viasna on patreon

13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі — што перажыла Таццяна Батура за 46 сутак арышту

2022 2022-01-04T13:55:16+0300 2022-01-04T15:29:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/batura4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

32-гадовая мінчанка Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар, правяла ў ЦІПе на Акрэсціна 45 сутак. Яе тройчы арыштоўвалі на 15 сутак і абяцалі ўтрымліваць за кратамі больш за два месяцы. 30 снежня Батура не выйшла на волю — яе зноў перазатрымалі і склалі новы пратакол за "дробнае хуліганства". За дзень да вызвалення ў Таццяны памёр бацька. Але сілавікі яе не адпусцілі нават на яго пахаванне. 31 снежня пастанову на вызваленне дзяўчыны выпісала суддзя Фрунзенскага раёна і перанесла суд на 3 студзеня. З РУУСа Таццяна адразу патрапіла на пахаванне бацькі. 3 студзеня дзяўчына была ўжо ў бяспецы за межамі Беларусі, у той час, як суд завочна прызначыў ёй чарговыя 15 сутак. Таццяна Батура распавяла «Вясне» пра збіццё намеснікам начальніка Фрунзенскага РУУСа, пагрозы ад ўчастковага, залітыя міліцыянтамі тэлефоны вадой і клапы ды вошы ў ЦІПе на Акрэсціна. 

Таццяна Батура

«Мне похер, хочаце — хавайце, хочаце — не»

Таццяна Батура мусіла выйсці 30 снежня на волю пасля 45 сутак на Акрэсціна. За дзень да гэтага, 29 снежня, у дзяўчыны памёр бацька. Адвакат разам з маці адвезлі неабходныя дакументы ў РУУС, бо хацелі дамагчыся вызвалення Таццяны, каб яна паспела развітацца з бацькам. Але ім адмовілі, саслаўшыся на тое, што тады на ёй будуць «вісець» неадседжаныя часы. 

Ужо 30 снежня блізкія Таццяны прыехалі ў 17.10 да Акрэсціна, каб сустрэць яе пасля «сутак», але праз дзве гадзіны яна так і не выйшла на волю. Пасля неаднаразовых зваротаў маці да супрацоўнікаў Акрэсціна яны адказалі, што Таццяну ўжо нібыта вызвалілі. Але апошнім часам такое «вызваленне» азначае, што па выхадзе яе сустрэлі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа і адвезлі на «прафілактычную гутарку».

На самой жа справе Таццяну з Акрэсціна ў Фрунзенскі РУУС прывезлі яшчэ а 10 раніцы. Там на яе склалі чарговы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Паводле пратакола, Таццяна «паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, кінула кубак у сцяну, на заўвагі не рэагавала». Але яна сцвярджае, што ў гэты раз яе нават не заводзілі ў кабінет, дзе яна здзейсніла «правапарушэнне», а адразу «пасадзілі ў камеру да алкаголікаў». Наступныя суткі дзяўчына правяла ў РУУСе.

Пра перазатрыманне дачкі маці даведалася толькі ва ўпраўленні каля 19:00. Там яны з Таццянай нават змаглі пабачыцца. Маці эмацыйна распавяла дачцэ пра смерць бацькі і патрабавала ад міліцыянтаў вызваліць яе, бо на наступны дзень было назначана пахаванне. На што адзін з супрацоўнікаў Фрунзенскага РУУСа груба адказаў, што яму ўсё роўна:

«Вы не крычыце, мне похер, хаціце — хавайце, хаціце — не, ад мяне нічога не залежыць».

Чацвертыя «суткі» запар: апошні суд праходзіў без удзелу Таццяны 

На наступны дзень дзяўчыне прызначылі суд. Пахаванне было запланаванае на 10:00 31 снежня. Ад самай раніцы адвакат у пісьмовай форме папрасіў суддзю Наталлю Бугук адпусціць Таццяну з РУУСа для развітання з бацькам. Суддзя задаволіла просьбу і дзяўчыну праз гадзіну вызвалілі. З РУУСа, пасля 45 сутак арышту, яе адразу павезлі на пахаванне бацькі, які так і не дачакаўся вызвалення дачкі. Пасля першага затрымання Таццяны ён захварэў на COVID-19. Ужо па заканчэнні другіх сутак ён нават сустракаў дачку з Акрэсціна. Але тады яна на волю так і не выйшла. За дзень да вызвалення дзяўчыны яго сэрца спынілася.

Таццяну вызвалілі да суда. Суддзя Бугук назначыла час новага пасяджэння — 3 студзеня ў 11:00. Але да гэтага часу Таццяна паспела пакінуць Беларусь і цяпер яна знаходзіцца ў бяспечным месцы. Суддзя Ала Скуратовіч разглядала справу без Таццяны. На судзе прысутнічаў толькі яе адвакат. Згодна з паказаннямі сведкі-міліцыянта, Таццяну 30 снежня ўжо ў трэці раз вырашылі адвезці на «прафілактычную гутарку», падчас якой яна зноў пачала «хуліганіць». Пагутарыць з Таццянай міліцыянты вырашылі, каб нагадаць ёй пра адказнасць за ўдзел у масавых мерапрыемствах у сувязі з тым, што яна раней была аштрафаваная па арт. 23.34 КаАП (удзел у масавых мерапрыемствах).

У сваім рапарце міліцыянт пазначыў, што ў 18:00 30 снежня падчас гутаркі Таццяна нібыта абліла яго вадой. Але ў пратаколе чамусьці напісана, што яна кінула кубак у сцяну. Пратакол асабістага агляду ўчастковыя наогул не складалі. Міліцыянт, які выступіў сведкай на судзе, нічога не памятаў. Арыгінальны пратакол у матэрыялах справы зноў адсутнічаў, далучана толькі яго копія. Але суддзя Скуратовіч на памылкі не звярнула ўвагі, а паказанні міліцыянта палічыла доказам віны Таццяны. Скуратовіч пакарала Таццяну 15-сутачным арыштам. Агулам адміністрацыйны арышт склаў 60 сутак.

Намеснік начальніка РУУСа ўдарыў Таццяна па твары за патрабаванне выклікаць адваката

Таццяна распавяла, што ў дзень затрымання ў Фрунзенскім РУУСе яе збіў асабіста намеснік начальніка РУУСа Дзяніс Марцуль. Яна запатрабавала вызваць абаронцу, на што Марцуль сказаў «вось табе, а не абаронца» і ўдарыў дзяўчыну ў твар паміж носам і скулай. За яе спіною стаяў металічны сейф, таму ад удару яна стукнулася патыліцай аб металічны сейф. Толькі праз дзень пасля збіцця, па патрабаванні адваката аказаць дзяўчыне медыцынскую дапамогу, Дзяніс Марцуль павёз дзяўчыну ў паліклініку, дзе ёй дыягнаставалі ўдар галавы.

Дзяўчыну, затрыманую перад судом над Вольгай Залатар, збілі ў Фрунзенскім РУУСе і арыштавалі на 15 сутак

Таццяна на судзе заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы дыягнаставалі ўдар галавы, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што "гэта не мае дачынення да справы" і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак. Распавядаем, як праходзіў суд над Таццянай Батура.

Участковы фрунзенскага РУУСа пагражаў «папалохаць бацькоў» 

Адміністрацыйныя пратаколы на дзяўчыну складаў участковы Сяргей Дзяшко, а таксама ён «сустракаў» яе пасля сутак з ЦІПа. Менавіта Дзяшко пагражаў Таццяне падчас першага перазатрымання двума месяцамі арышту і выставіў для гэтага тры ўмовы: «раніцай Таццяна паказвае, што ёсць у яе тэлефоне; на наступны дзень яна адкажа на ўсе пытанні мужчыны, які прыйдзе да яе пагутарыць; яна павінна прызнацца ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, а інакш будуць другія 15 сутак, а можа і два месяцы». Тады ён дадаў яшчэ, што «інакш і дахаты прыйсці можам, і бацькоў папалохаць».

Падчас другога перазатрымання Дзяшко прапанаваў проста адмовіцца даваць тлумачэнні ў судзе, і тады яна атрымае тэрмін менш, а па выхадзе яе ніхто не будзе сустракаць.

Міліцыянты залілі вадой два тэлефоны дзяўчыны

Пасля таго, як да праваабаронцаў трапілі аўдыёзапісы моманту затрымання Таццяны, і нават фотаздымкі тых, хто спрабаваў залезці ў яе тэлефон, міліцыянты казалі ёй, што наступныя «суткі» дзяўчына атрымае, дзякуючы публікацыям «Вясны», і што яны наогул не збіраліся больш яе перазатрымліваць. Пасля затрымання у Батуры канфіскавалі два тэлефоны, за адзін з якіх яна яшчэ плаціць грошы. Таццяна адразу здзівілася таму факту, што іх наогул аддалі, а дома ўжо заўважыла, што ў іх заліта вада. Яна мяркуе, што такім чынам яны помсцяць за «злітыя» аўдыёзапісы і фота, бо паролі ад тэлефонаў яны так і не атрымалі. 

Пагрозы скласці пратакол за абвешчаную галадоўку

Ногі Таццяны Батура пасля 46 сутак за кратамі
Ногі Таццяны Батура пасля 46 сутак за кратамі

Таццяна трымала галадоўку 13 дзён. Але не афіцыйна, бо міліцыянт Дзяшко ёй паабяцаў скласці пратакол па арт. 24.23 КаАП, а гэта, як кажа сама дзяўчына, ужо магчымыя 30 сутак, замест 15. Таму яна проста адмаўлялася есці. За 45 дзён у нечалавечых умовах Батура схуднела на 8 кілаграмаў. Акрамя гэтага, яе пратрымалі 20 дзён у карцары. Нары ў карцары адшпіліць у прынцыпе немагчыма. Гэта можа зрабіць ахоўнік на калідоры. Там ёсць труба з зашчэпкай, якую патрэбна круціць у калідоры, каб іх адкрыць. Ахоўнікі аніразу за ўвесь час іх не адшпільвалі. Вада ў карцары была толькі халодная. Таму мыць галаву Таццяна магла толькі падчас «перазатрыманняў» ў РУУСе.

Трэція «суткі» дзяўчына сядзела ў камеры №11, пры тым, што звычайна жанчын закідваюць у сумнавядомую «двушку» пад нумарам 15. Акрамя яе, у гэтай камеры не было больш нікога з палітычных — толькі бяздомныя жанчыны. Акрамя вошаў, якія Таццяна падчапіла падчас першых «сутак», у гэтай камеры былі яшчэ і клапы, якія скусалі ўсё цела дзяўчыны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства