viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні дзесяці палітычных зняволеных

2023 2023-09-08T16:32:05+0300 2024-07-18T16:30:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ekstremisty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

8 верасня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для заглушэння грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, што крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая імі праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:

Дзмітрый Макееў асуджаны паводле ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях), ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за ахвяраванні тэлеканалу "Белсат", Фонду салідарнасці BYSOL, а таксама "Палку Каліноўскага", перадачу службовых дакументаў і фота расійскай вайсковай тэхнікі ў пратэсныя тэлеграм-каналы, прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі да шасці гадоў папраўчай калоніі і штрафу сумай 500 базавых адзінак (18 500 рублёў);

Антон Хадкевіч паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на А. Лукашэнку) да трох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Дзмітрый Гудзееў утрымліваецца пад вартай па ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі) і ч. 3 арт. 361 КК (удзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання)

Арцём Караткевіч утрымліваецца пад вартай па арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у яго дзейнасці);

Валянцін Штэрмер утрымліваецца пад вартай паводле арт. 130 (распальванне нацыянальнай варожасці), арт. 361-1, ч. 1 арт. 368 КК (абраза А. Лукашэнкі) за каментары ў сетцы інтэрнэт, у тым ліку з крытыкай вайсковага ўварвання ва Украіну;

Антон Шыбут утрымліваецца пад вартай паводле ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 368, арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) за выказванні ў сетцы інтэрнэт;

Руслан Рабкавец утрымліваецца пад вартай паводле арт. 361-4 КК за перадачу звестак (відэа расейскай вайсковай тэхнікі) пратэснаму тэлеграм-каналу.
Таксама мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем спыніць пераслед законных формаў выказвання меркаванняў і яшчэ раз пацвярджаем нашы неаднаразова выказаныя патрабаванні аб дэкрыміналізацыі ўсіх дапушчальных з пункту гледжання міжнародных абавязальніцтваў Беларусі формаў выказвання меркаванняў (сумесная заява ад 22 снежня 2020 г.). У сувязі з гэтым мы лічым недапушчальным утрыманне пад вартай Вольгі Брыцікавай, Аляксандра Кухаронка і Аляксандра Балонкіна, абвінавачаных па арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Макеева, Антона Хадкевіча, Дзмітрыя Гудзеева, Арцёма Караткевіча, Валянціна Штэрмера, Антона Шыбута, Руслана Рабкаўца, Вольгу Брыцікаву, Аляксандра Кухарэнку і Аляксандра Балонкіна, неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства