viasna on patreon

За 2021 год па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 1285 чалавек (інфаграфіка)

2022 2022-01-06T11:18:51+0300 2022-01-06T11:56:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kryminal_infagr2021_5.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг крымінальнага пераследу грамадзян, які распачаўся са старту кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе. У адказ на паўсюдныя фальсіфікацыі вынікаў галасавання па ўсёй краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты супраць вынікаў выбараў, а таксама жорсткага і беспакаранага гвалту з боку праваахоўных органаў, якія займаліся задушэннем пратэснай актыўнасці грамадзян.

Беларускія ўлады сталі выкарыстоўваць крымінальны пераслед у якасці асноўнага інструменту для абмежавання грамадзянаў у іх праве на свабоднае выказванне меркавання, на свабоду мірных сходаў і на ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў з дапамогай канкурэнтных выбараў.

Следам за ліквідацыяй любых праяваў пратэсту на вуліцах гарадоў беларускія ўлады перайшлі да выпальвання ў публічнай прасторы звестак пра ход рэпрэсій. Кампанія па маніторынгу крымінальнага пераследу ў судах на працягу ўсяго 2021 года пацярпела ад трох буйных нападаў з боку ўлад.

  • 16 лютага прайшлі масавыя ператрусы ў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў;
  • 8 і 14 ліпеня прайшла цэлая хваля масавых затрыманняў і крымінальнага пераследу журналістаў і праваабаронцаў, падчас якой пад варту былі ўзятыя сябры і валанцёры ПЦ "Вясна";
  • 1 снежня прайшла паўсюдная хваля ператрусаў, канфіскацыі тэхнікі і допытаў у дачыненні да двух дзясяткаў валанцёраў ПЦ "Вясна".

На працягу ўсяго 2021 года ў фокусе ўвагі праваабаронцаў "Вясны" былі факты судовага пераследу грамадзянаў па "пратэсных" крымінальных справах. Да гэтай катэгорыі крымінальных спраў Генеральная пракуратура адносіць факты удзелу ў масавых беспарадках, ажыццяўлення дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозы яго ўжывання да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, знявагі дзяржаўнай сімволікі.

Правядзенне маніторынгу ў 2021 годзе дазваляе зрабіць выснову пра тое, што на працягу ўсяго года беларускія ўлады працягвалі тэндэнцыю пераследу грамадзянаў і ўжывання да іх самых суровых відаў і максімальных тэрмінаў пакарання. Яшчэ ў кастрычніку 2020 года генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў: «Дзяржабвінаваўцы па гэтых і іншых справах [звязаных з поствыбарнымі пратэстамі — заўв.] аб парушэнні грамадскага парадку будуць прасіць суд прызначаць максімальныя меры пакарання".

Дадзены падыход выклікае крытыку беларускай праваабарончай супольнасці ў сувязі з тым, што крымінальныя справы па дыфамацыйных артыкулах і артыкулах аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках не сумяшчальныя з дапушчальнымі абмежаваннямі правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы, прадугледжаныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Варта адзначыць, што ўстаноўка на ўжыванне да фігурантаў "пратэсных" крымінальных справаў самых суровых відаў і максімальных тэрмінаў пакарання не сумяшчальная і з пункту гледжання нацыянальнага крымінальнага закона, паколькі супярэчыць прынцыпу індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці і супамернасці зробленаму.

З вядомых праваабаронцам 1285 асуджаных за 2021 год, пазбаўленне волі ўжывалася да 537 фігурантаў, што ў адсоткавых суадносінах складае 41,8 %.

З вядомых ПЦ "Вясна" 1285 асуджаных суадносіны мужчын і жанчын склалі 81,8% і 18,2 % адпаведна. 

Больш за ўсё асуджаных па палітычных крымінальных справах зафіксавана ў Мінску (388) і Брэсцкай вобласці (351), што ў адсоткавых суадносінах складае 57,5 % ад агульнай колькасці асуджаных за мінулы год.

Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") суды ўжылі ў 23,7 % выпадкаў асуджэння ці да 305 фігурантаў на агульную суму 673 гады 1 месяц. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") суды ўжывалі ў 29,5 % выпадкаў асуджэння да 379 фігурантаў. Сумарна пакаранне ў выглядзе "хатняй хіміі" суды вынеслі на 740 гадоў і 6 месяцаў. 29 фігурантаў (2,3%) былі асуджаны да арышту, што ў агульнай суме склала 6 гадоў 2 месяцы.

Мэта зменаў і дапаўненняў у КК — павелічэнне рэпрэсіўнага патэнцыялу

На працягу 2021 года ў Крымінальны кодэкс былі ўнесеныя змены і дадаткі. Аналіз гэтых зменаў, які тычыцца артыкулаў, што ўжываюцца ўладамі дзеля пераследу грамадзянаў па палітычных матывах, сведчыць пра тое, што мэтамі заканадаўчай ініцыятывы было павелічэнне рэпрэсіўнага патэнцыялу нацыянальнага закона, паколькі змены, якія ўносіліся, датычыліся ўзмацнення жорсткасці адказнасці па цэлым шэрагу складаў злачынстваў.

Так, максімальная адказнасць па складзе злачынства ў выглядзе паклёпу (188 КК) была змененая з трох гадоў абмежавання волі да трох гадоў пазбаўлення волі, што дазваляе ўладам браць пад варту абвінавачаных па дадзеным складзе злачынства. Максімальная санкцыя па артыкуле за апаганьванне і псаванне будынкаў і збудаванняў (341 КК) была павялічаная з трох месяцаў арышту да трох гадоў пазбаўлення волі.

Істотным чынам зведала змены і санкцыя "народнага" артыкула, якая прадугледжвае адказнасць за арганізацыю і падрыхтоўку групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (342 КК). Да 2021 года санкцыя па частцы 1 артыкула 342, па якім асудзілі найвялікую колькасць фігурантаў "пратэсных" крымінальных спраў, прадугледжвала максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі і пазбаўленне волі да трох гадоў. Пасля ўнесеных зменаў санкцыя часткі 1 артыкула 342 стала прадугледжваць абмежаванне волі да пяці гадоў ці пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Максімальная санкцыя па артыкуле, якая прадугледжвае адказнасць за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (364 КК), была павялічаная з шасці да сямі гадоў зняволення.

Істотным чынам улады павялічылі памер санкцый па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса, на выключэнні якіх доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць. Так, максімальная санкцыя па артыкуле аб паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (367 КК) па частцы 1 з чатырох гадоў пазбаўлення волі была павялічаная да пяці, а па частцы 2 — з пяці гадоў зняволення да шасці гадоў.

Максімальны памер пакарання за абразу прэзідэнта (368 КК) па частцы першай быў павялічаны ўдвая: з двух да чатырох гадоў зняволення. Па частцы другой дадзенага артыкула максімальны тэрмін пакарання быў павялічаны з трох да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Улады ўзмацнілі жорсткасць пакарання па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады (369 КК). Да 2021 года максімальным пакараннем па дадзеным артыкуле было абмежаванне волі да трох гадоў, цяпер максімальны памер пакарання складае тры гады пазбаўлення волі, што дае магчымасць праваахоўным органам браць абвінавачаных у здзяйсненні дадзенага злачынства пад варту да суда.

Істотным чынам улады перагледзелі і змянілі памер пакарання за знявагу дзяржаўных сімвалаў. Раней санкцыя артыкула, якая прадугледжвае адказнасць за здзек з дзяржаўных сімвалаў (370 КК) прадугледжвала максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год. У 2021 годзе ў дадзены артыкул былі ўнесеныя змены і цяпер фігурантам справаў пра здзек з дзяржсімволікі пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства