viasna on patreon

За месяц — 23 праверкі. Як жыхарка Іўя адбывае «палітычную хатнюю хімію»

2022 2022-01-13T10:10:11+0300 2022-01-13T15:21:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lavor-iue.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара. На «хатняй хіміі» жанчына знаходзіцца з 1 снежня, але ёй ужо выпісалі пакаранне за парушэнне рэжыму. 23 праверкі за месяц, начны медагляд з супрацоўнікам Іўеўскага РАУС і першая вымова за дазволены прыём у старшыні райвыканкама Рэгіна Лавор распавяла «Вясне», як яна адбывае «палітычную хатнюю хімію».

Рэгіна Лавор. Фота прадастаўлена Рэгінай
Рэгіна Лавор. Фота прадастаўлена гераіняй

За што асудзілі жыхарку Іўя?

Суд Іўеўскага раёна асудзіў 50-гадовую Рэгіну Лавор да двух гадоў “хатняй хіміі” па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Яе прызналі вінаватай у тым, што яна размясціла ў тэлеграме абразы прадстаўнікоў улады: намесніка начальніка АУС Іўеўскага райвыканкама Андрэя Ярохіна і старшага інспектара Валерыя Горбача. У адносінах да Ярохіна яна пакінула каментар “Ерохин фашист… бандит в джинсах”, у адносінах да Горбача – “Гаист Горбач падла…пенсионер хренов”.

Суд абавязаў выплаціць на карысць пацярпелага Андрэя Ярохіна тысячу рублёў маральнай шкоды – ён заявіў пазоў на паўтары тысячы.

Рэгіна абскарджвала прысуд, але ў лістападзе абласны суд пакінуў яго без зменаў.

Пачатак адбывання пакарання

Рэгіна Лавор – стваральніца і першая дырэктарка Іўеўскага музея нацыянальных культур. Па адукацыі Рэгіна культуролаг і музеязнаўца, 24 гады яна адпрацавала ў галіне культуры. Але на момант уступлення прысуду ў сілу Рэгіна не працавала, таму ёй далі 15 дзён на працаўладкаванне.

«Я зарэгістравалася як беспрацоўная і шукала працу яшчэ самастойна. Зразумела, што я звярнулася ў пошуку працы ва ўстановы культуры, тым больш, што былі вакансіі, але мне ўсюды адмаўлялі. У гэты ж час з-за маёй грамадзянскай пазіцыі пачаліся рэпрэсіі супраць мужа».

«Патрабуюць звальнення». Ціск на мужа

Як распавядае Рэгіна, яе муж працаваў больш за дваццаць гадоў начальнікам Іўеўскага вузла сувязі (Белтэлекам), але ў сувязі з крымінальнай справай супраць Рэгіны, кіраўніцтва яму сказала пісаць заяву на іншую пасаду – інжынерам у гэтай жа арганізацыі. Ён напісаў з першага лістапада, бо ў сям’і чацвёра дзяцей.

«Але ад мужа не адчапіліся, патрабуюць яго звальнення. Гэта зразумела, але мы гатовыя да гэтага», – кажа Рэгіна.

З 1 студзеня гэтага года Рэгіна зарэгістравалася рамесніцай і сплаціла падатак, але пачаць дзейнасць яна не магла, бо інспекцыя не ўзгадняла рэжым працы.

Праз дзесяць дзён Рэгіне прапісалі рэжым працы, а яшчэ праз два дні жанчына атрымала першую вымову за парушэнне рэжыму. 

Не дазваляюць бачыцца з сям'ёй. Абмежаванні «хатняй хіміі»

Рэгіна Лавор. Фота прадастаўлена Рэгінай
Рэгіна Лавор. Вышыванку зрабіла сама гераіня

Рэгіна прызнаецца, што рэжым «хатняй хіміі» не вельмі адбіўся на яе ранейшых заняткаў і звычайным яе жыцці, бо яна «чалавек хатні”. Але жанчыне абмежавалі сустрэчы з роднымі і гэта вельмі яе хвалюе: 

«Шкада толькі, што з маёй матуляй мне дазволілі спатканні толькі ў нядзелю ў абед на дзве гадзіны, а ёй 85 год».

Як распавядае Рэгіна, абмежавалі і спатканні з роднай сястрой і матуляй мужа, якой таксама 85 гадоў:

«Ім да мяне можна, а мне не. А ў нашай сям'і вельмі шмат ёсць традыцыяў, а я зараз не маю магчымасці да іх далучыцца».

Начны медагляд і першае парушэнне рэжыму 

Па словах жанчыны, супрацоўнікі правяраюць выкананне «хатняга рэжыму» часта. Па яе падліках, з 1 снежня па 1 студзеня да яе прыйшлі з праверкай 23 разы.

«Бывае, што пяць-шэсць разоў на тыдзень [прыходзяць з праверкай], у пятніцу-нядзелю правяраюць кожны раз. Бывае, што некалькі разоў за вечар прыходзяць. Прыязджаюць і ўночы, але толькі супрацоўнікі Іўеўскага РАУС. Бо звычайна з праверкамі прыязджаюць супрацоўнікі Дэпартаменту аховы. Яны просяць прабачэння.

Адзін раз супрацоўнік Іўеўскага РАУС у гадзіну ночы вазіў мяне на медыцынскі агляд на наяўнасць у крыві алкаголю. Паказала 00 праміле. Шукаюць матывы, каб паздзекавацца і даць парушэнне.

Я старалася не парушаць рэжым, але ўсё зрабілі так, нібыта я парушыла яго».

Па словах жанчыны, яна атрымала пісьмовы дазвол у інспектара РАУС Варабей Д. С. на тое, каб патрапіць на прыём да старшыні райвыканкама Ігара Генца.

«Прыйшла на прыём, старшыні не было, адзін знаёмы падвез мяне дадому... А там мяне чакаў Стубеда. Прывезлі ў РАУС, маю заяву знайшлі, але усё роўна пакаралі».

Асуджаная атрымала першую вымову за парушэнне рэжыму "хатняй хіміі".

«Нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю»

Рэгіна Лавор не згодная з пакараннем і напісала скаргі ў пракуратуру і Гродзенскае упраўленне ўнутраных справаў.

«Думаю, што ціснуць на мяне, таму што не здаюся. Я дабіваюся, каб яны працавалі, а яны не прывыклі. Інспектар, што мяне кантралюе, не ведае што са мной рабіць, як узгадніць мае звароты, маю працу. Хочуць, каб я знікла, забілася ў куток. Для таго, каб я змаўчала, ім трэба будзе мяне забіць. Мне пяцьдзесят гадоў і нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства