viasna on patreon

"Падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум". У Швейцарыі пачалі судзіць экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі Дапоўнена

2023 2023-09-19T16:34:00+0300 2023-09-19T19:42:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/garau-ski-1-645x432.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Гараўскі. Ён сцвярджае, што забіваў апазіцыянераў па загадзе зверху. Фота DW

Юрый Гараўскі. Ён сцвярджае, што забіваў апазіцыянераў па загадзе зверху. Фота DW

У Швейцарыі 19 верасня пачалі судзіць экс-байца беларускага САХРа Юрыя Гараўскага, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў. Працэс пачаўся ў судзе кантона Санкт-Гален. Гараўскага судзяць у межах універсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Пракурор запрасіў для яго тры гады пазбаўлення волі. Пры гэтым у зняволенні экс-спецназавец павінен правесці ўсяго год, астатнія два — на волі з выпрабавальным тэрмінам у чатыры гады. Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Нагадаем, у 2019 годзе Юры Гараўскі, атрымаўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся нямецкаму выданню DW у датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў.

На судзе прысутнічаюць FIDH, TRIAL International, а таксама праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. Яны сфатаграфаваліся з плакатамі #JusticeForBelarus перад залай суда ў Санкт-Галене, за некалькі хвілін да пачатку суда над былым спецназаўцам, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі. 

Праваабаронцы перад судовым пасяджэннем па справе Юрыя Гараўскага
Праваабаронцы перад судовым пасяджэннем па справе Юрыя Гараўскага

Як піша "Новы час", Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда няможна.

"Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна", — перадае карэспандэнтка "Новага часу" з залі суда. 

Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.

Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.

— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.

— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.

— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтай інфармацыі.

Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:

— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, вядома, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і з ім "будет проводиться беседа", і не ведаў, куды яго вязуць.

Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram
Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram

Суддзя спытаў: 

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

Гараўскі пасля паўзы:

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?

— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

Далей Гараўскі распавёў:

"Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так. Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне. Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў. Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегомля. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падыйшоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён. Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бегомль. У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падыйшоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў. Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцельку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы".

Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі "эскадрона смерці" пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.

"Бо ён доўга гарыць", — дадаў Паўлічэнка.

Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік "кепскага перакладу".

На пытанні суддзі Гараўскі адказвае вельмі раздражнёна.

Суддзя ўдакладняе ў Гараўскага пра плямы крыві, што былі выяўлены на месцы гвалтоўнага выкрадання Ганчара і Красоўскага, пытаецца, што гэта за плямы.

Гараўскі кажа, што гэта плямы крыві Ганчара, падкрэслівае, што спецыяльна разбіў пераносіцу Ганчару, каб на месцы засталіся плямы крыві, каб пачалося расследаванне, «бо я ўжо тады асэнсоўваў, што гэта злачынства».

Суддзя кажа, што "гэта вельмі жорстка". "Вы ўсё правільна сказалі, — адказвае Гараўскі. — Але ў шмат якіх краінах пры затрыманні чалавека кладуць на зямлю, каб апрануць яму кайданкі".

Прысутныя ў залі на гэтую рэпліку Гараўскага адрэагавалі з абурэннем.

Юры Гараўскі абвінаваціў Паўлічэнку ў спробе яго, Гараўскага, забойства ў 2008 годзе. Пры гэтым судзя згадаў яго іншыя словы.

— Вы сказалі Дойчэ Вэле, што Паўлічэнка забяспечваў вас медыкаментамі, калі вы знаходзіліся ў шпіталі пасля аварыі, гэта праўда? — запытваецца суддзя.

Гараўскі адказвае неахвотна, абмінаючы прамога адказу. Урэшце вымаўляе: "У яго было сваё жыццё, у мяне сваё".

Пры гэтым Гараўскі даволі гучна прамовіў:

— У мяне ў Беларусі засталіся дакументы аб удзеле Паўлічэнкі, Лукашэнкі, Сівакова і Шэймана ў злачынствах супраць Беларусі.

Суддзя ўдакладняе:

— Дзе знаходзяцца гэтыя дакументы?

— У Беларусі. Я не змог іх вывезці, — адказвае Гараўскі.

Суддзя заптыла ў Гараўскага пра яго крымінальнае мінулае, ці праўда, што ён быў асуджаны за вымагальніцтвы і выйшаў датэрмінова за "добрыя паводзіны". Гараўскі ківае галавой.

— Ці азначае гэта, што вы не нейкі агент САХР, а звычайны крымінальнік? — удакладняе суддзя.

— У мяне няма адказу, — гаворыць Гараўскі.

— DW з мяне зрабіла кілера, — працягвае Гараўскі. — Дзякуй. Я нікога не забіваў. Іншыя людзі забівалі, чаму я мушу несці за гэта адказнасць? — вельмі эмацыйна прамаўляе Гараўскі.

— Я хачу данесці да ўсіх, што ў Беларусі страшная дыктатура, якая забівае людзей, — зазначыў ён і дадаў, што Паўлічэнка ў свой час быў вызвалены асабіста дыктатарам Лукашэнкам.

Гараўскі заявіў:

— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэнні.

За спінай Гараўскага ў судовай залі сядзіць дачка Юрыя Захаранкі — Алена. Але, зачытваючы з паперы гэтыя словы прабачэння, Гараўскі працягваў сядзець да яе спінай і нават не павярнуўся.

Гараўскі вельмі часта ўступае з суддзёй у спрэчкі  часта выкарыстоўвае выраз «гэта быў няправільны пераклад».

— Якое пакаранне вы для сябе бачыце? — пытаецца суддзя

Гараўскі адказвае, што не можа дыктаваць суду. «Вы ведаеце законы Швейцарыі і вам вырашаць», — сказаў Гараўскі

— Міграцыйная служба не паверыла вашай гісторыі. Вам адмовілі ў прытулку. Што вы цяпер збіраецеся рабіць? — удакладняе суддзя.

— Я не ведаю, у наступным годзе сканчаецца тэрмін пашпарту і дыктатар Лукашэнка забараніў працягваць пашпарт за мяжой, — распавядае Гараўскі.

Суддзя запытваецца, хто можа пацвердзіць, што Гараўскі не знаходзіцца на службе ў органах разведкі.

— Не ведаю, хто гэта можа пацвердзіць, — кажа падсудны. — Але каля я застануся ў Швейцарыі, я буду працаваць, плаціць падаткі і быць законапаслухмяным грамадзянінам.

Калі пачаўся допыт Гараўскага пракурорам, той адразу перайшоў да супярэчнасцяў у ранейшых паказаннях экс-байца САХР і яго сённяшніх судовых паказаннях, адзначае "Новы Час".

— Вы самі раней сказалі, што дасталі з машыны пісталет і далі Паўлічэнку?

— Паўлічэнка дастаў пісталет з машыны і я гэта бачыў, — з раздражненнем адрэзаў Гараўскі.

Пракурор настойвае на тым, што падсудны раней тры разы казаў аб тым, што сам браў пісталет і перадаваў Паўлічэнку.

Гараўскі выходзіць з раўнавагі і вельмі гучна вымаўляе: "Былі няправільна сфармуляваныя пытанні. Калі ласка, правільна фармулюйце свае пытанні".

І працягвае настойваць на тым, што растрэльны пісталет Паўлічэнку не даваў.

На судзе выступіў прадстаўнік міграцыйнай службы. Гараўскі не захацеў адказваць на яго пытанні. Міграцыйны чыноўнік растлумачыў падсуднаму, што міграцыйная служба — гэта не суд, і калі ў судзе ён можа адмовіцца ад дачы паказанняў, то з міграцыйнай службай Гараўскі мусіць супрацоўнічаць.

— Якія ў вас цяпер дакументы, на якіх правах вы знаходзіцеся ў Швейцарыі? — пытаецца прадстаўнік міграцыйнай службы.

— А якая розніца, гэта не мае дачынення да справы. Я знаходжуся ў Швейцарыі на законных падставах, — адказвае Гараўскі.

— За час пасяджэння вы некалькі разоў адключалі мікрафон. Навошта вы гэта рабілі? — пытаецца прадстаўнік міграцыйнай службы.

Гараўскі губляецца і перапытвае: "А я хіба яго выключаў? Гэта было выпадкова, прабачце".

Міграцыйны супрацоўнік дадае: "Гэта было заўсёды, калі гутарка заходзіла пра Смірнова..."

Гараўскі выходзіць з сябе і кажа: "Я не буду адказваць на гэтае пытанне".

Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram
Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад пільнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram

На працэсе выступіў пракурор. Ён заявіў, што на судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданні апазіцыйных беларускіх палітыкаў і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна. Пры гэтым, на думку пракурора, Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь. Нагадаем, Швейцарыя адмовіла яму ў прытулку.

За пракурорам выступае прадстаўнік сем'яў зніклых. Гараўскі зноў уздымаецца з крэсла, моршчыцца ад болю, слухае прадстаўніка стоячы. Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў у сваёй прамове падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы віноаватасці Гараўскага, і лічыць, што Гараўскі мусіць выплаціць сваякам забітых 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі.

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства