Затрыманне праваабаронцы, кіраўніцы хору і хапун у Ваўкавыску: хроніка пераследу 6 чэрвеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Хапун у Ваўкавыску: забіралі работнікаў мясцовага мясакамбіната
Паводле крыніц @nashaniva, сілавікі 1 і 2 чэрвеня «адпрацоўвалі мясцовы мясакамбінат» — у пастарунку апынулася больш за 15 чалавек. Некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.
«У тэлефонах шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і палітычныя фота— і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на «суткі», невядома», — расказаў жыхар Ваўкавыска.
Усіх затрыманых медыкаў у Наваполацку звольнілі па артыкуле за прагулы
Пра гэта паведамляе @belhalat_by.
Нагадаем, 17 траўня адбылося масавае затрыманне медыкаў у Цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка — хірурга Міхаіл Пачкоўскага і уролага Паўла Стальмакова арыштавалі на 15 сутак, загадчыцу аддзялення гінекалогіі Ірыну Васільеву і фельчарку хуткай дапамогі Наталлю Первянёнак — на 10 сутак, а спецыялістку УГД Алу Стальмакову — аштрафавалі на 100 базавых (3700 рублёў).
Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі інфармацыі пра экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыку, які быў дастаўлены з калоніі ў бальніцу.
Кіраўніцу хору БДУ затрымалі за адмову выступіць на Данбасе
ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з кіраўніцай Народнай студэнцкай харавой капэлы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольгай Міцянковай. На ім яна распавядае, што адмовіла ў выступе на Данбасе, паслаўшы тых, хто яе запрашаў, «следам за рускім караблём», піша @zerkalo_io.
Мінінфарм заблакаваў сайт газеты "Вячэрні Брэст"
@mediazona_by патэлефанавала ў рэкламны аддзел «Вячэрняга Брэста» пад выглядам занепакоенага жыхара. Па тэлефоне журналісту паведамілі, што сайт часова недаступны і будзе працаваць пазней. На пытанне чаму сайт недаступны, супрацоўнік аддзела адказаў, што «яго адключыла Міністэрства інфармацыі».
Газета «Вячэрні Брэст» выходзіць з 1991 года, адным з заснавальнікаў выдання з'яўляецца Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў.
У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча
Па інфармацыі @MAYDAYMog, 3 чэрвеня, у суботу, на сваім працоўным месцы быў затрыманы грамадзянскі актывіст і праваабаронца Алег Мацкевіч. Прычыны затрымання не паведамляюцца. Верагодна, у дадзены момант Мацкевіч знаходзіцца ў ІЧУ — на волю пасля затрымання ён не выйшаў.
Cілавікі ўжо затрымлівалі Мацкевіча ў студзені 2022 года — тады ў яго дома прайшоў ператрус.