viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2023

2023 2023-07-04T17:25:06+0300 2023-08-02T17:35:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_cherven_2023.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Коратка:

  • унутраная палітыка беларускіх уладаў характарызуецца поўнай адсутнасцю павагі да правоў чалавека і асноўных свабод;
  • на канец чэрвеня 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1496 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 71 чалавека;
  • асуджаныя да пазбаўлення волі сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі; сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыст, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясна" Марфа Рабкова; валанцёр Андрэй Чапюк; сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
  • праваабаронца Наста Лойка асуджаная да сямі гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачваннях;
  • працягваюцца адвольныя затрыманні за рэалізацыю людзьмі сваіх грамадзянскіх правоў: у чэрвені 2023 года "Вясне" стала вядома пра больш чым 560 выпадкаў затрыманняў, у тым ліку пра 409 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф; астатнія спагнанні невядомыя. Чвэрць затрыманых — жанчыны;
  • па-ранейшаму рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе.

Палітычныя вязні. Пераслед праваабаронцаў

На канец чэрвеня ў Беларусі налічваецца 1496 палітвязняў, сярод якіх 165 жанчын. Працягваюць знаходзіцца ў няволі дзевяць палітвязняў, якім споўнілася 18 гадоў пасля арышту. Акрамя таго, 858 палітвязняў ужо вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, змяненнем меры стрымання, амністыяй і памілаваннем. За месяц праваабарончай супольнасцю Беларусі прызнаныя палітвязнямі 71 чалавек.

Усяго "Вясне" вядома пра больш чым 3400 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах; у канцы лютага гэтага года Генеральны пракурор А. Швед паведаміў, што органамі пракуратуры з 2020 года падтрымана ў судах абвінавачванне амаль па 3000 "экстрэмісцкіх" спраў у дачыненні да 3645 чалавек, 62% якіх (каля 2250 чалавек) асуджаныя да пазбаўлення волі і абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

Па-ранейшаму няма звестак пра лёс вядомых палітыкаў. Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыку ўтрымліваюць у строгай ізаляцыі: ад іх не паступае карэспандэнцыі родным, няма звестак аб стане іх здароўя. Больш за 30 дзён у сваякоў палітвязня журналіста Дзяніса Івашына няма сувязі з ім. Аб парушэнні права на перапіску заяўляюць і іншыя палітвязні, іх родныя і блізкія. 24 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі, што ўлады Беларусі павінны неадкладна спыніць практыку жорсткага абыходжання з Марыяй Калеснікавай і ўсімі іншымі палітычнымі зняволенымі.

Палітвязняў адвольна неаднаразова караюць утрыманнем у штрафным ізалятары. Так, Уладзімір Гундар, чалавек з інваліднасцю, некалькі разоў быў змешчаны ў ШІЗА і лічыць, што гэта – падрыхтоўка да пераводу яго ў турму; анархіст Аляксандр Францкевіч бесперапынна ўтрымліваецца ў ШІЗА больш за тры месяцы.

Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі ў лісце да родных паведаміў, што адміністрацыя ПК № 3 амаль два месяцы ўтрымлівала яго ў ШІЗА, а з 3 траўня на тры месяцы змясціла ў ПКТ. За ўвесь час зняволення ён адбыў як мінімум 110 сутак у штрафным ізалятары. На 27 чэрвеня ў судзе Віцебскага раёна быў прызначаны разгляд справы аб пераводзе Дзмітрыя Дубоўскага ў папраўчую ўстанову іншага віду і змене ўмоў рэжыму.

21 чэрвеня ў Шклове прайшоў суд па замене Паўлу Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады.

Палітвязня Андрэя Герасімовіча пасля двух месяцаў у ШІЗА ў бабруйскай калоніі № 2 перавялі ў ПКТ, што азначае ўзмацненне жорсткасці рэжыму ўтрымання.

Больш за 700 дзён у зняволенні ўтрымліваюць праваабаронцаў "Вясны" Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. І больш за 1000 дзён у зняволенні правяла каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова. Сетка фонду Дамоў правоў чалавека правяла акцыю салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі ў Вільні, Літва.

Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, 3 чэрвеня ў г. Барысаве на працоўным месцы быў затрыманы грамадзянскі актывіст і праваабаронца Алег Мацкевіч. Прычыны затрымання не паведамляліся.

У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня вынесены прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойкі. Ёй прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) за падрыхтоўку дакладу "Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі" (2017 — жнівень 2018 года). У ім даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў МУС, у тым ліку — ГУБАЗіК. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя. Прысуд вынесла Алена Шылько, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вольга Дзіндзелевіч. Нацыянальныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай, у якой запатрабавалі неадкладнага вызвалення праваабаронцы.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Улады працягваюць палітычна матываваны пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

Суд Ленінскага раёна Мінска 8 чэрвеня вынес прысуд Таццяне Янкоўскай за ўдзел у акцыях пратэсту ў сталіцы ў жніўні і верасні 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава. Як сцвярджае абвінавачванне, Таццяна некалькі разоў разам з іншымі грамадзянамі брала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, "парушала грамадскі парадак", перакрывала рух транспарту на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў. Пры гэтым яна "дэманстравала пратэстны знак у выглядзе V, выкарыстоўвала ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру і плакат з пратэстным лозунгам". Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў.

Аксану Лакозу асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справа разглядалася 16 траўня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Прысуд вынесла суддзя Юльяна Шчэрба. Вядома, што жанчыне ставіўся ў віну ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

У судзе Добрушскага раёна асудзілі Галымжана Бакірава паводле ч.1 арт. 342 КК. Суддзя Святлана Лук'янава прызначыла яму адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у адным з тэлеграм-чатаў пакідаў паведамленні з заклікамі ўдзельнічаць у пратэстных акцыях, а таксама адпраўляў у чат "розныя навіны і інфармацыю дэструктыўнай накіраванасці". На судзе ён паведаміў, што сам двойчы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

У судзе Кастрычніцкага раёна г. Гродна 22 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе 24-гадовага медыка Артура Хлуса, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Справу першапачаткова разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, затым, пасля працяглага перапынку была прызначаная іншая суддзя — Маргарыта Ланцэвіч. Суд прызнаў Артура Хлуса вінаватым і пакараў пазбаўленнем волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Працягваецца пераслед грамадзян за збор і перадачу пратэстным інфармацыйным рэсурсам звестак аб асобах, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, падаўлення пратэстаў і рэпрэсій.

Так, у Мінскім абласным судзе да шасці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі Наталлю Лашч. Жанчыну абвінавацілі паводле арт. 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) за перадачу інфармацыі ў тэлеграм-канал "Чорная кніга Беларусі". Судзіў суддзя Анатоль Дабрадзей.

Па аналагічным абвінавачванні Брэсцкі абласны суд 2 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе супрацоўніка IT-кампаніі Паўла Петручэні. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько, дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш. Пакаранне для Паўла — шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У судзе Лідскага раёна па шэрагу пратэстных артыкулаў да 1,5 гадоў калоніі быў асуджаны палітвязень Сцяпан Якуць. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК), яго абразе (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Уладзімір Федаровіч.

У чэрвені стала вядома, што 26 траўня суд Ленінскага раёна г. Магілёва вынес прысуд Алегу Ягоранкаву. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ён у каментарах у адной з сацыяльных сетак пакінуў нецэнзурную характарыстыку з аднаго слова ў адрас Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк, якая прысудзіла Ягоранкава да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суд Маскоўскага раёна г. Брэста 1 чэрвеня разгледзеў крымінальную справу супраць 35-гадовага Паўла Янчука, які абвінавачвалі ў публічнай абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Іна Клышпач, абвінавачванне прадстаўляў памочнік пракурора Антон Глінскі. За адно слова ў каментары да публікацыі ў інтэрнэце мужчыну прызначанае пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У судзе Хоцімскага раёна асудзілі грамадзянку Расеі Аляксандру Хомчанку паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алеся Парфяненка прызначыла Аляксандры адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тое, што яна, убачыўшы ў сацсетцы "Аднакласнікі" абразлівую публікацыю пра Лукашэнку, падзялілася ёй на сваёй старонцы. Публікацыя ўтрымлівала выяву надмагільнай пліты з фатаграфіяй Лукашэнкі і негатыўны тэкст пад ім. Як паведаміла на судзе жанчына, тэкст пад публікацыяй здаўся ёй пацешным, таму яна паставіла пад ім адзнаку "клас" і пераслала такім чынам на сваю старонку.

Працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні з грубымі парушэннямі грамадзянскіх правоў.

Выкладчыка катэхізіса Мінскага Архікатэдральнага сабора Уладзіслава Беладзеда асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Справу за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" разглядалі ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Па звестках ініцыятывы "Хрысціянская візія", Беладзед у 2020 годзе ўдзельнічаў у сумесных малітвах аб спыненні гвалту, а пасля затрымання над ім здзекаваліся, "родныя на судзе звярнулі ўвагу на сляды збіцця". Акрамя таго, па паведамленні рэсурсу, "верніка прымусілі запісаць так званае "пакаяльнае" відэа, дзе ён выглядаў прыгнечана і пад відавочным прымусам заяўляў аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі".

Адміністрацыйны пераслед па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца для рэпрэсій па палітычных матывах. Праваабаронцы абагульнілі практыку затрыманняў і назвалі некаторыя прычыны прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. За чэрвень вядома пра больш чым 560 выпадкаў затрымання, у тым ліку пра 409 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты, 151 штраф; астатнія спагнанні невядомыя. Падставай для прыцягнення да адказнасці былі распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне. Паводле вядомых звестак, больш за ўсё затрыманняў адбылося ў Брэсцкай (76), Віцебскай (101), Гомельскай (81) абласцях і ў Мінску (126). У асноўным затрыманыя — людзі 19-40 гадоў, чвэрць затрыманых — жанчыны.

Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Працягваецца практыка пазбаўлення волі людзей, якія маюць дачыненне да дзейнасці ініцыятыў і арганізацый, прызнаных адвольнымі рашэннямі МУС і КДБ экстрэмісцкімі фармаваннямі.

У Мінскім гарадскім судзе 26 чэрвеня асудзілі Кірыла Клімава паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Суддзя Любоў Сімахіна прызначыла Кірылу чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за шэсць данатаў па дзесяць даляраў кожны ў перыяд з чэрвеня 2020 да траўня 2021 года праз аплатную сістэму "Facebook fundraising" у ініцыятывы "By_help", "BYSOL","Сумленныя людзі". У судовым пасяджэнні абвінавачаны не прызнаў віну: ён не адмаўляў перавод сродкаў, але растлумачыў, што ахвяраваў на дапамогу рэпрэсаваным.

Паводле падобнага абвінавачвання ў Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня быў вынесены прысуд палітвязню Мікалаю Васілевічу. Яго абвінавацілі ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2) і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (арт.361-1) Крымінальнага кодэксу. Суддзя Алена Шылько асудзіла Васілевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі і штрафу.

Падставы для пераследу ў крымінальным парадку за сувязь з экстрэмісцкімі фармаваннямі закладваюцца ў працэсе адвольнага прызнання аб'яднанняў, ініцыятыў, СМІ і іншых супольнасцяў экстрэмісцкімі Міністэрствам унутраных спраў і КДБ. Так у чэрвені былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі Рада БНР, сайт Zerkalo.io і звязаныя з ім рэсурсы, а таксама "SYMPA" і "РУХ". Усяго ў спісе ўтрымліваецца 137 пазіцый.

У спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, куды ўносяць імёны асуджаных за пратэстную дзейнасць, у чэрвені былі дададзеныя 124 чалавекі. Пасля гэтага ў спісе налічваецца 2992 імя.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

На канец чэрвеня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваецца 34 журналісты і супрацоўнікі СМІ. Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае адсочваць пераслед незалежных медыя, журналістаў і блогераў.

Мінскі гарадскі суд 30 чэрвеня завяршыў разгляд крымінальнай справы палітзняволенага журналіста Паўла Падабеда, абвінавачанага па ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні). За супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат" журналіст быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Светлагорску было затрымана восем супрацоўнікаў мясцовага тэлеканала "Ранак". Паводле інфармацыі, якая паступіла, работнікаў медыя затрымалі за падпіску на суполку "Светлік. Светлагорск" у "Аднакласніках", а сапраўднай прычынай мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у выніку якога загінула тры чалавекі. У ІЧУ да судоў заставалася сем супрацоўнікаў. Пазней затрыманым былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты і штрафы.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання

Права не падвяргацца катаванням і іншым жорсткім, бесчалавечным або прыніжаючым годнасць відам абыходжання сістэматычна парушаецца пры затрыманні, адбыцці адміністрацыйнага арышту, утрыманні пад вартай, у месцах абмежавання або пазбаўлення волі. Пра катаванні, іншыя віды забароненага абыходжання распавядаюць зняволеныя, якія вызваліліся.

З 19 па 26 чэрвеня па ініцыятыве Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі сумесна з "Прававой ініцыятывай", Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, ініцыятывай Dissidentby, "Свабодным тэатрам", Музеем вольнай Беларусі, НАУ і іншымі ініцыятывамі былі праведзеныя мерапрыемствы Тыдня супраць катаванняў-2023. Мерапрыемствы прайшлі ў самых розных фарматах — спектаклі, перформансы, квізы, кінапрагляды, лекцыі ды прэзентацыі.

Пераслед адвакатаў

16 чэрвеня Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў, па выніку якой прынята рашэнне аб немагчымасці выканання адвакатамі Аляксандрам Бірылавым і Паўлам Міронавым сваіх прафесійных абавязкаў "з прычыны недастатковай кваліфікацыі". Аляксандр Бірылаў — вядомы гродзенскі адвакат, які мае шматгадовую бездакорную практыку. Ён абараняў фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў, у тым ліку Паўла Мажэйку, Валерыя Леванеўскага, Андрэя Пачобута.

Таксама кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да трох адвакатаў: Уладзіміра Савельева і Вікторыі Пішчалавай (у сувязі з выключэннем з калегіі адвакатаў), а таксама Ірыны Федаровіч (за здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства