранне для зняволенай шматдзетнай маці – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Вольга Залатар з сям'ёй

Нагадаем, Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў яе дома правялі ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла. Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

Як паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заяўляла, што ў дзень затрыманьня да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту збіцця Залатар было адмоўлена па прычыне таго, што "цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання".

Палітзняволеную Вольгу Залатар абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання);
  • ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучанне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва да арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У судзе 15 лістапада зачыталі абвінавачванне Вользе, якое заняла каля 40 хвілін."Вясна" апублікавала поўны яго аўдыёзапіс.

25 лістапада кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце вырашыла, што адвакатка палітзняволенай Наталля Ванцовіч "не можа выконваць свае прафесійныя абавязкі з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Адвакатке ставяць у віну разгалошванне дадзеных папярэдняга следства па справе Вольгі Залатар. Па словах Ванцовіч, яна гэтага не рабіла і будзе абскарджваць рашэнне. Пакуль яна працягвае абараняць Вольгу.

"Я з'яўляюся неабыякавым чалавекам". Што казала на судзе палітзняволеная?

Вольга на судзе пагадзілася даваць паказанні толькі пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў справы. Яна давала паказанні 25 лістапада ў форме адказаў на пытанні дзяржаўнай абвінаваўцы.

На судзе яна распавяла, што сапраўды карысталася тэлеграмам, але адмовілася адказваць пра ўліковыя запісы і акаўнты, якія ёй належаць. Таксама Вольга не стала тлумачыць, як былі зроблены фатаграфіі з тэлефона, якія выступаюць у якасці доказаў яе віны.

Пракурорка на судзе запытвала ў Вольгі пра паступленне на яе банкаўскі рахунак грошай ад іншых фізічных асобаў 20 лістапада. Жанчына патлумачыла, што 20 лістапада было пахаванне Рамана Бандарэнкі, дзе яна сама і прысутнічала, яна набывала пахавальны вянок. Пракурорка запытала тады: "Хто Вы Раману Бандарэнку: сваяк ці хто?"

"Я з'яўляюся неабыякавым чалавекам", —  заявіла Вольга. 

На пытанні пракуроркі пра ўдзел у Маршах палітзняволеная адмовілася адказваць. Тая запытала ў Вольгі, ці арганізоўвала яна Маршы, на што жанчына адказала, то не разумее пытання, бо "занадта глабальнае пытанне".

Дзяржабвінаваўца запытала ў Залатар пра яе датычнасць і азнаёмленасць з сайтам з картай дваровых чатаў dze.chаt, які 18 кастрычніка быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Вольга адказала, што сайт ёй знаёмы толькі з матэрыялаў крымінальнай справы і АНТ, асабіста яго не наведвала.

29 лістапада перад судовымі спрэчкамі адвакатка Ванцовіч заявіла два хадайніцтвы. Першае: далучыць да матэрыялаў справы звароты Вольгі ў органы выканаўчай улады і адказы на іх пачынаючы з 2009 года, што можа сведчыць аб тым, наколькі Вольга з'яўляецца неабыякавым чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Другое: аб выкліку і допыце палкоўніка міліцыі Чэпурышкіна з мэтай атрымаць звесткі аб тым, якім чынам быў атрыманы доступ да телеграм акаўнтаў, паведамленні якіх зачытвалі ў абвінавачванні. У матэрыялах крымінальнай справы няма такога дакумента, а ён павінен быць. Суддзя Анастасія Папко задаволіла толькі першае хадайніцтва. Так, да матэрыялаў справы былі далучаныя звароты з нагоды добраўпарадкавання тэрыторыі жылога дома і адказы на яго, з нагоды аказання дапамогі нейкім грамадзянам, зварот у ДАІ з нагоды арганізацыі дарожнага руху ў Ждановічах, скарга з нагоды ўмовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых, накіраваная ў ГУУС, адказ дэпутата Палаты прадстаўнікоў, прапановы Вольгі па ўнясенню змяненняў у пенсіённае заканадаўства, заявы Залатар аб правядзенні пікетаў і адмовы ў гэтым, звароты Вольгі ў ЦВК аб прызнанні подпісаў дакладнымі, зварот у кастрычніку 2020 ў Нацыянальны Сход па правядзенні разглядаў па факце прымянення гвалту супрацоўнікамі УВД, зварот, якія тычацца шасці удзельнікаў усебеларускага сходу, звароты да начальніка жодзінскага ІЧУ аб перадачах для затрыманых і многія іншыя.

Таксама Вольга Залатар заяўляла хадайніцтвы аб агалошванні яе паказанняў, дадзеных падчас судовага следства на допытах ў следчага, і аб выкліку ў якасці сведкі следчага Лапко Мікалая Андрэевіча, таму што "пры даследаванні дыскаў-рэчыўных доказаў былі выяўленыя матэрыялы, якія абвінавачаная бачыла ў першы раз і іх няма ў матэрыялах справы". Але суддзя Анастасія Папко адмовіла ў задавальненні хадайніцтв палітзняволенай.

Судовыя спрэчкі

29 лістапада на судзе над Вольгай Залатар адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурорка Жанна Баранава лічыць, што віна Вольгі Залатар па прад'яўленым артыкулам Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная і папрасіла суд пакараць яе пяццю гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

З апошнім словам Вольга выступіць заўтра ў 14.10.

Храналогія судовых працэсаў над Вольгай:

"Арганізоўвала правядзенне сумеснага вольнага часу": у чым абвінавачваюць палітзняволеную маці пецярых дзяцей

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся судовы працэс над палітзняволенай маці пецярых дзяцей Вольгай Залатар, якую ўтрымліваюць пад вартай ужо восем месяцаў.

"Цялесныя пашкоджанні мелі месца да яе затрымання": якую пазіцыю заняў СК па збіваннях і катаваннях палітзняволенай Вольгі Залатар

На судзе над палітзняволенай дапыталі сведак і даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы, падчас якіх агучылі заключэнні экспертаў і матэрыялы праверкі з нагоды цялесных пашкоджанняў у Вольгі Залатар пасля затрымання.

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Вользе Віктараўне Залатар (07.07.1983)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства