Новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 3 сакавіка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сустаршыні расійскага "Мемарыяла", які хацеў прыляцець у Мінск на суд па справе "Вясны", забаранілі ўезд у Беларусь
Як паведаміла @polniypc, у 7:45 падчас пасадкі прадстаўнік «Аэрафлоту» заявіў Алегу Арлову, што рашэннем уладаў Беларусі яму забаронены ўезд у краіну. Аб гэтым ім нібыта паведамілі толькі калі ўжо ішла рэгістрацыя.
«Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведкаў. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра “Вясна”. За што? Выключна за іхную праваабарончую працу.
Таму не здзівіўся, калі пры пасадцы ў самалёт даведаўся, што мне забаронены ўезд у лукашэнкаўскую Беларусь. Спадзяюся прыехаць у паслялукашэнкаўскую Беларусь і абняць вясноўцаў на волі», — пракаментаваў сітуацыю Арлоў.
Жонку полацкага актывіста СПБ адправілі за краты на 15 сутак
Святлану Стукаву, жонку актывіста Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Віктара Стукава, затрымалі 27 лютага наўпрост на працы. Супраць яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы: за "несанкцыянаванае пікетаванне" паводле арт 24.23 КаАП і за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Але ў выніку судзілі толькі па арт. 19.11 КаАП.
Полацкая суддзя Яніна Марцулевіч прызнала Святлану вінаватай і асудзіла да 15 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стала падпіска жанчыны ў Фэйсбуку на "BySol". Суддзя палічыла, што падпіска захоўвалася ў мэтах распаўсюду звестак пра арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай.
Старонка Рыгора Астапені і "КХП-БНФ" — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Telegram-каналы і чаты «ГАИ Радошковичи и область», «РЭВАНШ»;
Старонка карыстальніка «Рыгор Астапеня» ва «Укантакце».
Суполкі ва «Укантакце» «Суполка ідэйных», «Цэнтр новых ідэй», «Свободны САЛІГОРСК», «РУХ "ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ"», «Мы Супраць саюзнай дзяржавы з Расеяй», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! (фільм) - Viva Belarus! (movie)», «МРБ», «КРЫВАКРЫЖ», «КХП-БНФ - Народная партыя»;
Instagram-старонка «Антифонд. Помощь политическим узникам в Беларуси. Дапамога палітзняволеным у Беларусі».
Youtube і Telegram-каналы «Жопа с усами»;
Выпускі 11-20 выдання «Протестная Беларусь»;
Старонкі ва «Укантакце» «Міхал Вітушка», «Міхал Вітушка: жыцьцё за Беларусь», «Правы Альянс»;
Суполка ў «Аднакласніках» «Экстрэмістская паказуха».
Сілавікі затрымалі Тыктокера Артура Ахмадзі, які здымаў відэа пра ПВК "Рэдан"
Пакаяльнае відэа з ім з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале.
Як паведаміла «Медыязона», хлопца арыштавалі на 10 сутак. Таксама яго абвінавачваюць у перадачы інфармацыі тэлеграм-каналу Nexta.
Праваабаронцам паведамляюць пра допыты на мяжы Беларусі з краінамі ЕС
Іх, з вялікай доляй верагоднасці, праводзяць супрацоўнікі КДБ. Людзям задаюць пытанні наконт мэты паездак у ЕС, калі апошні раз і з кім былі ва Украіне, за каго галасавалі на выбарах і за каго падпісваліся, а таксама ці хадзілі яны на пратэсты.
Акрамя таго, сілавікі глядзяць тэлефоны людзей і чытаюць іх перапіскі. Вядомыя выпадкі, калі людзей наўпрост на мяжы прымушалі выдаляць допісы ў падтрымку Украіны ў сацсетках.
На «размову» адпраўляюць амаль усіх, не залежна ад ўзросту і полу.
28 лютага ў Карэлічах затрымалі 38-гадовую Вікторыю Качан
Яе затрымалі нібы за паклёп у дачыненні да дзейнай улады. У жанчыны дома правялі вобшук, вынялі тэлефоны ў яе і яе дзяцей.
Жанчыну ўтрымліваюць у ізалятары. За адмову запісаць «пакаяльнае відэа» на яе аказваюць ціск: уначы ў камеры не выключаюць святло, будзяць і перашкаджаюць спаць, забіраюць матрас, днём не дазваляюць сядзець на ложку.
Вікторыя гадуе траіх дзяцей, малодшаму сыну чатыры гады.
Гомельскага актывіста Іллю Міронава арыштавалі на 13 сутак
Учора Ілля паспеў паведаміць у сваіх сацсетках, што яго затрымалі. Сёння стала вядома, што валанцёра абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша @viasnaHomel.
У лютым Міронава ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. Пасля выхаду з СІЗА і суду па «справе Зельцара» Міронава ўжо затрымлівалі і каралі суткамі.