viasna on patreon

Эксперты ААН заклікаюць неадкладна вызваліць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў у Беларусі

2022 2022-10-11T12:52:48+0300 2022-10-11T13:00:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/unhrc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваннем вызваліць старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а таксама іншых зняволеных праваабаронцаў.

Жэнева, 10 кастрычніка 2022 года

Пасля сімвалічнага рашэння Нобелеўскага камітэта прысудзіць Нобелеўскую прэмію міру 2022 года Алесю Бяляцкаму за ягоную бясстрашную працу па абароне правоў чалавека ў Беларусі эксперты* ААН паўтараюць свой заклік да яго вызвалення.

У 1996 годзе Алесь Бяляцкі заснаваў беларускі Праваабарончы цэнтр "Вясна". У 2011 годзе Бяляцкага пасадзілі ў турму першы раз, а ў 2021-м яго зноў затрымалі без выстаўлення абвінавачванняў. За кратамі таксама застаюцца яшчэ некалькі калегаў Бяляцкага з "Вясны".

"У прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ёсць сур'ёзны прабел, і мы вітаем салідарнасць міжнароднай супольнасці і ўсе заснаваныя на міжнародным праве настойлівыя высілкі ў справе ўстанаўлення справядлівасці", — заявілі эксперты.

Эксперты ААН выказалі занепакоенасць з нагоды адвольнага ўтрымання Бяляцкага пад вартай з 14 ліпеня 2021 года, якое яны назвалі часткай існуючай палітыкі па задушэнні праваабарончай дзейнасці і зачыстцы грамадзянскай прасторы ў Беларусі.

Эксперты нагадалі беларускім уладам пра іх абавязальніцтвы па абароне правоў чалавека і заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх праваабаронцаў, затрыманых паводле палітычных матываў.

"Мы ўстурбаваныя працягам адвольнага затрымання Алеся Бяляцкага і новымі абвінавачваннямі, што прадугледжваюць пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі і высунутыя за законную праваабарончую дзейнасць", — падзяліліся эксперты.

У заяве адзначаецца, што "працяглыя турэмныя тэрміны, вынесеныя праваабаронцам, дэманструюць злоўжыванне сістэмай правасуддзя і беспакаранасць, з якой дзейнічаюць беларускія ўлады".


*Эксперты: Анаіс Марэн, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Мэры Лоўлар, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў; Ірэн Хан, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.

Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай так званых Спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйны орган незалежных экспертаў у сістэме ААН па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў Савета па вызначэнні фактаў і маніторынгу, якія займаюцца або канкрэтнымі сітуацыямі па краінах, або тэматычнымі пытаннямі ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць заробак за сваю працу. Яны незалежныя ад любога ураду ці арганізацыі і выступаюць у сваёй асабістай якасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства