viasna on patreon

«Правы нам дае не дзяржава». Вялікае інтэрв'ю з Леанідам Судаленкам за два тыдні да яго затрымання

2022 2022-04-12T13:51:49+0300 2022-04-12T16:06:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalienka-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

За два тыдні да затрымання кіраўніка Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніда Судаленкі на сайце Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава выйшла вялікае інтэрв’ю з ім. Які шлях прайшоў Леанід ад сельскага хлопчыка да вядомага ў Беларусі і за яе межамі праваабаронцы? Што рухала яго ў дзейнасці па адстойванні інтарэсаў простых грамадзянаў? Колькі скаргаў ён накіраваў у Камітэт па правах чалавека ААН? Адказы на гэтыя пытанні ў матэрыяле БДПЧ, які мы перадрукоўваем.


«МЯЖА ЛЕТУЦЕННЯЎ СЕЛЬСКІХ ШКОЛЬНІКАЎ»

– Калі я быў маленькі, я прафесію юрыста ніяк сабе не ўяўляў. Я вучыўся ў сельскай школе, а мяжа летуценняў сельскіх школьнікаў – стаць міліцыянерам, напрыклад. Гэта ого-го, космас! – дадуць табе ўладу нейкую… А галоўным чынам сельскіх дзяцей рыхтавалі да працы ў сельскай гаспадарцы, каб яны засталіся ў вёсцы.  На дошцы абвестак у школе, як цяпер памятаю, вісеў зварот: “Усе працы добрыя, абірай сваю”: даярка, механізатар, трактарыст, аграном… Ніхто не прапаноўваў: будзь банкірам, юрыстам, касманаўтам…

– Тады ж краіна будавала камунізм. Ніхто і не мог уявіць, што ў вёсцы раптам не будзе працы і стане горш жыццё. Я добра памятаю, як адзін з савецкіх лідэраў казаў, што ў 2000 годзе кожная савецкая сям’я будзе мець асобную кватэру. І я, школьнік, ведаў: мне нічога не трэба рабіць, а толькі дажыць да 2000 года. Я палічыў, што ў 2000 годзе буду зусім маладым хлопцам, а мне ўжо кватэру дадуць, як паабяцалі з экрана тэлевізара. Крута! І ўзгадваю сёння 2000 год: дзе я – і дзе тая кватэра…

Леанід Судаленка стаў жыхаром Гомеля зусім выпадкова, па яго словах. Прыняў бы ў юнацтве іншае рашэнне – і прэмія Французскай Рэспублікі паехала б у Магілёў ці Мінск:

– Як я трапіў у горад… У час майго юнацтва вёскі пачалі проста гібець. Ніякай перспектывы не было ў вёсцы паўнавартасна жыць, працаваць і развівацца. Большасць вясковых дзяцей імкнуліся з’ехаць у гарады: Жлобін, Мазыр, Магілёў… Я нават не ведаю, чаму я прыехаў у Гомель. Чаму не ў Мінск? Напэўна, Гомель быў самым блізкім горадам да маёй вёскі.

А за выбар юрыспрудэнцыі сярод іншых навук мусім дзякаваць старэйшай сястры:

– Я са шматдзетнай сям’і, нас пяцёра; і адна з маіх старэйшых сёстраў раней за мяне скончыла юрфак. У Гомелі сястра працавала ва Ўпраўленні юстыцыі, адтуль і пайшла на пенсію. Так што галоўным чынам на мой выбар паўплывала сястра. Шчыра кажучы, пра іншую прафесію я і не марыў. Насамрэч, сельская сістэма адукацыі не можа пахваліцца высокім узроўнем падрыхтоўкі вучняў. І гэтая ідэалогія: ты павінен застацца ў вёсцы… Зразумела, што з маёй падрыхтоўкай паступіць на юрфак было практычна немагчыма. Таму пасля школы я паступіў у прафтэхвучэльню будаўнікоў і скончыў яе. Да войска я працаваў на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве ў Навабеліцы, тамсама і жыў у інтэрнаце. Адтуль мяне прызвалі ў войска.

«Я БАЧЫЎ, ШТО ЛЮДЗІ ЖЫВУЦЬ ІНАЧАЙ»

Леанід Судаленка ў літаральным сэнсе дайшоў да Берліна і нават далей на захад, да Магдэбурга: іх ваенная частка стаяла ў сямі кіламетрах ад мяжы з ФРГ. У Германіі ён адслужыў два гады і вярнуўся, як сам сцвярджае, з крыху іншым менталітэтам, бо ўбачыў свет і як жывуць іншыя людзі:

– Салдату тэрміновай службы, які 24 гадзіны бавіць на закрытай тэрыторыі, было цяжка спазнаць побыт простых немцаў. Але нас часта вывозілі на работы ў горад – шэфскую дапамогу аказваць; там з немцамі мы і камунікавалі. Пепсі-колу першы раз я пакаштаваў менавіта ў Германіі. Для мяне Пепсі-кола – гэта нешта касмічнае было! Калі нам у вёску нешта і завозілі, то мінеральную ваду і газіроўку з сіропам. Пакаштаваў у Германіі і нямецкае піва; даведаўся, што можна схадзіць у гаштэт. Так называюцца прыватныя кавярні ці бары, якія ёсць пры двары практычна ў кожнага немца. І савецкія салдаты вельмі любілі праз плот бегаць у бліжэйшы гаштэт, хоць за гэта можна было і гаўптвахту зарабіць.

– Я бачыў, што людзі жывуць іначай. Па-першае, вопратка. У Савецкім саюзе ўсе былі аднолькава апранутыя, аднолькава абутыя. Памятаю, калі я пасля войска жаніўся, для мяне была праблема: у якіх чаравіках я буду на вяселлі. Бо ў краме можна было купіць або сандалі, або гумовыя чобаты фабрыкі «Труд», якая выпускала спецабутак. І ўражвала тое, як немцы апранаюцца, хоць мы былі нават не ў ФРГ, а ў ГДР. Вялікая колькасць прадуктаў у крамах уражвала. Мы любілі купляць малако, булачкі – усё, па чым сумуюць салдаты. Нам плацілі па 36 нямецкіх дойчмарак: мала, але на малако, булачкі і слодычы хапала. І ўсё без чэргаў!

– І ўражвала сама атмасфера жыцця ў Германіі. Наша частка стаяла на ўскраіне Магдэбурга, і нас, салдатаў, па выходных строем выводзілі ў цэнтр горада: у музей, напрыклад. Вельмі кідалася ў вочы, што ў нямецкім горадзе жыццё розніцца ад нашага. У СССР усё шэрае, і людзі аднолькавыя. А ў Германіі кожны чалавек – індывідуальнасць.

sudalenka_bialiacki.jpg
Леанід Судаленка з Алесем Бяляцкім. Гомель, 2018 год

«НА ЮРФАКУ ВУЧЫЛІ НА МІЛІЦЫЯНЕРА, МЫТНІКА, ПРАКУРОРА, СУДДЗЮ І, МАГЧЫМА, НА АДВАКАТА»

Адслужыўшы ў войску, Леанід Судаленка вярнуўся ў Гомель, паступіў на юрфак Гомельскага ўніверсітэта; вучыўся завочна, працаваў і нават не здагадваўся, што сустрэнецца з міжнародным правам правоў чалавека:

– На нашым юрфаку калі і праходзілі правы чалавека, то, можа, на ўзроўні факультатыва. Скончыўшы ўніверсітэт, я пра правы чалавека не ведаў. На юрфаку вучылі на міліцыянера, на мытніка, на пракурора, на суддзю і, магчыма, на адваката. У мяне была гаспадарчая спецыяльнасць, і таму пасля ўніверсітэта я пайшоў працаваць юрысконсультам на прадпрыемствы. Набіваў шышкі… Тады я думаў: вось я з дыпломам – і я ўжо юрыст; дайце мне справу – я яе развалю, будзе перамога ў судзе! Цяпер разумею: усё не так; важныя практыка і досвед. Любы юрыст пяць гадоў пасля атрымання дыплома – гэта просты клерк. Мала ведаць законы, трэба практыкавацца. Ну а што да правоў чалавека, то гэтыя веды я атрымліваў у іншых месцах.

– Як я цяпер разумею, юрыст у першую чаргу павінен стаяць на каштоўнасцях  правоў чалавека, трымацца міжнародных стандартаў. Мы ж бачым, што адбываецца ў нашых судах. Усе: і суддзі, і адвакаты, без падрыхтоўкі ў сферы правоў чалавека, працуюць выключна ў рамках нацыянальнага заканадаўства. А што такое «рамкі нацыянальнага заканадаўства»? Гэта калі ў законе напісана, што толькі брунеты маюць права на мірныя сходы, то адвакаты і суддзі так і сцвярджаюць: так, толькі брунеты! А калі ты бландзін, то шанцаў ты не маеш, бяжы ў цырульню і фарбуй валасы; тады – магчыма – табе дазволяць. А калі разважаць над гэтай праблемай з пункту гледжання правоў чалавека, то мы ўсе разумеем: без залежнасці ад колеру скуры, ад месца нараджэння, ад рэлігіі і іншых тваіх адметнасцяў – кожны чалавек мае правы. Іх нам не дзяржава дае; правы з намі ад нараджэння.

«НА ПАЛЕССКАЙ ЗБІРАЮЦЦА ГОМЕЛЬСКІЯ ДЭМАКРАТЫ»

– Я працаваў на розных прадпрыемствах юрысконсультам. Да таго моманту, калі я перайшоў, скажам так, у дэмакратычную тусоўку тут, на вуліцы Палесскай у Гомелі, я працаваў у кампаніі цырульніцкіх паслугаў, і дагэтуль я яе акцыянер, у Гомелі яе ўсе ведаюць, называецца «Локан». Рыхтык у той час я ажыццяўляў прыватызацыю «Локана», ператвараў у акцыянернае таварыства – а я быў ліцэнзіяваны спецыяліст па каштоўных паперах, адна з маіх сумежных спецыяльнасцяў, я меў права працаваць на рынку каштоўных папер. Вось гэтым я і займаўся ў «Локане», пакуль у адзін цудоўны дзень у 2000 годзе не пазнаёміўся з Віктарам Карнеенкам. Я дапамагаў сваёй сястры, якая балатавалася ў Парламент – кіраваў яе ініцыятыўнай групай, збіраў подпісы. Я назіраў за выбарамі, і ў дзень падліку галасоў пазнаёміўся з Мікалаем Новікавым, гомельскім актывістам. Ён мне і расказаў, што на Палесскай збіраюцца гомельскія дэмакраты, прапанаваў прыйсці і пазнаёміцца. Вось тады і з’явіўся Віктар Карнеенка, які адыграў у маім лёсе значную ролю. Ён прапанаваў кінуць мае заняткі. Кажа: “Навошта табе гэтыя хімчысткі, стрыжкі і побытавыя паслугі? Прыходзь да нас”. Я спачатку спрабаваў сумяшчаць працы: і ў “Локане”, і на Палесскай, прыглядаўся…

Леанід Судаленка нават сам балатаваўся ў дэпутаты:

– Дваццаць гадоў таму я верыў, што дэпутаты могуць удзельнічаць у дзяржаўных справах, уплываць на дзяржаўную палітыку, вырашаць канкрэтныя пытанні выбарцаў… Калі я балатаваўся ў 2002 годзе, мая праграма галоўным чынам грунтавалася на дапамозе пацярпелым ад Чарнобыля. Мне здавалася, што дзяржава надае гэтаму недастаткова ўвагі.

«ПРАВЫ НАМ ДАЕ НЕ ДЗЯРЖАВА»

– Да знаёмства з правамі чалавека я быў тыповым юрыстам, глядзеў толькі ў закон: як у законе напісана, такі павінна быць. Гэта ўжо потым, пасля майго знаёмства з гомельскімі дэмакратамі, я прайшоў стажыроўку ў Хельсінкскім фондзе правоў чалавека ў Варшаве, Летнюю школу правоў чалавека – і тады зразумеў, што такое правы чалавека. Я зразумеў грунт, з якога яны паходзяць, – што правы нам дае не дзяржава, а яны належаць кожнаму з нас ад нараджэння.

– Нажаль, калі я вучыўся на Вышэйшых курсах па правах чалавека ў Варшаве, Марэк Навіцкі [польскі праваабаронца, асветнік; заснаваў у Варшаве пры Хельсінкскім фондзе правоў чалавека курсы з правоў чалавека – заўв. аўт. ] ўжо год як памёр. Я яго ведаў ужо як легенду. Тады я і пачаў разумець: тое, што я вучыў ва ўніверсітэце, і тое, што спазнаваў у Варшаве, – неба і зямля. Там я зразумеў, што як прымаўцы «Добры закон ці дрэнны, яго трэба выконваць» – так не павінна быць. Законы пішуць людзі, а ім уласціва памыляцца. Чаго варты толькі так званы дэкрэт «Пра дармаедаў», дзе беспрацоўных абклалі падаткам, а калі людзі выйшлі пратэставаць, адразу скасавалі. Той жа закон «Аб масавых мерапрыемствах», які ніякім чынам не рэгулюе тыя стыхійныя сходы, якія цяпер адбываюцца. Гэта што, калі я іду па горадзе і бачу людзей у калоне са сцягамі і кветкамі, якія смяюцца і ўсміхаюцца – што, каб стаць у гэтую калону, я павінен даведацца: эй, хто тут арганізатар? Ці ўзялі вы дазвол ва ўладаў за 15 дзён? Ці заключылі вы дамовы з міліцыяй і хуткай дапамогай? Чаму я не маю права па гэтым законе далучыцца да калоны? Абсурд; мне спадабалася – я захацеў і далучыўся.

sudalenka_bish.jpg
Леанід Судаленка выступае перад навучэнцамі BISH. Чарнігаўскі асветны Дом правоў чалавека, Чарнігаў, 2019 год

Праваабаронца расказвае, што зразумець сутнасць міжнароднага права яму дапамагло і навучанне на курсе BISH у Беларускім доме правоў чалавека:

– Дапамагло зразумець, як будаваць прававую аргументацыю – не толькі ў нацыянальных судах, але ў першую чаргу пры падрыхтоўцы скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН. І ў мяне ёсць вынік, як я мяркую: агулам ад Беларусі Камітэт зарэгістраваў 370 скаргаў, і адна траціна ад гэтай колькасці выйшла з майго кампутара, з-за майго працоўнага стала. Каля 150 індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН – мае. Мы з калегамі стварылі Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы, яшчэ ў 2006 годзе, і ў межах дзейнасці гэтага цэнтру займаемся сістэмнай працай па падрыхтоўцы зваротаў у КПЧ. Ужо маем больш за 50 рашэнняў, па якіх Камітэт прыняў рашэнне і якія Беларусь павінна выканаць; звароты па самых розных парушаных правах, пачынаючы ад права на жыццё. У тым ліку і я даказаў, у сваёй справе “Судаленка супраць Беларусі”, што Рэспубліка Беларусь падчас выбарчай кампаніі дыскрымінавала мяне па палітычных матывах.

Леанід Судаленка не выключае, што ў хуткім часе патрабаваць выканання міжнародных абавязкаў Беларусі праваабаронцы будуць ад іншых прадстаўнікоў улады, аднак аптымізм выказвае стрыманы:

– Мне здаецца, што рэзкага павароту ў бок дэмакратыі не будзе. Будзе, напэўна, пераходны варыянт. Канешне, хацелася б, каб прыйшоў да ўлады дэмакрат, які заўтра ж увядзе інстытут амбудсмана, каб запрацавалі ўсе прававыя механізмы, каб судовая сістэма нарэшце здабыла незалежнасць і каб суддзі судзілі самастойна, а не так, як ім сказалі па тэлефоне. Калі б парушанае права можна было б аднавіць у нацыянальнай сістэме, не было б патрэбы і скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека падаваць: пайшоў у суд, вырашыў канфлікт, і няма праблемы… Я, дарэчы, мяркую, што грамадзян Рэспублікі Беларусь трэба надзяліць правам прамога звароту ў Канстытуцыйны суд. І вельмі важным быў бы інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, куды б людзі маглі звяртацца ў выпадку парушэння права. Але мне чамусьці здаецца, што нават калі заўтра зменіцца кіраўніцтва ў краіне, гэта не будуць дэмакраты ў першым пакаленні. Думаю, што будзе працэс трансфармацыі. Рана ці позна наша краіна прыйдзе да таго, што нам будзе даступны і Еўрапейскі суд па правах чалавека. Мяркую, што калі гэта здарыцца, то падрыхтоўка зваротаў у ЕСПЧ будзе галоўным відам маёй дзейнасці. Пагатоў, у адрозненне ад ААНаўскай сістэмы абароны правоў чалавека, у Еўрапейскім судзе ёсць грашовая кампенсацыя. Гэтай працай можна зарабіць сабе на жыццё. Упэўнены, што я змагу атрымаць і адвакацкую ліцэнзію, калі мне спатрэбіцца. У той Беларусі, дзе сапраўды адвакат будзе незалежным, і мяне за гэтую ліцэнзію не будуць прыціскаць. А то глядзіце, што адбываецца: як толькі прэзідэнцкія выбары, пяць-дзесяць актыўных адвакатаў пазбаўляюцца ліцэнзіі. Ніхто не глядзіць, як у Тамары Сідарэнкі, на 35 гадоў адвакацкай практыкі: для камісіі яна, з такім досведам, аказалася «некампетэнтнай».

Аказваецца, у прафесійным жыцці Леаніда Судаленкі была і спроба атрымаць адвакацкую ліцэнзію:

– Канешне ж, я не здаў экзамен. Больш не спрабаваў. Калі я ўжо, так бы мовіць, звязаўся з дэмакратамі, я думаў, што калі б я меў ліцэнзію, я б хадзіў па судах і абараняў там паплечнікаў. І вось у 2002 ці ў 2003 годзе, на экзамене ў Міністэрстве юстыцыі, сустрэў да сябе вельмі перадузятае стаўленне. Пытанні ж на іспыце можна задаваць па-рознаму; можна спытаць: «Колькі загінула ў Вялікай айчыннай вайне?», а можна папрасіць назваць усіх паіменна…

sudalenka_ganarovy.jpg
Пасведчанне ганаровага грамадзяніна горада Пенсакола, Фларыда, ЗША, уручанае Леаніду Судаленку

«БАРЫС БЫЎ АПАНТАНЫ ІДЭЯЙ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА»

Апрача Віктара Карнеенкі, Леанід Судаленка называе яшчэ аднаго чалавека, які моцна паўплываў на яго лёс і на шлях ад юрыста да праваабаронцы – Барыса Ігаравіча Звоскава:

– Мы пазнаёміліся з ім недзе ў 2000-х гадах, калі ён прыязджаў у Гомель на судовыя працэсы над «Грамадзянскімі ініцыятывамі», нашай гомельскай грамадскай арганізацыяй. Тады ўлады пачалі сур’ёзны наступ на свабоду асацыяцыі. Барыс Звозскаў у той час кіраваў «Прававой ініцыятывай»; прапанаваў у Гомелі стварыць аддзяленне, мы стварылі і зарэгістравалі, і я быў абраны старшынём Гомельскага аддзялення. Мы з Барысам вельмі доўга і шчыльна працавалі. Барыс Звозскаў таксама быў маім настаўнікам у правах чалавека. І калі быў першы набор у Беларускім доме правоў чалавека на адукацыйны курс BISH, Барыс прапанаваў мне прайсці навучанне, і я з задавальненнем пагадзіўся. Цалкам справядліва будзе сказаць, што тыя веды ў галіне правоў чалавека, якія я маю сёння, я атрымаў ад Барыса.

– Барыс быў сціплым чалавекам, ён быў сціплы з усімі. Заўжды прыслухоўваўся, заўжды прыходзіў на дапамогу. Да яго як да старэйшага сябра можна было звярнуцца, папрасіць парады… Я вельмі блізка камунікаваў з Барысам, як называецца, на кароткай назе. Я быў у яго дома, пілі каву; заўжды ён казаў: прыходзь да мяне, калі трэба ў Мінску застацца. Барыс удзельнічаў у многіх судовых працэсах. Гучная справа была міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, Барыс у гэтай справе дапамагаў… У Гомель прыязджаў на судовыя працэсы. Барыс быў асабіста знаёмы з Сяргеем Кавалёвым, расійскім праваабаронцам; і ў той час, калі Кавалёў яшчэ быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы, Барыс меў пасведчанне памочніка дэпутата, ён быў памочнікам дэпутата Кавалёва.

– Барыс быў апантаны ідэяй правоў чалавека, ён жыў гэтым, гэта была справа ўсяго яго жыцця. Быў сапраўдным працаголікам, да свайго апошняга дня. Тое, што Дом правоў чалавека носіць імя Барыса Звозскава – гэта сапраўды заслужана. Светлы, пазітыўны чалавек. Такія людзі пакідаюць адбітак не толькі ў памяці іншых людзей, але і ў гісторыі краіны.

АДВАКАТ ДАРМАЕДАЎ ЕДЗЕ Ў ПАРЫЖ

Францыя ўганаравала Леаніда Судаленку прэміяй «Свабода, Роўнасць, Братэрства» за яго супрацьдзеянне «падатку на беспрацоўе» – Дэкрэту №3, які ўсталёўваў штогадовыя выплаты «не занятым у эканоміцы». Меркавана, мэтай Дэкрэту было спагнаць грошы з тых, хто працаваў у іншых краінах і не дэманстраваў заробак падатковай інспекцыі Беларусі – аднак «пад раздачу» трапіла вельмі шырокае кола людзей, збольшага тых, хто змушана сядзеў без працы. Людзі, абражаныя раптоўным статусам «дармаедаў», выйшлі на пратэсныя акцыі па ўсёй Беларусі. Леанід Судаленка, які ў дадатак да ўсіх сваіх праваабарончых актыўнасцяў, працуе і прававым інспектарам незалежнага прафсаюза РЭП, абвясціў гатоўнасць дапамагчы кожнаму, хто хоча змагацца супраць несправядлівага падатку. Зімой 2017 года ў офісе па вуліцы Палесскай не зачыняліся дзверы: людзі ішлі і ішлі да Леаніда Судаленкі, каб абскардзіць патрабаванне заплаціць дзяржаве за сваё беспрацоўе. У тыя неспакойныя месяцы праваабаронцу пачалі пазнаваць на вуліцах.

Леанід Судаленка на ўручэнні прэміі
Леанід Судаленка на ўручэнні прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства», Парыж, 2018 год

–  Парыж. Усе мы памятаем 2017 год, калі пачаліся пратэсныя акцыі. Я дапамагаў усім, хто прыходзіў сюды, у офіс на Палесскую, пісаць скаргі. Мяне ўлады недзе ў інтэрнэце празвалі «адвакатам дармаедаў». І калі пад уплывам пратэстаў улада была вымушаная спачатку прыпыніць, а потым і змяніць Дэкрэт №3, то ў гэтым ёсць і мая заслуга. Калі мне ў Варшаве рэдакцыя “Хартыі” ўручала праваабарончую прэмію, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы сказаў, што гэта дзякуючы мне Лукашэнка скасаваў Дэкрэт №3 – бо я надта шмат скаргаў напісаў. Гэта, канешне, перабольшванне. Але менавіта мая актыўнасць датычна “дармаедскага дэкрэта” была заўважаная, і таму я ўдзельнічаў у конкурсе, які штогод ладзіць Францыя. Прэмія “Свабода, роўнасць, братэрства” – урадавая прэмія, яе ўручае Міністр юстыцыі – за ўнёсак у абарону правоў чалавека. Калі я запаўняў анкету, я і не думаў, што мая кандыдатура будзе адной з пяцёх, якія адзначылі сярод 110 намінантаў. Пяць лаўрэатаў прэзентавалі пяць краінаў – Кітай, Нігерыю, Калумбію… І з Беларусі – я.

– Калі на пошту прыйшоў ліст – “Віншуем, вы атрымалі прэмію, у Дзень правоў чалавека запрашаем вас у Парыж, дзе Міністр юстыцыі ўзнагародзіць вас” – для мяне гэта было шокам! Я ж усведамляю сваю ролю. Дзе я – праваабаронца з перыферыі, з Гомеля – і дзе гэтая прэмія! На такім высокім узроўні заўважылі маю работу. Гэта вельмі натхняе. Я напісаў ліст у адказ: “Ці гэта не розыгрыш, ці гэта сапраўды?” І калі ўжо ў мяне папрасілі звесткі пашпарта, замовілі гатэль і купілі білеты на самалёт, калі даслалі праграму сустрэчы – тады я канчаткова паверыў.

– А потым мне пазванілі з пасольства Францыі, памочніца амбасадара, і сказалі, што спадар амбасадар запрашае мяне на вячэру з нагоды прэміі. Прыём быў у загарадным доме амбасадара, мы паехалі туды з маімі калегамі праваабаронцамі, таксама запрошанымі. Было адчуванне нерэальнасці. Гэта ж космас… Шчыра кажучы, я толькі потым стаў думаць: чаму мне, чаму не камусьці іншаму, ёсць і іншыя кандыдатуры, больш годныя… Пагатоў, я ўжо пяць гадоў запар намінаваўся на беларускую праваабарончую прэмію, але нічога не атрымлівалася. Я ўваходзіў у шорт-ліст чатыры разы, але абіралі іншых. Але ў той год, пасля французскай прэміі, мне дасталася яшчэ і наша, я атрымаў яе ў 2019 годзе.

premia20194.jpg
Леанід Судаленка атрымлівае Нацыянальную праваабарончую прэмію. Мінск, 2019 год. Злева Андрэй Завалей

–  Чым мне яшчэ каштоўная прэмія ад Францыі? Калі я атрымліваў яе, у 2018 годзе, споўнілася 80 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ў такі значны юбілей маю кандыдатуру адзначылі прэстыжнай міжнароднай прэміяй. Уручаны мне медаль дома захоўваецца ў месцы для святыняў; калі я гляджу на яго, то разумею, што мая праца ўсё ж заўважная… Ёсць чым ганарыцца. Калі ўнукам буду распавядаць пра свой жыццёвы шлях, медаль будзе аргументам на карысць таго, што я, напэўна, жыў правільна. Я першы беларус, які атрымаў такую прэмію. А беларускія праваабаронцы атрымліваюць міжнародныя прэміі рэгулярна; вось нядаўна Алесь Бяляцкі атрымаў Альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію ў Стакгольме; гэта прызнанне работы, якую робяць беларускія праваабаронцы для рэфармавання прававой сістэмы ва ўсім свеце.

Леанід Судаленка не пагаджаецца з тым, што ўсе гады сваёй праваабарончай дзейнасці ён змагаўся з ворагам, якога немагчыма адолець:

– У маёй працы ёсць вынік. Я ўжо казаў, што майму аўтарству належыць траціна ўсіх зваротаў ад Беларусі, якія прайшлі рэгістрацыю і прынятыя да разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН – гэтым вынікам я магу ганарыцца; гэта тое, што мяне натхняе на далейшую працу. Зразумела, што калі прыходзіш у суд і кажаш аб правах чалавека, а людзі ў судзейскіх мантыях круцяць пальцам у скроні, то пачуваешся як з іншай планеты. Мне быццам хочуць сказаць: вось жа закон, а ты нам расказваеш пра нейкія міжнародныя пакты нейкіх правоў чалавека… І праз гэта раз-пораз пачуваешся прыкра. Мы ўсе юрысты, і павінны размаўляць адной мовай; а нас у судзе не чуюць. З іншага боку, нас чуюць там, у міжнародных органах, з намі размаўляюць на мове стандартаў правоў чалавека, да нас прыслухоўваюцца і прымаюць рашэнні. Таму існаванне міжнародных механізмаў – вельмі важна. Я разлічваю, што дажыву да таго часу, калі мы атрымаем магчымасць абараняць свае правы і ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Гэта будзе самы светлы дзень у маім жыцці, не пабаюся гэтага слова.

sudalenka_gomel2018.jpg
Леанід Судаленка за сваім працоўным сталом. Гомель, 2018

«ЛЮБЛЮ ПРАЦАВАЦЬ У НЯДЗЕЛЮ»

– Мне падабаецца мая праца. Я прыходжу сюды нават у выходныя. Люблю працаваць у нядзелю: у цішыні, калі ў офісе няма людзей, падрыхтаваць, напрыклад, зварот у КПЧ ААН. Для гэтага трэба засяродзіцца… Калі ўдзень увесь час звоніць тэлефон, калі прыходзяць людзі, засяродзіцца ж немагчыма! Я падкрэсліваю: «На працу як на свята» – для мяне гэта не гучныя словы, а так і ёсць. Мая праца мне прыносіць задавальненне, гэта тое, што мяне вабіць, у чым я сябе рэалізую.


Нагадаем, Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня 2021 года па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). 3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу.

У 2021 годзе праваабаронца быў адзначаны прэміяй “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) разам з Ліліяй Уласавай, Максімам Знакам і Дзмітрыем Лаеўскім.

Падтрымайце нашага калегу лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства