Right Livelihood: На фоне падаўлення іншадумства актывісты грамадзянскай супольнасці ўсё часцей апынаюцца за кратамі Відэа
У адрасаванай Савету па правах чалавека ААН заяве фонду Right Livelihood звяртаецца ўвага на тое, што ва ўмовах пастаяннага абмежавання грамадзянскай прасторы актывістам грамадзянскай супольнасці шмат якіх краін пагражае турэмнае зняволенне.
Выступаючы на 49-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе, прадстаўнікі фонду падкрэслілі: у той час, як некаторыя краіны па ўсім свеце ўводзяць крымінальную адказнасць за праваабарончую дзейнасць і абмяжоўваюць асноўныя свабоды, прастора для грамадзянскай супольнасці звужаецца.
"Фонд Right Livelihood сур'ёзна занепакоены гэтай тэндэнцыяй, а асабліва выкарыстаннем адвольных затрыманняў у якасці метаду прыгнечання іншадумцаў і суровымі ўмовамі ўтрымання, з якімі часта сутыкаюцца зняволеныя актывісты", — сказана ў заяве.
Гэтая практыка закранула і лаўрэатаў прэміі "Right Livelihood Award", што працуюць у галіне правоў чалавека.
У Саудаўскай Аравіі за прасоўванне дэмакратычных свабод адбываюць працяглыя тэрміны турэмнага зняволення лаўрэаты прэміі 2018 года Махамед аль-Кахтані і Валід Абу аль-Хайр.
У Іране за сваю прафесійную дзейнасць па абароне правоў жанчын і дзяцей адбывае пакаранне 38-гадовая адвакатка Насрын Сатудэ, лаўрэатка прэміі 2020 года.
У Беларусі на сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца сем сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", у тым ліку яе заснавальнік Алесь Бяляцкі — Алесь і сама арганізацыя былі адзначаныя ўзнагародай у 2020 годзе.
"Мы заклікаем Савет па правах чалавека трымаць гэтыя краіны пад пільнай увагай і настойліва патрабаваць ад іх выканання сваіх міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека, неадкладнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых праваабаронцаў, здымання ўсіх абвінавачванняў супраць іх і прадастаўлення ім кампенсацыі і рэабілітацыі за прычыненую шкоду", — гаворыцца ў заяве.