viasna on patreon

У красавіку судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 43 чалавекі

2023 2023-05-05T10:36:14+0300 2023-05-05T10:41:59+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitryeu-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" ў красавіку фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян паводле палітычных матываў. Па наяўным дадзеным, агульная колькасць людзей, якія маглі быць рэпрэсаваны за мінулы месяц, складае прыблізна 123 чалавекі. Праваабаронцам вядома пра не менш за 43 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, з якіх 32 складаюць мужчыны, 11  жанчыны.

Андрэй Дзмітрыеў у судзе
Андрэй Дзмітрыеў у судзе

У дачыненні да аднаго чалавека пастаноўлены абвінаваўчы прысуд у парадку завочнага судаводства. У дачыненні да дзевяці фігурантаў справы TUT.BY крымінальны пераслед спынены ў сувязі з іх памілаваннем. У дачыненні да старшыні Саюза палякаў крымінальны пераслед спынены паводле падставы для рэабілітацыі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Крымінальны пераслед фігурантаў справы TUT.BY і Саюза палякаў цягнуўся з вясны 2021 года. Вярхоўны суд у апеляцыйным парадку змякчыў пакаранне адміністратару канала "За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!", асуджанаму за стварэнне экстрэмісцкага фармавання (альбо ўдзел у ім), з трох гадоў пазбаўлення волі на тры года абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.

У структуры пераследу грамадзян па дыфамацыйных складах злачынстваў назіраецца тэндэнцыя пераследу грамадзян пераважна пводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК). Сярод востра негатыўных тэндэнцый варта вылучыць асуджэнне раней рэпрэсаваных грамадзян за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) — за красавік тром палітзняволеным былі дабаўлены тэрміны паводле дадзенага артыкула. Пры гэтым колькасць спраў дадзенай катэгорыі, якія разглядаюцца судамі, у дачыненні да асуджаных без наяўнасці палітычных матываў не перавышае аднаго-двух выпадкаў па ўсёй рэспубліцы штомесячна. Праваабаронцы фіксуюць учашчэнне выпадкаў паўторнага і далейшага крымінальнага пераследу грамадзян, якія раней былі рэпрэсаваны па палітычных матывах.

Ва ўмовах фіксавання фактаў узмацнення жорсткасці пакарання грамадзянам, асуджаным па палітычных матывах да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем і абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсяго набору рэпрэсіўных мер інстытута крымінальнай адказнасці ў мэтах пагаршэння прававога становішча рэпрэсаваных.

Сумарна, па вядомых праваабаронцам фактах асуджэння, у красавіку суды вынеслі:

  • 89 гадоў 3 месяца пазбаўлення волі ў дачыненні да 28 чалавек;
  • 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да 2 чалавек;
  • 34 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія") у дачыненні да 13 чалавек;
  • 250 базавых велічынь на суму 9 250 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 2 чалавек, асуджаных на пазбаўленне волі і абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ.

Па вядомых праваабаронцам прысудах у сакавіку суды прымянялі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65,12% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды прымянялі ў 4,65% выпадкаў крымінальных рэпрэсій. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") прымянялася ў 30,23% выпадкаў асуджэння грамадзянаў.

Такім чынам, у красавіку пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі" і "хатняй хіміі" суды прымянялі ў 100% вядомых "Вясне" выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.

У сакавіку судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 62 чалавекі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства