viasna on patreon

Татуіроўкі, аркушы паперы на вокнах, відэа шэсця з БЧБ-сцягамі: за што судзілі беларусаў у траўні

2022 2022-06-06T15:02:22+0300 2022-06-06T17:17:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silavik_956_9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца штодзённыя рэпрэсіі супраць беларусаў, якія працягваюць выказваць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўлады, а таксама ўдзельнічаюць у антываенных акцыях пратэсту. Сілавікі затрымліваюць шматдзетных бацькоў, вядомых адвакатаў і нават святароў. У мінулым месяцы за краты закідвалі за "экстрэмісцкія" татуіроўкі, аркушы паперы на вокнах у блакітна-жоўтых колерах, падпіску на "экстрэмісцкія каналы" і бел-чырвона-белую сімволіку. Праваабаронцам вядома мінімум пра 263 затрыманні ў траўні. Беларускія суддзі за месяц разглядзелі больш за 90 адміністрацыйных справаў. Яны прызначылі 42 штрафы і 43 адміністрацыйныя арышты. Таксама вядома, што суды спынілі пяць адміністрацыйных справаў праз сканчэнне тэрмінаў. «Вясна назірае» склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў адміністрацыйна пераследавалі ў траўні. 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"Суткі" за "несанкцыянаванае пікетаванне" ў сацыяльных сетках

У Баранавічах 1 траўня затрымалі мужчыну за «пікетаванне на сваёй старонцы ў «ВКонтакте» фотаздымкамі людзей, якія трымаюць бел-чырвона-белыя палотнішчы». За гэта «правапарушэнне» ў баранавіцкім РАУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Згодна з матэрыяламі справы, міліцыянты знайшлі на яго старонцы 14 фотаздымкаў, сярод якіх ёсць і фота самога мужчыны са сцягам у руках. Суддзя Аксана Копач прызнала яго вінаватым і арыштавала на 7 сутак.

Жыхара Віцебска арыштавалі на 15 сутак за два бел-чырвона-белыя сцяжкі на аватарцы ў «ВКонтакте». Міліцыянты расцанілі гэта як «пратэст супраць вынікаў выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе».

Суд Наваполацку арыштаваў мужчыну за фота ў «ВКонтакте», на якім ён трымае ў руках БЧБ-сцяг. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Вынік — 15 сутак.

Старшыню Беларускага Незалежнага прафсаюза Максіма Пазнякова з Наваполацку 19 траўня асудзілі на 15 сутак за аватарку ў Facebook: сцяг Украіны і выраз «я за незалежнасць». У наваполацкім РАУСе на яго быў складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП. 27 траўня над ім прайшоў другі суд запар. Вынікам стаў чарговы арышт тэрмінам на 15 сутак.

Суд Глыбоцкага раёна 5 траўня арыштаваў жыхара вёскі за «пікет» відэазапісам на сваёй старонцы ў «ВКонтакте». Падставай для пратакола паводле арт. 24.23 КаАП стала відэа з несанкцыянаваным шэсцем з БЧБ-сцягамі, на застаўцы якога былі надпісы «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь». Мужчына паведаміў, што размясціў відэазапіс у публічнай групе выпадкова, бо збіраўся даслаць яго брату. Яго асудзілі на 7 сутак арышту.

Баранавіцкага вайскоўца асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму». Рапарт быў складзены супрацоўнікам контрвыведкі

У Баранавічах 12 траўня адбыўся суд над вайскоўцам Дзмітрыем Чарнаброўкіным. Яго абвінавацілі ў тым, што ён на сваёй старонцы ў «ВКонтакте» зрабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх крыніц». На судзе Дзмітрый часткова прызнаў сваю віну. У матэрыялах справы ёсць рапарт супрацоўніка ваеннай контрвыведкі па Баранавіцкаму гарнізону УВКВ КДБ, які пацвердзіў «правапарушэнне» вайскоўца. Суддзя Сяргей Данільчык прызначыў яму штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) у памеры 20 базавых велічыняў (640 рублёў).

«Дапытвалі супрацоўнікі контрвыведкі». Жыхар Баранавічаў распавёў, як яго затрымлівалі за інфармацыю для «Беларускага Гаюна»

Хлопец распавёў «Вясне» пра допыт супрацоўнікамі контрвыведкі, пра стаўленне сілавікоў да вайны і ўмовы ўтрымання ў баранавіцкім ІЧУ.

"Выказвала сваю салідарнасць з народам Украіны"

У Наваполацку мясцовую жыхарку арыштавалі на 15 сутак за чатыры аркушы паперы на акне, якія былі размалёваны блакітна-жоўтымі колерамі. Згодна з пратаколам, жанчына іх вывесіла 25 лютага — на другі дзень уварвання Расеі ва Украіну. Яна растлумачыла суду, што «такім чынам выказвала сваю салідарнасць з народам Украіны». Вядома, што ў міліцыю на украінскі сцяг 11 траўня паскардзілася «неабыякавая грамадзянка». Суд арыштаваў жанчыну па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.

Два пратаколы за адзенне з "Пагоняй" і "экстрэмісцкую" татуіроўку

У сярэдзіне траўня ў Кобрыне міліцыянты спынілі на вуліцы мясцовага жыхара, калі той ішоў у юрыдычную кансультацыю. Прычына — кофта з «Пагоняй» і татуіроўка «ACAB» на шыі. У РАУСе на яго склалі два пратаколы: за адзенне з сімволікай — па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны адзіночны пікет), а за татуіроўку з абрэвіятурай — па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку, мужчыну пакаралі 12 суткамі арышту.

Арышт за БЧБ-сімволіку на аўтамабілях

У Ленінскім судзе Брэста 17 траўня разглядзелі адміністрацыйную справу берасцейца, які ў сваёй машыне на люстэрка прычапіў бел-чырвона-белую стужачку і герб Украіны. За гэта яго арыштавалі на 10 сутак.

У Оршы мужчыну пакаралі 10-сутачным арыштам за налепку з "Пагоняй" на багажніку аўтамабіля.

Адправілі за краты за падпіску на "экстрэмісцкія" каналы

Аляксандра Клопата з Лунінца 18 траўня асудзілі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы (арт. 19.11 КаАП). Згодна з рапартам міліцыянтаў, захоўванне з мэтай распаўсюду пацверджваецца тым, што пры аглядзе тэлеграм-каналаў бачна, што апошнія навіны былі прагледжаныя 23 красавіка. Акрамя гэтага, у выдаленых фотаздымках тэлефона знайшлі малюнкі з гербамі Украіны і «Пагоні». Аляксандра арыштавалі на 12 сутак, а таксама канфіскавалі тэлефон.

Ксяндза аштрафавалі за рэпост відэа з "Белсату"

Ксяндза Аляксандра Барана з Паставаў 13 траўня пакаралі велізарным штрафам у памеры 960 рублёў (30 базавых велічыняў). Суд прызнаў яго вінаватым у рэпосце відэа з лагатыпам «Белсату». Святара затрымалі яшчэ 24 сакавіка, а пазней склалі два пратаколы — па арт. 24.23 КаАП (на фота ў сацсетцы ксёндз размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг) і па арт. 19.11 КаАП (за «лайкі» ў 2020 годзе пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі»). Шэсць сутак святар быў у ізалятары.

Бацьку пяці непаўнагадовых дзяцей аштрафавалі за падпіску на "Белсат"

Суддзя Старадарожскага раёна Дзіна Філатава 17 траўня разглядзела справу бацьку пяці непаўнагадовых дзяцей Андрэя Лапаніка. Яна прызнала яго вінаватым у захоўванні з мэтай распаўсюду «экстрэмісцкіх» матэрыялаў з «Белсату» і аштрафавала яго на 800 рублёў (25 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, у Андрэя канфіскавалі тэлефон.

Маці шасцярых дзяцей, пасля двух сутак утрымання ў ІЧУ, пакаралі штрафам

29 траўня беларусы, якія захапляюцца старажытнымі абрадамі, сабраліся на беразе Дняпра, каб правесці паганскі баявы карагод, але ім перашкодзіў АМАП. Было затрымана 6 мужчын і 14 жанчын, сярод якіх была шматдзетная маці Вольга Елісеева.

30 траўня адбыўся суд — удзельнікі карагода былі аштрафаваныя на 320 рублёў (10 базавых велічыняў). Вядома, што Вольгу ўтрымлівалі за кратамі двое сутак, але, па закону, павінны былі выпусціць пасля трох гадзін.

"Збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага"

19-гадовы Андрэй Раптуновіч — сірата. Яго затрымалі 16 траўня — тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ён нібыта «збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага». Вядома, што хлопцу прысудзілі 14 сутак арышту па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), ён павінен быў выйсці на волю 29 траўня, аднак на яго склалі новы пратакол. На гэты раз Андрэю прысудзілі 15 сутак арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) нібыта за тое, што ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся.

15 сутак за "непадпарадкаванне міліцыянтам"

У судзе Партызанскага раёна Мінска 25 траўня суддзя Наталля Дзядкова арыштавала адваката Віталя Брагінца на 15 сутак. Падставай для складання пратакола па арт. 24.3 КаАП стала нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі каля Партызанскага РУУСа. Віталь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ зранку 23 траўня: наўпрост на выхадзе з дома. Пазней яго даставілі ў Партызанскае РУУС «для праверкі на датычнасць да пратэснай дзейнасці». Адтуль ён, як сцвярджалася ў судзе, «паспрабаваў сысці». У гэтым і выявілася непадпарадкаванне.

Камерцыйнага дырэктара сеткі кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча 25 траўня затрымалі на працоўным месцы. Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы» (арт. 24.3 КаАП Беларусі). У выніку Аляксандру прызначылі 15 сутак арышту. Раней ён працаваў на розных пасадах у TUT.ВY. Да разгрому партала ўзначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.

Супрацоўнікаў "Кнігаўкі" кінулі за краты пасля ператрусу ў кнігарні

Андрэя Янушкевіча і Насту Карнацкую затрымалі пасля ператрусу ў кнігарні «Кнігаўка», якую выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла 16 траўня. Дырэктара кнігарні Янушкевіча арыштавалі на 10 дзён, а прадавачку кнігарні і літаратурную аглядальніцу Карнацкую асудзілі да 13 сутак па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). 25 траўня ў тг-каналах выдавецтва «Янушкевіч» і падкасту «Белліт», які вяла Наста Карнацкая, адначасова з'явіліся пасты са спасылкамі на праўладны канал АНТ. На волю пасля «сутак», як і Янушкевіч, Наста не выйшла.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства