viasna on patreon

У Беларусі плануюць лячыць педафілаў з дапамогай хімічнай кастрацыі. Каментуе юрыст "Вясны"

2023 2023-06-19T17:50:26+0300 2023-06-19T17:50:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/heneralnaja-prakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У прэс-службе Генеральнай пракуратуры 19 чэрвеня паведамілі, што Савет Міністраў зацвердзіў план мерапрыемстваў па абароне дзяцей ад сэксуальнага гвалту і эксплуатацыі. У дадатак да пазбаўлення волі педафілаў плануюць прымусова лячыць. Міністэрства аховы здароўя распрацавала пратакол лячэння асоб з сэксуальнымі адхіленнямі — прымусовую хімічную кастрацыю. Спыталі ў юрыста "Вясны", ці парушае хімічная кастрацыя правы чалавека.

Хімічная кастрацыя — гэта ўвядзенне чалавеку гарманальных прэпаратаў, якія зніжаюць сэксуальную цягу.

"Хімічная кастрацыя людзей, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за педафілію, парушае правы чалавека ў частцы права на асабістую недатыкальнасць. Трэба разумець, што фактычна людзей, асуджаных па дадзенай катэгорыі спраў, пазбаўляюць права стаць біялагічным бацькам уласнага дзіцяці ў будучыні, а па сутнасці права на духоўны і маральны дабрабыт, на павагу чалавечай асобы і яе годнасці.

Па сутнасці правядзенне хімічнай кастрацыі ставіць на чалавеку крыж. Але ніхто не выключае судовай памылкі, катаванняў на стадыі следства з мэтай выбіць прызнальныя паказанні і наступнае прызнанне віны. Гэта пачварная форма пакарання для асуджаных, па сутнасці яе можна расцэньваць як жорсткае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць. Асаблівую занепакоенасць выклікае і той факт, што грамадству не прэзентаваліся вынікі медыцынскіх, біялагічных, крыміналагічных даследаванняў у гэтай галіне. Не было ніякай дыскусіі адносна дадзенага «новаўвядзення».

Гэтая рэзка радыкальная мера пазбаўляе асуджаных гуманных формаў і метадаў працы з імі. Зваротным бокам дадзенага пытання з'яўляецца неэфектыўнасць крымінальна-прававой і пенітэнцыярнай палітыкі дзяржавы. Барацьба з педафіліяй ляжыць у плоскасці індывідуальнай псіхалагічнай псіхіятрычнай працы з асобай, якая нясе адказнасць за педафілію. Я выступаю катэгарычна супраць гэтай меры, паколькі яна толькі павышае градус жорсткасці ў грамадстве".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства