Марфа Рабкова і ейны кот Марфей сталі часткай праекта "МИР"
Партрэт палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай увайшоў у вялікі плакат у падтрымку жыхароў Украіны. Ён быў створаны ў межах праекта "МИР".
Што за праект?
У красавіку 2022 года ілюстратарка з Санкт-Пецярбурга Саша Канакова запусціла праект "МИР". Яна прапанавала людзям намаляваць іх партрэты, а наўзамен трэба было адправіць грошы на падтрымку жыхароў Украіны.
У выніку мастачка аб'яднала ўсіх, хто паспеў паўдзельнічаць у праекце, на вялікім плакаце, “каб паказаць, што нас шмат, мы разам, мы людзі і мы хочам дапамагаць”.
"Мне ахвота, каб гэты партрэт зрабіўся маяком дабра ў нашым цёмным свеце", — напісала Саша Канакова.
На гэтым плакаце ёсць і Марфа Рабкова — разам са сваім катом Марфеем.
А вось і яе асобны партрэт:
Як Марфа апынулася на плакаце "МИР"?
Пра гэта "Вясне" распавяла Ганна — яна вырашыла замовіць двайны партрэт: не толькі свой, але і Марфін.
"Мне вельмі спадабалася ідэя мастачкі. Я ўпэўненая, што Марфа абавязкова была б за мір у гэтай сітуацыі".
У першапачатковай версіі партрэта ката Марфея не было. Але Ганна папрасіла мастачку абавязкова яго намаляваць:
"Я ведаю, што Марфа па ім вельмі сумуе", — кажа Ганна.
Ганна і Марфа пазнаёміліся каля сямі гадоў таму — разам яны займаліся абаронай жывёлаў.
"Ёсць людзі, якім не ўсё адно — іх вельмі мала. Яны неабыякавыя да любой бяды — жывёлы, чалавека. І мне здаецца, што Марфа — з такіх неабыякавых людзей. Тое, як людзі ставяцца да жывёл — гэта вялікая несправядлівасць. Бачыць гэту несправядлівасць і нічога не рабіць — гэта не ў духу Марфы. Таму яна імкнулася дапамагаць ім", — распавяла Ганна.
Марфа валанцёрыла ў прытулку для жывёл, а таксама дапамагала вулічным катам. Адзін з іх застаўся жыць з Марфай — гэта і ёсць Марфей.
Што кажа ілюстратарка Саша Канакова?
Ілюстратарка Саша Канакова расказала "Вясне", што падчас стварэння партрэтаў яна запомніла некалькі гісторый, якімі з ёй падзяляліся людзі. І гісторыя Марфы — у іх ліку:
"Я проста захапляюся праваабаронцамі і вельмі ім удзячная за тое, што яны робяць, гэта моцныя і адважныя людзі. Я не такая адважная. Але я радая, што часцінка іх, вельмі важная і значная, тут, у маім плакаце. Гэта грэе мне душу", — падзялілася Саша Канакова.
Вы можаце спампаваць агульны плакат у вялікім разрозненні, а таксама партрэт, дзе намаляваная Марфа з Марфеем, і раздрукаваць як паштоўку.
І не забывайце падтрымліваць Марфу Рабкову лістамі і паштоўкамі салідарнасці!
Адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Марыі Аляксандраўне Рабковай
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года і з тых часоў знаходзіцца ў СІЗА-1.
У гэты момант працягваецца суд на Марфай, валанцёрам "Вясны" Андрэем Чапюком і яшчэ васьмю палітвязнямі ў закрытым рэжыме. Матэрыялы справы складаюць 160 тамоў, Марфу абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.