viasna on patreon

Затрыманні і ператрусы ў рэгіёнах, ціск на дыпламатаў і палітвязняў: хроніка пераследу 8-9 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-09T12:27:12+0300 2022-09-10T14:43:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karelichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 8-9 верасня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

9 верасня

«Зеркала»: адбыліся масавыя затрыманні інкасатараў у «Белгазпрамбанку»

Чытачы «Зеркала» распавядаюць, што 6 верасня ў «Белгазпрамбанк» прыйшлі сілавікі і затрымалі «10 або 11» супрацоўнікаў інкасатарскай службы. Па іх інфармацыі, большасць з іх арыштавалі на 14 сутак за «непадпарадкаванне міліцыі» і яны цяпер знаходзяцца на Акрэсціна.

«Некаторых затрымлівалі досыць жорстка. Аднаму нават зламалі плячо або руку — нібыта за аказанне супраціву. У саміх інкасатараў дома прайшлі ператрусы, — распавёў супрацоўнік банка. Мужчына дакладна не ведае, за што затрымлівалі супрацоўнікаў. — У нас толькі абрывачныя звесткі. Быццам бы за абразу Лукашэнкі ва ўнутраным чаце. Кажуць, хтосьці зліў іх перапіску».


Хацеў ваяваць на баку Украіны і зліваў дадзеныя пра калегаў: затрыманы былы сілавік

З’явілася «пакаяльнае» відэа з былым сілавіком. "Медыязона" паведамляе, што яго завуць Алег Гайдук.

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы «зліваў звесткі былых калег у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і пакідаў у такіх каналах абразлівыя каментары аб вышэйшых службовых асобах Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і хацеў паехаць ваяваць на баку Украіны».

У «пакаяльным» відэа Гайдук кажа, што прайшоў верыфікацыю ў плане «Перамога» і стэлефанаваўся з Аляксандрам Азаравым. Былы сілавік дадае, што падаў заяўку на рэгістрацыю ў бот «Воіны святла», каб паехаць ваяваць «на баку нацыянальных батальёнаў Украіны», і зліваў звесткі былых калег у «Чорную кнігу Беларусі».

Таксама стала вядома пра затрыманне ў Мінску Андрэя Бусела.


«Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву». У Віцебску зноў асудзілі ксяндза, але ён пакінуў Беларусь

Учора, 9 верасня, у судзе Першамайскага раёна Віцебска адбыўся суд над ксяндзом і пробашчам парафіі Святога Духа ў Віцебску Андрэем Вашчуком. Яго абвінавацілі ў размяшчэнні 21 лютага ў тг-чаце "Рэальная Беларусь" выявы са свастыкай у карыкатурнай форме. Пратакол паводле арт. 19.10 КаАП быў складзены на ксяндза, пакуль той знаходзіўся за кратамі па іншым адміністрацыйным пратаколе.

Суддзя Андрэй Андрушэнка зачытаў дадзеныя памежнага камітэту: «Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву 15 жніўня». Таму справу Вашчука разглядалі без яго ўдзелу. У выніку суд пакараў святара штрафам у памеры 320 рублёў.

Нагадаем, Вашчук быў затрыманы ГУБАЗіКам 15 ліпеня. Праз тры дні над ім адбыўся першы суд па арт. 24.23 КаАП, а 20 ліпеня — другі, але па арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі 30 сутак арышту. Пасля вызвалення ксёндз пакінуў Беларусь. Паведамляецца, што ў касцёле Святога Духа быў праведзены ператрус.


Дзвюх гарадзенак затрымалі за абразу супрацоўніц міліцыі

Адна з затрыманых прызналася, што абразіла супрацоўніцу міліцыі на эмоцыях і пазычыла сілавікам «самага добрага».

Другая гарадзенка таксама папрасіла прабачэння ў «супрацоўніцы міліцыі, якую абразіла ў сацсетках».


МУС абнавіла пералік асобаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці

Цяпер у ім 479 прозвішчаў, спіс папоўніўся наступнымі людзьмі:

Яўген Люльковіч, асуджаны да васьмі гадоў калоніі паводле ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Аляксандр Курганскі, асуджаны да 1,5 гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 130, арт. 369 Крымінальнага кодэкса. У чэрвені быў унесены таксама ў спіс «тэрарыстаў».

Аляксей Маеўскі, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130, арт. 364, арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Таксама ўнесены ў спіс тэрарыстаў.

Андрэй Кузнечык, асуджаны да шасці гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.

Дзяніс Граханаў, асуджаны да года і сямі месяцаў калоніі паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.


У Мінску затрыманы 32-гадовы Дзмітрый Стасевіч

У праўладных каналах яго называюць "актывістам аднаго з дваровых чатаў" і адзначаюць, што ён пачаў "спаміць" у іх "экстрэмісцкімі пастамі". Паводле супрацоўнікаў ГУБАЗ, дадзеныя мужчыны ім перадалі ягоныя суседзі. Верагодна, яму прад'яўленыя абвінавачанні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса: сілавікі кажуць, што знайшлі ў тэлефоне Дзмітрыя фотаздымкі, якія пацягнулі за сабой узбуджэнне крымінальнай справы за ўдзел у "масавых беспарадках у 2020 годзе". Сам Стасевіч прызнаецца ў відэа, што хадзіў на Маршы, а таксама быў падпісаны на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы.


У Карэліцкім раёне затрыманы Сяргей Дзямідовіч 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён затрыманы за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і абразы прадстаўнікоў улады, Лукашэнкі і здзек з дзяржсімвалаў. Верагодна, яму прад'явяць абвінавачанні паводле арт. 368, арт. 369 і арт. 370 Крымінальнага кодэкса. 


8 верасня

На праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна склалі тры пратаколы, а дома правялі ператрус 

Праваабаронца Уладзімір Целяпун

Стала вядома, што на арыштаванага на 10 сутак Уладзіміра Целяпуна за спасылку ў фэйсбуку на сайт «Палескай Вясны», агулам склалі тры адміністрацыйных пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Наступны суд адбудзецца 9 верасня.

Таксама сілавікі правялі ператрус у яго дома. Вядома, што шукалі тэхніку і матэрыялы па «справе Вясны».

Нагадаем, праваабаронцу затрымалі трэцяга верасня ў сябе дома ў Мазыры.


Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі на турэмны рэжым у Гродна

У аршанскай калоніі № 8 Дзмітрый Сушчык знаходзіўся з красавіка. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і пры гэтым рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар за «парушэнне парадку».

Цяпер стала вядома, што днямі ў Оршы адбыўся суд па ўзмацненню рэжыму палітвязню. Па рашэнні суддзі Дзмітрыя перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў гродзенскую турму № 1. Па прыбыцці туды яму адразу былі выпісаныя два парушэнні і яго зноў збіраюцца змясціць у ШІЗА.


Магілёўца затрымалі пасля вяртання з Латвіі 

labkou.jpg
Віктар Лабкоў

Магілёўскі ГУБАЗіК затрымаў за каментары і рэгістрацыю ў плане «Перамога» мясцовага жыхара Віктара Лабкова. Днямі мужчына вярнуўся з працы ў Латвіі.

Таксама праваабаронцам стала вядома пра затрыманне магілёўца Дзмітрыя Барадзінова.


У журналіста газеты «Вечаровы Бабруйск» Дзяніса Носава прайшоў ператрус

Прычыны пакуль невядомыя. Нагадаем, улады нядаўна заблакавалі сайт незалежнай газеты «Вечаровы Бабруйск» — некалькі дзён ён не адчыняецца ў Беларусі.


Знікла сувязь з палітзняволенай Аленай Гнаук

Алена Гнаук

Палітзняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаук 15 жніўня перавялі ў папраўчую калонію № 4. Па прыбыцці яна даслала родным ліст, але пасля гэтага вестачак ад яе больш не даходзіла. Родныя жанчыны мяркуюць, што або Алене блакуюць ліставанне, або яе змясцілі ў ШІЗА.


Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк зноў у штрафным ізалятары

Паліна Шарэнда-Панасюк

Пра гэта паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда:

«Толькі тры дні пратрымалася Паліна ў атрадзе пасля мінулых 20 содняў ШІЗА, як яе ізноў кінулі ў падвал. Гэта ўжо 50 содняў катаванняў за апошнія два з паловай месяцы, што Паліна знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча)».


На дыпламатку Эвеліну Шульц у РУУСе склалі пратакол

Часовую павераную ў справах ЕС у Беларусі, па яе словах, гвалтоўна затрымалі на выхадзе з будынка суда пасля гутаркі з беларусамі, якія прыйшлі падтрымаць праваабаронцу Марфу Рабкову і яшчэ 9 палітвязняў па гэтай справе. Падчас затрымання яна паказвала дыпламатычны пашпарт і не раз давала зразумець, што валодае недатыкальнасцю, распавяла Шульц. Але яе ўсё адно даставілі ў міліцыю. Там яна правяла каля двух гадзін.

Прыкладна ў 17:30 туды прыехаў прадстаўнік беларускага МЗС. Праз яго міліцыянт папрасіў перавесці пратакол і падпісаць яго. Падчас чытання пратаколу дыпламатку здымалі на камеру.

Нагадаем, да затрыманых у Фрунзенскі РУУС прыязджаў прапагандыст Рыгор Азаронак. Ён хадзіў з мікрафонам і настойліва патрабаваў ад затрыманых даць каментар. Найбольш «дасталася» Эвеліне Шульц — Азаронак «насядаў» на яе з пытаннямі больш за ўсіх.


Былога дырэктара па маркетынгу мінскай крамы «Снікерхэд» адправілі на «суткі»

7 верасня на праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманым дырэктарам крамы красовак «Снікерхэд» Сяргеем Калядой і былым дырэктарам па маркетынгу гэтай жа крамы Уладзімірам Стасевічам. Але, папярэдне, іх затрымалі яшчэ 5 верасня.

Па інфармацыі праваабаронцаў, 6 верасня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыўся суд над Стасевічам. Суддзя Таццяна Полулех прызнала Уладзіміра вінаватым па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і арыштавала яго на 13 сутак. Лёс Сяргея Каляды высвятляецца.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства