viasna on patreon

FAQ: дэнансацыя Факультатыўнага пратакола і скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН

2022 2022-08-30T15:39:32+0300 2022-08-30T15:40:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/jungtines-tautos-87571443.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўна стала вядома, што Савет Міністраў ініцыяваў прыняцце законапраекта "Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах". У гэты час у Палаце прадстаўнікоў ідзе падрыхтоўка да разгляду законапраекта ў першым чытанні. "Вясна" тлумачыць, што такое Міжнародны пакт і Факультатыўны пратакол да яго, чым пасля іх дэнансацыі будуць займацца праваабаронцы, а самае галоўнае — чаму гэтая навіна датычыцца ўсіх беларусаў і беларусак.

Што такое Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах?

У 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Цяпер палажэнні, замацаваныя ў гэтым дакуменце, адносяць да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, ад якіх нельга адмовіцца і якія нельга не выконваць. Тым не менш, Дэкларацыя носіць рэкамендацыйны характар, нават галасаваўшы за яе прыняцце, дзяржавы не бралі на сябе абавязак яе выконваць. Таму практычна адразу ж паўстала патрэба ў яшчэ адным дакуменце, які ўжо замацуе абавязак дзяржаваў паважаць правы чалавека і стварыць магчымасць рэагаваць на іх парушэнні. Так, у 1966 годзе быў прыняты Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пакт з'яўляецца міжнароднай дамовай, а значыць з'яўляецца абавязковым для выканання дзяржавамі — бакамі дамовы.

Пакт замацоўвае асноўныя правы і свабоды, а таксама рэгулюе, у якіх выпадках і на якіх падставах гэтыя правы і свабоды могуць быць абмежаваны. Так, напрыклад, артыкул 21 Пакта гарантуе свабоду мірных сходаў (мітынгаў, пікетаў, дэманстрацый, шэсцяў і г. д.) і вызначае ўмовы, толькі пры выкананні сукупнасці якіх магчымыя абмежаванні свабоды мірных сходаў:

  1. абмежаванні павінны быць накладзены ў адпаведнасці з законам,
  2. абмежаванні павінны быць неабходны ў дэмакратычным грамадстве,
  3. абмежаванні павінны быць накладзены ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асобаў.

Артыкул 21 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах

Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асобаў.

Акрамя замацавання грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама ўмоў іх абмежавання дзяржавамі, Пакт таксама прадугледжвае спецыяльны міжнародны орган, які будзе сачыць за выкананнем дзяржавамі ўзятых на сябе абавязальніцтваў — Камітэт па правах чалавека. Камітэт разглядае паведамленні пра выкананне дзяржавамі Пакта, заслухоўвае перыядычныя даклады прадстаўнікоў дзяржаў.

Што такое Факультатыўны пратакол?

Каб асобныя людзі маглі заявіць пра парушэнне дзяржавай іх правоў, гарантаваных Пактам, быў складзены дадатковы дакумент — Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Падпісваючы Факультатыўны пратакол, дзяржавы прызнаюць за Камітэтам па правах чалавека права на разгляд паведамленняў (скаргаў) людзей, якія заяўляюць, што гэта дзяржава парушыла ў дачыненні да іх Пакт.

Артыкул 1 Факультатыўнага пратакола

Дзяржава — удзельніца Пакта, якая становіцца ўдзельніцай гэтага Пратакола, прызнае кампетэнцыю Камітэта прымаць і разглядаць паведамленні ад асобаў, якія падлягаюць яе юрысдыкцыі і сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца ахвярамі парушэння дадзенай дзяржавай-удзельніцай якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце. Ніводнае паведамленне не прымаецца Камітэтам, калі яно датычыць дзяржавы — удзельніцы Пакта, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Пратакола.

Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Пакта і Факультатыўнага пратакола да яго. Гэта значыць, што калі вы мяркуеце, што Беларусь у асобе, напрыклад, супрацоўніка міліцыі, парушыла вашы правы, гарантаваныя вам Пактам, то, пасля вычарпання ўсіх эфектыўных сродкаў прававой абароны ўнутры дзяржавы, вы можаце звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека па прызнанне парушэння вашага права.

Такім чынам, Факультатыўны пратакол дазваляе нам шукаць абароны парушаных правоў не толькі ў нацыянальных інстытутах — судах, пракуратуры і г. д., але і ў міжнародным органе — Камітэце па правах чалавека.

Што азначае для беларусаў і беларусак магчымасць звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека?

Такім чынам, індывідуальнае паведамленне ў Камітэт па правах чалавека, магчымасць якога акурат прадугледжана Факультатыўным пратаколам, — гэта найбольш універсальная магчымасць для асобнага чалавека заявіць на міжнародным узроўні пра парушэнне ўладамі Беларусі грамадзянскіх і палітычных правоў.

Хоць улады Беларусі не прызнаюць абавязковасць меркаванняў (рашэнняў) Камітэта, колькасць паведамленняў і колькасць меркаванняў Камітэта з прызнаннем парушэння правоў паказвае рэальную сітуацыю са становішчам правоў чалавека ў краіне.

Адсутнасць такой магчымасці — гэта страта важнай магчымасці зрабіць бачнымі маштабы рэпрэсій супраць беларускага грамадства.

Што азначае дэнансацыя?

Дэнансацыя азначае скасаванне ці адмову ад прынятага раней дзяржавай на сябе абавязальніцтва па міжнароднай дамове. Іншымі словамі — аднабаковае скасаванне.

Аднак скасаваць такім чынам можна толькі тыя міжнародныя дамовы, у тэксце якіх прадугледжана такая магчымасць. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, напрыклад, такую магчымасць не прадугледжвае і дэнансаваць яго нельга. А вось сам Факультатыўны пратакол да Пакта — прадугледжвае.

Артыкул 12(1) Факультатыўнага пратакола

Кожная дзяржава-ўдзельніца можа ў любы час дэнансаваць гэты Пратакол шляхам пісьмовага апавяшчэння на імя Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Дэнансацыя набывае моц праз тры месяцы з дня атрымання гэтага апавяшчэння Генеральным сакратаром.

Дэнансацыя не азначае імгненнага спынення дзеяння Факультатыўнага пратакола. Усе індывідуальныя паведамленні (скаргі), пададзеныя да дэнансацыі, будуць разгледжаны Камітэтам па правах чалавека і будуць дзейнічаць у адносінах да дзяржавы.  

Артыкул 12(2) Факультатыўнага пратакола

Дэнансацыя не перашкаджае працягу прымянення палажэнняў гэтага Пратакола да любога паведамлення, якое падавалася ў адпаведнасці з артыкулам 2 да даты ўваходжання дэнансацыі ў сілу.

Таму нават калі законапраект сапраўды будзе прыняты і Факультатыўны пратакол дэнансаваны, цяпер мы ўсе маем апошні шанец звярнуцца па абарону сваіх правоў у Камітэт па правах чалавека. 

Калі вы хочаце падаць зварот у ААН і вам патрэбна дапамога праваабаронцаў, звяжыцеся з намі праз Telegram @zvarot96 ці Email zvarot@spring96.org.

Што застаецца, калі не Камітэт па правах чалавека?

Камітэт па правах чалавека для беларускіх праваабаронцаў на працягу шматлікіх гадоў з'яўляецца асноўным міжнародным органам, які можа разглядаць індывідуальныя паведамленні аб парушэнні правоў чалавека беларускімі ўладамі.

Тым не менш, нават без гэтай магчымасці застаюцца такія спосабы данесці да міжнароднай супольнасці рэальную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі праз альтэрнатыўныя даклады ў Камітэт па правах чалавека, звароты да спецдакладчыкаў і працоўныя групы ААН, а таксама індывідуальныя паведамленні ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

Асуджаем намеры ўладаў дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства