viasna on patreon

Вызваліць палітвязняў і правесці расследаванні. Вярхоўны камісар ААН выступіла з дакладам пра Беларусь

2022 2022-03-31T19:07:00+0300 2022-04-01T09:02:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/1_michelle_bachelet_03-3676626.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На 49-й сесіі Савета па правах чалавека ААН Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадставіла даклад "Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх". Ён утрымлівае агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў сувязі з выбарамі 9 жніўня 2020 года, уключаючы адвольныя затрыманні, катаванні і іншыя жорсткія, нялюдскія ці прыніжальныя годнасць віды абыходжання, адмову эфектыўна расследаваць заявы пра такія парушэнні і невыкананне правоў на належную прававую працэдуру і справядлівы судовы разгляд.

ФОТО: FABRICE COFFRINI / AFP

Фота: FABRICE COFFRINI / AFP

Вярхоўны камісар уключыла абноўленую інфармацыю пра крытычныя падзеі і інцыдэнты, наконт якіх яе расследаванне сабрала, абагульніла, захавала і прааналізавала інфармацыю і доказы дзеля таго, каб садзейнічаць прыцягненню да адказнасці вінаватых і правасуддзю для ахвяр.

Летась у сваёй рэзалюцыі 46/20 Савет па правах чалавека прасіў Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека адсочваць і паведамляць звесткі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года і пасля іх, а таксама правесці ўсебаковае расследаванне ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года. Савет таксама даручыў Вярхоўнаму камісару прадставіць папярэднюю вусную абноўленую інфармацыю на ягонай 48-й сесіі і ўсёабдымны пісьмовы даклад на ягонай 49-й сесіі. У адпаведнасці з гэтым мандатам Вярхоўны камісар стварыла групу па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з сакратарыятам, які базуецца ў Жэневе. 19 траўня 2021 года Вярхоўны камісар прызначыла трох экспертаў для аказання ёй дапамогі ў выкананні бягучага мандата: Карынну Маскаленку (Расійская Федэрацыя), С'юзан Базілі (Канада) і Марка Міланавіча (Сербія).

Беларусь не палічыла прадуктыўным і магчымым якое-небудзь узаемадзеянне з УВКПЧ у межах выканання ім мандата па рэзалюцыі 46/20: на думку беларускага МЗС, рэзалюцыя заснаваная на варожым падыходзе і не мае нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй у краіне.

"Беларусь, з'яўляючыся адной з дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, бярэ ўдзел у большасці міжнародных інструментаў па правах чалавека, прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім нацыянальнага заканадаўства. Наша краіна, застаючыся прыхільнай выкананню сваіх міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека, па-ранейшаму адкрытая для УВКПЧ у мэтах узаемавыгадных кантактаў па-за межамі палітызаваных рашэнняў СПЧ", — было адзначана ў адной з заяваў.

Тым не менш, эксперты УВКПЧ падрыхтавалі даклад, які заснаваны галоўным чынам на інфармацыі, атрыманай падчас 145 гутарак (з 95 мужчынамі, 49 жанчынамі і адным дзіцем мужчынскага полу), праведзеных як асабіста, гэтак і дыстанцыйна. З шырокім колам пацярпелых, сведак, адвакатаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і іншых зацікаўленых бакоў былі праведзены асабістыя сустрэчы ці аддаленыя размовы.

Істотную дапамогу працэдуры ААН аказала IAPBМіжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых, у Кіроўны камітэт якой на правах сустаршыні ўваходзіць Праваабарончы цэнтр "Вясна". Платформа, мэтай якой з'яўляецца збор, апрацоўка, праверка і захоўванне інфармацыі, дакументацыі і доказаў сур'ёзных парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе і ў перыяд пасля іх, збірала і працягвае збіраць дакументацыю, якая будзе выкарыстоўвацца падчас любых будучых незалежных крымінальных расследаванняў і судовых разглядаў у адпаведнасці са стандартамі міжнароднага права ў нацыянальных, рэгіянальных ці міжнародных судах і трыбуналах, якія валодаюць ці могуць у будучыні валодаць юрысдыкцыяй у дачыненні да гэтых злачынстваў у адпаведнасці з міжнародным правам.

УВКПЧ адзначыла, што ў цяперашні час унутры краіны адсутнічаюць эфектыўныя сродкі прававой абароны ні для беларусаў, якія зведалі непатрэбнае ўжыванне сілы ў перыяд з 9 па 14 жніўня 2020 года, ні для дзясяткаў тысяч жанчын, мужчын і дзяцей, якія былі адвольна арыштаваныя, зазналі катаванні і нялюдскае ці прыніжальнае годнасць абыходжанне і пазбаўленне правоў на належную прававую працэдуру і справядлівы судовы разгляд.

УВКПЧ заявіла, што крымінальныя расследаванні былі распачатыя прынамсі ў чатырох кампетэнтных юрысдыкцыях за межамі Беларусі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека і патэнцыйнымі міжнароднымі злачынствамі, зробленымі ў Беларусі. У гэтай сувязі вельмі важна, каб высілкі па зборы, дакументаванні і захаванні доказаў парушэнняў працягваліся з мэтай садзейнічання будучым працэсам прыцягнення да адказнасці.

Вярхоўны камісар рэкамендавала ўраду Беларусі, апроч іншага:

  • неадкладна вызваліць усіх зняволеных, асуджаных паводле палітычных матываў, і спыніць усе іншыя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюць адбывацца і паказаныя ў цяперашнім дакладзе, уключаючы сістэматычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і апазіцыйных груп, і ўстрымлівацца ад здзяйснення такіх парушэнняў у будучыні;
  • неадкладна ініцыяваць эфектыўныя, празрыстыя і незалежныя расследаванні ўсіх дапушчаных у мінулым парушэнняў правоў чалавека, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы паводле нацыянальнага ці міжнароднага права, уключаючы масавыя адвольныя арышты і затрыманні, катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання, а таксама гендарны аспект любых такіх злачынстваў і забяспечыць, каб расследаванні маглі ахопліваць увесь ланцужок інстанцый, якія могуць несці індывідуальную крымінальную адказнасць;
  • прадаставіць поўнае пакрыццё, уключаючы кампенсацыю, рэстытуцыю, рэабілітацыю, належныя формы сатысфакцыі і гарантыі непаўтарэння ўсім ахвярам парушэнняў правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнародным і ўнутрыдзяржаўным заканадаўствам;
  • правесці структурныя рэформы, якія могуць забяспечыць поўную рэалізацыю права на ўдзел у дзяржаўных справах і іншых адпаведных грамадзянскіх і палітычных правоў, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый, для ўсіх беларусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства