viasna on patreon

Індэкс «Права пісаць» ад PEN America: 10 пісьменнікаў з Беларусі ў няволі

2022 2022-04-21T16:51:59+0300 2022-04-21T16:51:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freedom_write_index_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

PEN America выпусціў трэцяе выданне выданне штогадовага Індэксу «Права пісаць» (Freedom to Write Index), у якім прыводзіцца падлік пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, што ўтрымліваліся ў турмах ці пад вартай на працягу 2021 года ў сувязі з іх пісьменніцкай дзейнасцю ці рэалізацыяй іншым чынам свайго права на свабоду выказвання меркавання. Адна з частак прысвечаная Беларусі.

У 2021 годзе ў Беларусі прынамсі 10 пісьменнікаў і прадстаўнікоў грамадскай інтэлігенцыі знаходзіліся ў турме. Гэта на 18 чалавек менш, чым у 2020 годзе, калі ў адказ на масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў пачаліся рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. У 2020 годзе Беларусь адзначылася самым вялікім прыростам зняволеных пісьменнікаў і інтэлектуалаў сярод усіх краін. Аднак параўнальна невялікая колькасць пісьменнікаў, затрыманых ці зняволеных у турме ў 2021 годзе, зусім не азначае, што свабоды для выказванняў у Беларусі зрабілася больш.

Шматлікія пісьменнікі, мастакі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, арыштаваныя ў 2020 годзе, былі вызваленыя пасля таго, як адбылі адміністрацыйныя тэрміны працягласцю ад аднаго да двух тыдняў. Некаторыя пісьменнікі пасля гэтага зноў патрапілі ў турму ці былі паўторна арыштаваныя адразу ж пасля таго, як адседзелі першапачаткова кароткія тэрміны зняволення. Напрыклад, блогер, пісьменнік і палітычны аналітык Мікалай Дзядок у лістападзе 2021 года быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за надуманыя злачынствы супраць нацыянальнай бяспекі, звязаныя з ягонымі публікацыямі. Дзядок знаходзіўся пад вартай на працягу ўсяго судовага працэсу, нягледзячы на сведчанні катаванняў з боку беларускіх улад. Ігар Банцар, аўтар тэкстаў і вакаліст панк-рок-гурта Mister X, на пачатку 2021 года быў асуджаны да больш як года прац у папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»). Пазней суд заявіў, што Банцар дапусціў некалькі парушэнняў правіл адбывання пакарання на «хіміі» — у тым ліку нібы заснуў на крэсле, — і пастанавіў зрабіць рэжым утрымання больш жорсткім. Да свайго вызвалення ў снежні 2021 года Банцар быў вымушаны адбываць пакаранне ў ШІЗА.

За год пасля нелегітымных выбараў 2020 года беларускія ўлады прынялі жорсткія і папераджальныя меры для таго, каб адправіць у турму вядомых пісьменнікаў і дзеячаў грамадзянскай супольнасці, якія раней крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку.

Пісьменнік, журналіст і актывіст польскай меншасці Андрэй Пачобут быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года падчас ператрусу ў яго дома на хвалі рэпрэсій супраць Саюза палякаў у Беларусі, адметным сябрам якога з'яўляецца Пачобут. Пачобут застаецца пад вартай паводле абвінавачвання ў «распальванні міжнацыянальнай варажнечы», што ўяўляецца фарсам і спробай зрабіць беларускіх палякаў крайнімі. Пачобут таксама мае досвед крытычнага аналізу і напісання артыкулаў пра Лукашэнку: у 2011 годзе ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле абвінавачвання ў «абразе» і «паклёпе» за свае крытычныя калонкі. Акрамя таго, ён з'яўляецца аўтарам кнігі «Сістэма Беларусь», якая распавядае пра прэзідэнцтва Лукашэнкі і ягоны ўплыў на краіну.

У красавіку 2021 года ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту «па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства» ў Маскве быў арыштаваны палітычны каментатар, пісьменнік і літаратурны крытык Аляксандр Фядута. Тысячы пісьменнікаў з усяго свету і некалькі ПЭН-цэнтраў напісалі адкрытыя лісты ў падтрымку ягонай невінаватасці. Фядута быў сябрам перадвыбарнага штаба Лукашэнкі ў 1994 годзе і некаторы час узначальваў дзяржаўную палітыку ў галіне СМІ. Ён сышоў у адстаўку і пакінуў прэзідэнцкую каманду пасля таго, як у 1994 годзе Лукашэнка двойчы ў аднабаковым парадку ўвёў цэнзуру ў прэсе. Нягледзячы на тое, што ў 2010 годзе ён апынуўся ў турме за падтрымку апазіцыйных кандыдатаў, Фядута працягваў адкрыта выступаць супраць кіравання Лукашэнкі і крытычна выказваўся наконт падаўлення пратэстаў супраць выбараў 2020 года. У першы месяц рэпрэсій Фядута напісаў: «Прага свабоды заўсёды здаецца вар'яцтвам. Лукашэнка шчыра не разумее, каму і навошта патрэбна свабода».

Калі для 2020 года былі характэрны масавыя «хапуны» тых, хто далучаўся да пратэстаў ці выказваўся пра фальсіфікацыю выбараў, то ў 2021-м арышты часцей былі кропкавымі, накіраванымі на тое, каб прымусіць замоўкнуць дысідэнтаў, аналітыкаў і крытыкаў кіравання Лукашэнкі. Як паведаміў калега палітолага Валерыі Касцюгавай, 30 чэрвеня супрацоўнікі КДБ нечакана наляцелі з ператрусам у яе кватэру ў спробе «знішчэння прасторы выказвання слова і вытворчасці думкі». Касцюгова доўгі час была мадэратаркай сайта «Наше мнение», на якім палітычныя эксперты размяшчалі свае каментары і дзяліліся меркаваннямі, а таксама пісала навуковыя працы для Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Таксама ў ліпені 2021 года міліцыя правяла ператрусы ў офісах праваабарончых груп, НДА, іх заснавальнікаў і незалежных публічных інтэлектуалаў, што шматлікія каментатары назвалі «чорным тыднем» і «татальнай зачысткай грамадзянскай супольнасці». 14 ліпеня 2021 года ў офісе вядучай праваабарончай арганізацыі «Вясна» быў праведзены ператрус, а яе заснавальніка, а таксама вядомага пісьменніка і літаратурнага крытыка Алеся Бяляцкага арыштавалі і пазней абвінавацілі ў наўмысным ухіленні ад выплаты падаткаў у сувязі з фінансавай дзейнасцю «Вясны».

Праз тры тыдні, 4 жніўня, вядомы філосаф, эсэіст і палітычны аналітык Уладзімір Мацкевіч быў арыштаваны паводле надуманай справы пра нацыянальную бяспеку; Мацкевіч заявіў, што высунутыя супраць яго абвінавачванні падобныя да «думказлачынства». Мацкевіч, вядомы ў Беларусі палітычны каментатар, заснавальнік незалежнага Лятучага ўніверсітэта, быў абвінавачаны ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Гэтыя наўмысныя арышты адрозніваюцца ад больш хаатычнай, рэактыўнай рэакцыі ўлад на масавыя пратэсты ў 2020 годзе. Падобна, што праз больш як год Лукашэнка і беларускія ўлады яшчэ больш сістэмна знішчаюць іншадумства, адпраўляючы ў турму ідэйных лідараў і крыміналізуючы іх працу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства