viasna on patreon

14 і 7,5 гадоў калоніі: стала вядома пра яшчэ адзін прысуд па "справе «Манкурты»"

2023 2023-04-04T16:36:57+0300 2023-04-04T16:41:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hralovich_atn.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 26 кастрычніка 2022 года вынеслі прысуд па "справе «Манкурты»" Вользе Саламенік і Уладзіміру Трыфонаву. Іх асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Праваабаронцам "Вясны" толькі цяпер стала вядома, што Вольгу асудзілі да сямі з паловай гады калоніі, а Уладзіміра — да 14 гадоў калоніі. Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а на самой крымінальнай справе — грыф сакрэтнасці. Але падрабязнасці затрымання асуджаных вядомыя з прапагандысцкага фільма "Аперацыя КДБ «Манкурты»", які АТН паказаў у 2021 годзе. Справу разглядала суддзя Валяціна Зенькевіч.

Аляксей Храловіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма АНТ
Аляксей Храловіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма АНТ

У 2021 годзе на тэлеканале АНТ паказалі фільм "Аперацыя КДБ «Манкурты»", у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча.Згодна з фільмам, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. Паводле АНТ, сілавікі затрымалі Вячаслава Сідаракіна, Юрыя Гаркача, Сяргея Старчанку, Уладзіміра Трыфанава і Вольгу Саламенік.

У фільме Вольга казала, што па просьбе Ігара Макара ёй трэба было "забраць нейкага чалавека і дакументы". Прапагандысты распавялі, што ёй сказалі "забраць архіў КДБ і пераправіць яго ў Польшчу". Сыходзячы з фільма, Вольга пасля затрымання супрацоўнічала з супрацоўнікамі КДБ і пад іх кантролем камуніквала з Макарам. Паводле фільма АНТ, Уладзімір Трыфанаў — праваднік праз беларуска-літоўскую мяжу, праз якую мусіў нелегальна перавесці Аляксея Храловіча.

Вольга Саламенік. Скрыншот з фільма АНТ
Вольга Саламенік. Скрыншот з фільма АНТ

Вядома, што Вольгу год утрымлівалі ў СІЗА КДБ, дзе яна трымала галадоўку. Потым яе перавялі ў СІЗА-1.

"Яна была зусім сівая. Яна доўга трымала галадоўку — яе нават кармілі праз вены на руках, таму яны ў яе былі надзьмуўшыя, як лясныя карчакі. У Вольгі быў вялікі бізнэс у Гродне, але яна ўсё прадала і хацела набыць кватэру ў Грэцыі і з'ехаць. Але ўсё гэта адбылося і яе схапілі. Дакументаў ніякіх на руках у яе не было, бо справа была пад грыфам сакрэтнасці — "СС". Ёй нічога не выдавалі на рукі наогул. З яе "падзельнікам" там вельмі дзіўная гісторыя", — распавяла праваабаронцам жанчына, якая сустракалася з ёй у зняволенні.

Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча ў Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча). 

24 лютага 2023 года Вольгу Саламенік і Уладзіміра Трыфонаву ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў". Вядома, што жанчыну этапавалі ў гомельскую калонію № 4, а ў якую калонію адправілі Уладзіміра — пакуль невядома.

Уладзімір Трыфонаў. Скрыншот з фільма АНТ
Уладзімір Трыфонаў. Скрыншот з фільма АНТ

Падтрымаць зняволеную: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Саламенік Вольга Іванаўна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства