Мужчына мусіць выплаціць 22 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды за каментары ў "Карніках Беларусі"
Стала вядома, што 15 лютага 2023 году ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінску агучаны прысуд 46-гадоваму Дзмітрыю Панкевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 (Абраза суддзі) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі".
Прысуд вынесла суддзя Вольга Няборская. Бок дзяржабвінавачання падтрымала старшая памочніца пракурору Кастрычніцкага раёну Ульяна Кахнюк. Вядома, што ў мужчыны ёсць трое непаўнагадовых дзяцей. Ён знаходзіўся пад вартай трое сутак: з 14 па 16 верасня 2022 году.
Паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу яго асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі, паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу — да трох гадоў абмежавання волі. Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова яму прызначаныя тры гады "хіміі".
Панкевіча прызналі вінаватым у тым, што з 25 лістапада 2020 году да чацвёртага красавіка 2021 году ён пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" у бок прадстаўнікоў улады. Следчыя знайшлі мінімум 15 такіх выказванняў, за якія мужчыну і судзілі.
Таксама Дзмітрый мусіць выплаціць пацярпелым 22 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Акрамя гэтага — 999 рублёў дзяржпошліны. Цягам месяцу Панкевіч мусіць выплаціць наступныя кампенсацыі:
- 1000 рублёў — міліцыянту з Магілёву Мікалаю Якімюку
- 2500 рублёў — начальніку аддзела аховы правапарадку з Пружанаў Паўлу Сандрыгайлу
- 2000 рублёў — намесніку начальніка кіравання ўнутранымі справамі Аляксею Шаховічу
- 2000 рублёў — участковага інспектара з Наваполацку Івану Галяковічу
- 1000 рублёў — старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі з Бабруйску Андрэю Комару
- 500 рублёў — снайперу вайсковай часткі 3214 Яўгену Жардзецкаму
- 5000 рублёў — начальніку кіравання Следчага камітэту па Мінску Сяргею Паско (іх ён мусіць пералічыць у дзіцячы дом)
- 3000 рублёў — суддзі Таццяне Шоцік (іх абвінавачаны мусіць пералічыць у Дом дзіцёнка)
- 5000 рублёў — суддзі Дзмітрыю Карсюку (іх абвінавачаны мусіць пералічыць у Цэнтр сацабслугоўвання).
Пакуль абвінавачаны не выплаціць кампенсацыі, на ягоную маёмасць — гараж, мабільны тэлефон, аўтамабіль — накладзены арышт.
Згодна з пазіцыяй абвінавачання, усе каментары былі публічнымі, утрымлівалі негатыўную ацэнку чыноўнікаў і разглядаліся судом як недапушчальныя, некарэктныя, зневажальныя. Сваімі дзеяннямі Панкевіч нібыта прывёў да "страты аўтарытэту супрацоўнікаў" у вачах людзей, "падарваў прэстыж дзейнасці ў дзяржаве, якую здзяйсняюць прадстаўнікі дзяржавы".
Дзмітрый Панкевіч прызнаў віну і пацвердзіў, што пісаў каментары са свайго тэлефону ў тэлеграм-каналах, у тым ліку, "дэструктыўнай накіраванасці". Ён патлумачыў гэта ўплывам інфармацыі, якую бачыў у гэтых каналах.