viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных

2023 2023-05-04T13:38:26+0300 2023-05-04T16:54:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

4 траўня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

Андрэй Баранаў узяты пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму паводле арт. 290-1 КК за ахвяраванні пратэснай супольнасці;

Антон Огій асуджаны па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Уладзіслаў Папоў асуджаны па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК за перасылку фота- і відэаздымкаў вайсковай тэхнікі, вайсковаслужбоўцаў і вайсковага аэрадрома пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Вікторыя Гаўрыліна ўзятая пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні паводле арт. 361-2 КК, а таксама па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў паводле арт. 243 КК і незаконныя дзеянні ў дачыненні да асабістых дадзеных паводле арт. 203-1 КК; апошнія два абвінавачанні не звязаныя з нанясеннем па-сапраўднаму істотнай шкоды грамадскім адносінам; закон накладвае значныя абмежаванні на прымяненне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад стражу ў дачыненні да абвінавачаных па злачынствах, звязаных з ажыццяўленнем эканамічнай дзейнасці;

Арцём Лябедзька ўзяты пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК.

Мы прызнаем згаданых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітзняволеных Андрэя Баранава, Антона Огія, Уладзіслава Папова, Вікторыю Гаўрыліну, Арцёма Лябедзьку;
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства