viasna on patreon

Як у Беларусі магчыма стаць суддзёй Вярхоўнага суда і што тут не так

2023 2023-08-08T15:30:20+0300 2023-09-04T20:41:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viarhouny-sud-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

31 ліпеня 2023 Лукашэнка падпісаў указ "Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў", згодна з якім суддзямі Вярхоўнага Суда прызначаныя Алена Рудніцкая, Максім Філатаў і Руслан Царук. Усе яны выносілі палітычна-матываваныя прысуды. Напрыклад, Максім Філатаў з Гродзенскага абласнога суда  асудзіў Вітольда Ашурка, а таксама "групу" Мікалая Аўтуховіча, Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч.

Юрысты "Вясны" растлумачылі, што не так увогуле прызначэннях у Вярхоўны суд і якія праблемы тут паўстаюць.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Што такое Вярхоўны суд і чым ён займаецца?

Згодна з Кодэксам "Аб судавытворчасці і статусе суддзяў", Вярхоўны суд —  гэта вышэйшы судовы орган, які кіруе ўсёй судовай сістэмай агульнай юрысдзікцыі (спрэчкі паміж людзьмі, людзьмі і арганізацыямі, людзьмі і органамі ўлады).

Да абавязкаў суддзяў Вярхоўнага суда адносяцца:

  • разгляд апеляцый і вынясенне рашэнняў, якія не падлягаюць далейшаму абскарджванню на нацыянальным узроўні, то бок з'яўляюцца канчатковымі;
  • вывучэнне і абагульненне судовай практыкі і вынясенне рэкамендацый суддзям пры ажыццяўленні правасуддзя;
  • вырашэнне пытанняў, якія вынікаюць з міжнародных дагавораў. Менавіта Вярхоўны суд упаўнаважаны даваць рэкамендацыі судам па выкананні міжнародных дамоў, сярод якіх і абавязковы для Беларусі Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, але які паўсюдна парушаецца беларускімі суддзямі
  • ажыццяўленне нагляду за судовай сістэмай Беларусі агульнай юрысдыкцыі.

Хто і як можа стаць суддзёй Вярхоўнага суда ў Беларусі?

Адзіны крытэр для суддзі Вярхоўнага суда: стаж працы суддзёй не менш за 5 гадоў.

Па заканадаўстве такіх суддзяў назначае прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі і па прадстаўленні Старшыні Вярхоўнага суда (які таксама назначаецца прэзідэнтам). То бок, шэраг ключавых працэсаў фактычна вырашаецца прэзідэнтам: назначэнне суддзяў, старшыні, намеснікаў старшыні, вызначэнне колькасці суддзяў, стварэнне новых калегій і г.д.

Акрамя кантролю судовай улады выканаўчай, значнай праблемай з'яўляецца адсутнасць кантрактаў у суддзяў і фіксаванага тэрміну паўнамоцтваў. Па заканадаўстве, суддзя назначаецца на вызначаны тэрмін, але гэты тэрмін не зафіксаваны, напрыклад, кантрактам, і можа быць у любы момант прыпынены. Максім Філатаў, які прабыў на пасадзе старшыні Гродзенскага абласнога суда менш за паўтары гады (хаця быў назначаны на 5 год) — толькі адзін з прыкладаў.

Адсутнасць гарантыі фіксаванага тэрміну у сукупнасці з практыкай назначэння выканаўчай уладай робіць працу суддзяў натуральным чынам ўразлівай перад ціскам або несправядлівымі звальненнямі.  Мы назіраем як гэта негатыўна адбіваецца на іх незалежнасці і здольнасці свабодна прымаць справядлівыя судовыя рашэнні, як у сістэме застаюцца толькі лаяльныя прэзідэнту людзі і якая ў іх ёсць матывацыя выносіць толькі патрэбныя прэзідэнту рашэнні. Больш за тое, пры такім раскладзе ў суддзяў ёсць магчымасць хутка рухацца па кар'ернай лесвіцы ўверх або ўніз па указе прэзідэнта.

На практыку празначэння суддзяў прэзідэнтам звяртала ўвагу спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын яшчэ ў сваім другім тэматычным дакладзе па Беларусі ад 17 ліпеня 2020 г.:

"Спецыяльны дакладчык занепакоены тым, што прэзідэнт можа вызваліць ад пасады любога суддзю без захавання справядлівай працэдуры і незалежнага перагляду такога рашэння. Гэта фактычна не дазваляе суддзям ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць незалежна і без якога-небудзь умяшання".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства