Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны "Залатымі лаўрамі"
У Палацы Прымаса (Pałac Prymasowski) у Варшаве 19 верасня адбылося ўручэнне прэміі “Złoty Laur – 2023” (Залатыя лаўры), якая прысвойваюцца асобам, установам і кампаніям за іх выдатную грамадскую і сацыяльна-культурную дзейнасць. Прэмія мае 9 розных намінацый у самых розных галінах.
Сёлетнім лаўрэатам ў намінацыі “Асоба года” стаў Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які быў засуджаны рэжымам Лукашэнкі да 10 гадоў турмы.
"Арганізатары адзначылі, што прэмія ўручаная Алесю Бяляцкаму "за непахісную і бескампрамісную барацьбу за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі, а таксама за шматгадовыя намаганні па пабудове грамадзянскай супольнасці з правам крытыкі ўладаў, магчымасцю пратэставаць і выказваць сваё меркаванне", – піша Беларускае Радыё Рацыя.
Па запрашэнні арганізатараў прэстыжнай прэміі ў цырымоніі ўзялі удзел праваабаронца "Вясны" Алена Лапцёнак і намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Узнагароду для Алеся Бяляцкага атрымала праваабаронца Алена Лапцёнак, а Павел Латушка выступіў на ўрачыстай цырымоніі.
З Нью-Ёрка віншавала лаўрэатаў прэміі Святлана Ціханоўская, беларуская палітычная актывістка і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.
Прэмія “Złoty Laur" прысуджаецца ўжо дзесяць гадоў за дзейнасць, якая прыносіць асаблівую карысць польскай эканоміцы, а таксама за сацыяльна-культурную дзейнасць устаноў, кампаній і фізічных асоб, якія актыўна спрыяюць развіццю і ўзбагачэнню культуры, культываванню традыцый і папулярызацыі важных грамадскіх мэтаў і паляпшэння ўмоў грамадскага жыцця. У прыватнасці, улічваецца бесперапынны і сістэматычны характар гэтых мерапрыемстваў і іх канкрэтныя праявы і вынікі.